— Богу дагодна, каб сёння ты спыніўся на тым, чаго дасягнуў,— уладна абвясціў ён інквізітару.
Вітэліус перадаў, што хоча бачыць яго сёння, і неадкладна.
Як бывала і раней, Гусоўскі выбраў дарогу паўз калумбарый. Ён не быў тут больш за год, ды што значыў год для гэтых сцен, якія не ведалі розніцы паміж стагоддзем і хвілінаю? I ўсё ж час не абмінуў іх. Каля ўвахода на перацёртым вякамі пяску ляжалі тры трупы, тры каласы з палетка, які нястомна жала сваім сярпом чума. Не, трупаў было два — мужчыны і хлопчыка, а жанчына, што ляжала тварам да сцяны, яшчэ жыла. Яна была ў жоўтай сукенцы, як і тая, з якой ён спаткаўся два тыдні таму ў прадмесці.
Гусоўскі выбег з калумбарыя і хутчэй выняў з ладункі — цяпер ён заўсёды насіў яе пры сабе — губку з воцатам. Absit omen! — Няхай не будзе гэта благой прыкметаю, падумаў ён, але сэрца сціснулася ад нядобрых прадчуванняў.
У доме пасла яго сустрэлі ўстурбаваныя слугі і нешматлікія людзi з пасольства, што, насуперак каралеўскаму загаду, захавалі вернасць Вітэліусу. На парозе апачывальні Гусоўскі ледзь утаймаваў слёзы. Тое, пра што ён баяўся нават падумаць, здарылася. За час, што мінуўся пасля іхняй апошняе сустрэчы, вялікае, поўнае моцы цела пасла змізарнела і ўсохлася. У звастрэлым твары з’явілася штосьці няўлоўна дзіцячае. Эразм так любіў жыццё, так умеў цешыцца з ягоных радасцяў... Гусоўскаму здалося, што за гэтыя дні праляцелі ўсе гады, якія Вітэліус мог яшчэ пражыць. У пакоі быў паўзмрок, бо ад зыркага святла ў хворага балелі вочы. У кадзільніцах дымелі ўжо непатрэбныя пучкі палыну і ядлоўцу.
— Лёс даўно гоніцца за намі, Nicolaus. Атропа* стамілася віць нітку майго жыцця.—Мецэнат неяк прабачліва ўсміхнуўся. Ягоны твар зліваўся з беллю высокіх падушак.
* Антычная багіня, якая вызначала працягласць чалавечага жыцця.
— Ты чуў, што вярнуўся адзін з караблёў Магелана? — прыўзняўшыся на ложку, слабым голасам працягваў ён.— Таго партугальца, што хацеў, ідучы на захад, дасягнуць Малукскіх выспаў. Тубыльцы забілі яго недзе каля кітайскіх берагоў, але карабель прынёс вестку, што зямля сапраўды круглая. Гэтая каравела прывезла Магелану вечную памяць нашчадкаў. Nicolaus... Усявышняму дагодна пакінуць у чужой зямлі і мяне, але я хачу, каб мой карабель таксама прыстаў да родных берагоў...
Адкінуўшыся на падушкі, ён перадыхнуў і загаварыў далей:
— Учора я зноў чытаў «Песню пра зубра». Год назад ты не згадзіўся са мною. Ты не прыняў маіх парад, і цяпер я хачу прызнацца, што рады гэтаму. Тады маімі вуснамі гаварыў абачлівы пасол... Я рады, што ты нагадваеш валадарам пра іх злачынна забытыя абавязкі... У сваёй «Песні» ты філосаф і географ, гісторык і жывапісец, але заўсёды і найперш ты — паэт. Nicolaus, сёння ты першы паэт Кароны і Княства. Твае пачуцці разрываюць абалонку чужых слоў, і ў лаціне я чую мову нашага краю. Кожны вялікі мастак мае твор, які эліны называлі помнікам. У ім застаецца сама душа творцы. Разам з ім мастак перадае наступнікам непадлеглы тленню вобраз эпохі і Бацькаўшчыны. Ты збудаваў сабе такі помнік...
— Монсеньёр... Гэты помнік мы будавалі разам...— Ён памкнуўся быў падысці да ложка, але позірк мецэната спыніў яго.
Некалькі хвілін у пачывальні трывала маўчанне. Таму, хто захварэў на чуму, паратунку ўжо не было, і Гусоўскі з жывым болем думаў, як цяжка Эразму паміраць. Ягоная мара аб’яднаць Еўропу супроць Асманскай імперыі засталася адно мараю. Цяпер султан Сулейман трымае ў аблозе фартэцу рыцараў-іаанітаў на Родасе, які два стагоддзі быў прыстанкам для хрысціянскіх караблёў. З дня на дзень вялікі магістр загадае выкінуць над замкам белы штандар. Рыцары прасілі падмогі, ды еўрапейскія манархі зноў, нібы спадарожнікі Адысея каля вострава сірэн, заляпілі свае вушы воскам. Так, Эразм запабягаў перад папам, але ён заўжды стаяў на тым, што сапраўдная пашана дасягаецца не шляхецкімі прывілеямі, а ўласнымі подзвігамі, і благіх учынкаў у ягоным жыцці было нязмерна менш, чым спраў добрых. Апошняю з іх застанецца выратаванне Франчэскі. Эразм не пытаецца пра яе — ён чытае гэтае трывожнае пытанне ў запаленых мецэнатавых вачах. Што з імі абаімі станецца?
Франчэска адмовілася асталявацца ў пасольскай рэзідэнцыі, выбраўшы два ягоныя бедныя пакоі...
Упершыню ў жыцці Гусоўскі думаў пра Вітэліуса не як пра мецэната. Эразм быў адзіным братам, які па волі жорсткага лёсу назаўжды пакідаў яго.
Па-свойму, але тое ж самае адчуваў і Эразм. Мяжа, што некалі ляжала паміж імі, знікла, яе знесла сама плынь часу, якая змывае ўсё спароджанае чалавечаю мітуснёй і забабонамі. Імкненне ўгору, да ўлады, да кардынальскае мантыі сплыло ў мінулае, у невараць, а будучыняй быў цяпер адно гэты чалавек, якога ён, ні на каліва не пакрывіўшы душой, назваў бы не толькі першым паэтам сваёй дзяржавы, але і адным з першых паэтаў Еўропы, годным стаць поруч з Петраркам. Аднак мудрэц, што прамовіў гэтае зваблівае «Scripta manent» — «Напісанае застанецца», памыляўся. Ён, Вітэліус, ведае, як шмат з напісанага і вартага перажыць стагоддзі не перажыло і сваіх творцаў, і таму, сабраўшы сілы, ён гаворыць пра галоўнае: