На скрыжаванні каля палаца дэла Канчалерыя дарогу Гусоўскаму заступіў чалавек у адзенні пахолка.
— Сіньёра хоча бачыць яго даўні знаёмы.
— Я спяшаюся,— нецярпліва адказаў паэт. Перажыўшы бяссонную ноч, якую ўяўленне засяліла самымі змрочнымі вобразамі і малюнкамі, ён зноў кіраваўся да мецэната.
Гусоўскі хацеў абагнаць незнаёмца, ды той не адставаў.
— Тут блізка, і мой гаспадар не затрымае сіньёра надоўга. Я шукаю сіньёра ўжо другі дзень.
Можа, гэтыя пошукі нейкім чынам павязаныя з ягоным сённяшнім клопатам?
Аднак Гусоўскі памыліўся.
Слуга правёў яго праз пыльныя пакоі пакінутага дома, і з сонечнай анфілады паэт трапіў у сутонне за цяжкімі разьблёнымі дзвярыма. З-за стала, што мясціўся пасярод прыцемнага пакоя, падняўся гнуткі чорнабароды чалавек у вішнёвай аксамітавай камізэльцы з багатым гафтам, і Гусоўскі пазнаў свайго даўняга зласліўца Строццы.
Пахолак знік, і Гусоўскі агледзеўся. Вокны пакоя былі схаваныя за цяжкімі запавесамі. На стале гарэлі тры свечкі, побач з пёрамі стаяў зялёны келіх з цёмным віном.
— Я маю копію вашай новай паэмы,— без уступу паведаміў Строццы.— Я прачытаў яе.
— Вялікі гонар,— заўважыў Гусоўскі.— Здаецца, раней сіньёр паэт не губляў часу на чытанне маіх вершаў.
Яны па-ранейшаму стаялі адзін супроць другога. Тонкі стан гаспадара быў сцягнуты паскам, на якім вісеў корд.
— Сіньёр Вітэліус рэкамендаваў вас як славутага паляўнічага, які аднойчы нават выратаваў саму каралеву,— пусціўшы кпіну міма вушэй, сваім заўсёдным ментарскім тонам казаў далей Строццы.— Цяпер я ведаю цану рэкамендацыям гэтага пасла без дзяржавы. Я ніколі не быў і, спадзяюся, не буду ў вашай Альбарутэніі, але нават мне вядома, што статак бізонаў, якія насяляюць вашы дзікія лясы, водзіць не самец, а саміца. Гэта пацвердзіць любы з супляменнікаў сіньёра паэта. Сам жа сіньёр паэт у сваёй паэме сцвярджае адваротнае. Дзіўная памылка! — пераможна скончыў Строццы.
— Напраўду,— пагадзіўся Гусоўскі,— статак водзіць зубрыца. Але я маю надзею, што мая паэма ўсё-такі не настаўленне паляўнічым, а нешта іншае. У паэзіі свае законы і свая праўда.
Адказам была крывая ўсмешка, і Гусоўскі з тугою зразумеў, што ўсё адно не здолее растлумачыць гэтаму чалавеку, навошта ён зрабіў важаком не зубрыцу, а зубра. Аднак у сэрцы не было звычнай варожасці. Было шкадаванне і разам з ім нечаканае пачуццё іхняе, яго і Строццы, лучнасці. Яны належалі да аднаго свету. Няхай Строццы ўсё жыццё пісаў халодныя паэмы, нечым падобныя да зграбных, але мёртвых слігаваных статуэтак, зробленых на старажытны ўзор, няхай так, але ж ён, гэты Строццы, пацвельваючы смерць, застаўся тут, сярод чумы, і на ягоным стале таксама пёры і стос паперы. Няхай сабе ён зноў зводзіць падрахункі, але ж, замест таго каб уцякаць ад пошасці, ён чытаў «Песню». Яны маглі працягваць спрэчку, маглі перайсці, як здаралася раней, да абразаў, ды ў гэтыя поўныя дыхання смерці дні яны незалежна ад свае волі і нават насуперак ёй былі адзін аднаму апораю і падтрымкай.
— Я заўсёды меркаваў,— амаль прыязна прамовіў Гусоўскі,— што паэзія — гэта не набор прыгожых статуэтак, якія можна паставіць на стале ці над камінам. Паэзія мусіць дапамагчы чалавеку будаваць храм сваёй душы. I ўладару, і людзям нізкага звання.
— Храм душы...— Строццы адпіў з келіха добры глыток.— Храм душы заміж Божага храма. Сіньёр паэт ужо трапіў у павуцінне адступніка Лютэра.
— Не, я не супраць храмаў. Прыгажосць заўсёды абуджае добрыя пачаткі. Дакрануўшыся да ўзнёслага, людзі робяцца лепшымі. Але я ведаю, што дух чалавека Збавіцелю даражэйшы за самы багаты сабор. Што да Лютэра, дык на чале новай царквы стаіць воўк у авечай шкуры. Сэрца падказвае мне: ён пралье столькі крыві, што хрысціянскі свет яшчэ жахнецца.
— А параўноўваючы малое з вялікім,— без сувязі з ранейшым зласліва зазначыў гаспадар,— сіньёр паэт бессаромна спісвае ў Вергілія.
Гусоўскі не стрываў і шчыра засмяяўся.
— Вергілій, як мне памятаецца, суадносіць цыклопаў і пчол, а я — казла і зубра,— прамовіў ён скрозь смех, які на хвіліну вызваліў яго ад усіх цяжкіх клопатаў.— Сіньёр Строццы, на жаль, клопаты не дазваляюць мне і далей атрымоўваць асалоду ад нашае размовы, але хачу, каб вы ведалі, што ў гэтае ранне вы вылечылі мяне ад самоты.
— Зямныя турботы не павінны цікавіць нас,— фанабэрыста сказаў Строццы.— Мой дух ужо вольны ад іх.