Аднак ён сапраўды хацеў немагчымага, і вялікая памаранчавая поўня, што паднялася над вінаграднікам, асвятліла не толькі лозы з важкімі цёмнымі гронямі — у яе святле ён убачыў і марнасць свайго наіўнага парывання.
Там, за ўзвышшам, ляжаў Вечны горад, над якім, быццам на карціне Босха, быў узняты вялізны бязлітасны нож. Там вырываліся з грудзей перадсмяротныя стогны і па начных вуліцах, палохаючы гайні здзічэлых сабак, ішлі з завязанымі да вачэй тварамі манахі, што збіралі мерцвякоў і пакідалі на дзвярах новых і новых дамоў вялікую літару «Р», першую літару жудаснага слова «pestis» — «чума». Там ліхаманкава падрахоўвалі свае прыбыткі трунары, і той з іх, каго абміне пошасць, мог трапіць у лік самых багатых рымлян. Горад, што мусіў быць узорам пабожнасці, быў пакінуты свецкімі і духоўнымі саноўнікамі на вырак лёсу, і цяпер там заадно з чумою панавалі бязвер’е і ўсе чалавечыя заганы.
Няхай Бог карае грэшнікаў, думаў Гусоўскі, але за што пакутуюць немаўляты, якія не ўмеюць саграшыць нават у думках? За што прыняў смерць двухгадовы мурза, што любіў гуляць са старым рахманым катом у яго пад вокнамі? Ці справядлівы твой вырак, Божа? Чаму ты гасіш кволыя свечкі дзіцячых жыццяў і абыходзіш сваім гневам блюзнераў? Чаму не адбіраеш мовы ў ілжэ-прарокаў, якія на кожнай плошчы праклінаюць Хрыста і Дзеву Марыю і просяць літасці ў Магамета і ў самога Люцыпара? Чаму не шлеш кары тым, хто абражае ў храмах святыя мошчы і заклікае прыносіць ахвяры паганскім божышчам? Што ў гэтым: твая міласэрнасць ці тваё бяссілле?
Душа білася ў нераце сумневу, і таму капліца ля дзікай масліны наперадзе здалася Гусоўскаму дарункам самога неба. Нішу з фрэскаю асвятляла дрыготкае цяпельца каганца. Яно адбірала ў цемры даверліва-прастадушную ўсмешку Мадонны і дзіцячую галоўку на яе руках.
Ён апусціўся на калені і пачаў маліцца. Ён прасіў, каб Усявышні злітаваўся над Франчэскаю, след якой ён згубіў у гэтае праклятае лета, злітаваўся над Эразмам і бакалаўрам Васілём з Нясвіжа, злітаваўся над ім самім. Што будзе з «Песняй...»? За яе тысячу радкоў ён можа заплаціць любую цану. Дзень жыцця за кожны радок? Тыдзень? Ён гатовы. Ён узгадаў памерлага ад чумы Вісліцкага; ён згодны на такі самы лёс, няхай толькі і яму, Гусоўскаму, будзе дазволена ўбачыць перад смерцю кнігу са сваёй паэмаю. Гэтая кніга, адзінае яго дзіця, будзе ўкрай поўная болем. Можа, яна апраўдае ягоныя пакуты на зямлі...
З утрапення Гусоўскага вывелі нечыя крокі. На сцежцы, абапершыся на стаўбур масліны, стаяла маладая жанчына ў жоўтай сукні. Сустрэўшы чужы позірк, жанчына не апусціла вачэй, а лянівым рухам паправіла цяжкія чорныя валасы і юрліва ўсміхнулася. Яе высокім грудзям было цесна пад шнуроўкаю, яны нібыта прасіліся на волю, як прасілася на волю з цеснае сукні ўсё яе налітае жыццём пышнае цела.
— Каго ты шукаеш тут гэтай парою? — запытаўся Гусоўскі, падымаючыся з каленяў.
— Ты гаворыш, як чужаземец,— сказала яна глухаватым грудным голасам.— Але цяпер усе роўныя. Бедныя і багатыя, разумныя і дурні, свае і прыблуды — усе адным мірам мазаныя. Ты мне спадабаўся, чужаземец. Я хачу, каб у гэтую ноч ты быў са мной.
Жанчына падышла так блізка, што ён чуў яе дыханне.
— Не бойся, я не хворая. А калі б і хворая, усё адно скора ўсе апруцянеем.
Бессаромна ўсміхаючыся, яна павольна агаліла белую, як сыр, прыгожую нагу і вільнула клубамі.
— Табе трэба маліцца,— намагаючыся патушыць агонь, якім насуперак волі загарэлася кроў, прамовіў Гусоўскі.
Вусны жанчыны прыадкрыліся ў хіжай усмешцы. Яна зрабіла да Гусоўскага апошні крок і, выгнуўшыся ўсім станам, абняла яго. Ён адчуваў, як яе пацалункі абязвольваюць яго, перамагаюць розум. Жанчына нешта шаптала і цягнула яго за сабою на дол. Ён падаў у гарачае чорнае прадонне, і ўсё-ткі нешта ў ім супраціўлялася і не дазваляла скарыцца яе грубым бесцырымонным ласкам. Ён баяўся не хваробы, а чагосьці, мажліва, яшчэ страшнейшага, баяўся ператварыцца ў такога, як яна, як іншыя, тыя, для каго заўтрашняга дня ўжо няма. Ён не хацеў гэтага, бо гэта было горш за смерць, і ягоная нязгода паднялася з дна душы і дала сілы вырвацца з чэпкіх абдымкаў.