Франчэска маўчала, не падымаючы вачэй, і пагойдвалася, як маладое дрэва пад ветрам. Відаць, яна не надта разумела, дзе яна і што з ёю адбываецца. Зрэшты, служку боскай юстыцыі гэта не абыходзіла, і ён, не маючы патрэбы зазіраць у сваё настаўленне, упэўнена сыпаў пытаннямі, борзда набліжаючы допыт да тае хвілі, калі ў яго, інквізітара, мусіць з’явіцца добры памагаты.
— Ці даўно ты гуляла вяселле са сваім каханкам? Хто быў за гасцей і што падавалася на стол? Ці граў на вяселлі музыка? Хто ён быў: чалавек ці нячысцік? Дзе ён сядзеў: на доле ці залазіў на дрэва?
— Колькі немаўлятаў ты з’ела або загубіла? Дзе ты іх здабывала? Ці патрэбна дзіцячае сала, каб падымаць ураганы?
— Колькі маразоў і туманоў ты напусціла? Што ты чыніла, каб у Рыме пачаўся чумны паморак?
— Колькі мужчын ты зрабіла няздатнымі да шлюбнага жыцця?
— Ці прыходзіў твой каханак да цябе ў вязніцу? У якім абліччы ён заяўляўся?
Кожнае пытанне было для Гусоўскага як шыпшынавы спічак у сэрца.
— Маўчыш? Веnе*.— Голас інквізітара пачаў налівацца насмешлівай пагрозаю.— А ведаеш, што напісана ў гэтай вось кнізе? Тут напісана, што, калі чортава выляжанка не хоча дапамагчы нам, мы клічам майстра Ай-ой, гэткага маленькага хлопчыка-казытунчыка, і ён гэтак далікатненька казыча чортавай жонцы ручкі і ножкі цісочкамі.
* Добра (лац.).
Абвінавачаная зноў узняла вочы, і цяпер замест абыякавасці ў іх бліснуў страх. Жудлівае абяцанне дапяла яе свядомасці і выбавіла Франчэску з самнамбулічнага сну. Гусоўскі не ведаў, радавацца з гэтага ці засмучацца, бо яна вярнулася з адной бездані, каб трапіць у новую, больш вусцішную.
З патайных дзвярэй нячутна выйшаў нізкарослы кат у чырвона-чорным адзенні. Нястомны пачаў адпраўляць неабходную перад катаваннем кароткую імшу.
Паэт з мецэнатам сядзелі збоку, і Франчэска па-ранейшаму не заўважала іх. На сцяне поруч з Гусоўскім вісеў нейкі жалезны аброжак з рудымі плямамі. Ён махнуў рукою, і дзіўны прыстас паляцеў долу. Бразгат змусіў Франчэску павярнуцца. Яна пазнала яго і ўскрыкнула, але замест надзеі на паратунак у яе ў вачах біўся жах. Гусоўскі зразумеў, што ягоны намысел не ўдаўся. Няўжо, паласнула яго здагадка, няўжо Франчэска падумала, што ён вырашыў вось так расквітацца з ёю?
Вузкія і трохкутныя, нібы вочы нейкай пачвары, вакенцы пацямнелі, і інквізітар загадаў запаліць свяцільні. Ён сам клапатліва паднёс абвінавачанай кубак са святой вадою, каб пад час катавання д’ябал не здолеў адабраць у яе мову.
— Твой каханак хоча зрабіць цябе неадчувальнай да болю,— зазіраючы ахвяры ў вочы, спагадна сказаў інквізітар.— Напэўна, ён прыслаў табе сваю сатанінскую граматку, а ты схавала яе ў валасах і думаеш, што мы яе не знойдзем. Не, даражэнькая, зараз наш хлопчык-казытунчык паголіць цябе...
Нястомны зрабіў знак, і кат адным рухам сарваў з Франчэскі лахманы, агаліўшы безабароннае белае цела.
— Мы павінны нешта зрабіць,— адвёўшы вочы, па-беларусінску прашаптаў спалатнелы Гусоўскі.
— Што б там ні было, заставайся на месцы,— таксама па-беларусінску адказаў Вітэліус.
— Спачатку стужку,— сказаў Нястомны да ката, і той накінуў ёй на шыю барвовы пасак.
Тая самая стужка даўжынёю ў рост Збавіцеля, што для злачынцаў нібыта цяжэйшая за самыя цяжкія кайданы. Яшчэ адно ашуканства, прыкрытае Хрыстовым імем. Колькі ж будзе трываць Усявышні?
Чорна-чырвоны кат гастрыў лязо шырокага нажа.
— Зараз наш хлопчык-казытунчык паголіць цябе,— з ласкавасцю, ад якой Гусоўскага працяло магільным холадам, паўтарыў Нястомны.
Кат скончыў і пад ухвальным позіркам гаспадара наблізіўся да Франчэскі. З хвіліну ён аглядаў яе цела, шукаючы вядзьмарскую пячатку, а потым з рогатам схапіў яе за грудзі і, перагнуўшы цераз калена, пачаў сваю агідную работу.
I яна думае, што прычына гэтых пакутаў ён, гатовы за яе памерці. Вось-вось магло здарыцца непапраўнае: Франчэска ў смяротнай жудзе прызнáе абвінавачанні і тады... Ён ускочыў і рвануўся да ката, але яго паспелі схапіць за пояс дужыя рукі Вітэліуса. Невядома, што б здарылася далей, каб у патайныя дзверы не ўвайшоў чалавек у пурпуровай кардынальскай мантыі.