Выбрать главу

Рух на карцінах замёр, але пакутлівае пачуццё хаосу не міналася. У Гусоўскага з’явілася адчуванне, што ён трапіў у вялізныя цяжкія жорны, якія з кожным новым імгненнем усё глыбей зацягваюць яго ў сваё каменнае чэрава.

Ратуючыся, ён запаліў усе свечкі і вярнуўся да Франчэскі. Яе дыханне зрабілася рэдкім, адначасна з выдыхам з грудзей вырываўся хрыплаваты прысвіст. Ён маліўся, каб хоць у астатнюю хвілю Бог дазволіў ім паглядзець адно аднаму ў вочы. Смерць стаяла ўжо каля самага ложка. Яму здалося, што ён змеціў яе бледны прывід. Вось смерць нахілілася над Франчэскаю для апошняга пацалунка, і яна пачала задыхацца. Ён скінуў з Франчэскі коўдры і ўбачыў, як яе грудзі падняліся і ўжо не апусціліся. Яна разлучылася з душой, так і не расплюшчыўшы вачэй.

Свет вакол яго рушыўся. У гэтым свеце панавалі пачвары.

«Дзверы адчыненыя, можаш пайсці»,— загарэліся ў свядомасці словы Сенекі.

Розум дзейнічаў успышкамі, у святле якіх уваччу ўзнікалі абліччы людзей, малюнкі рымскіх вуліц і храмаў.

I раптам ён убачыў зусім іншае. Бацькаў дом пад саламянай страхою, чарада дубоў, Нёман. I яшчэ сляды на плітах калумбарыя.

Божая маці, прачыстая Дзева Марыя, Чуеш імя сваё ў песні і бачыш, напэўна, Як затрымцела ад страху рука вершатворцы? Раб твой пакорлівы слёзную гэту малітву Шле да цябе, баючыся: а можа, не прымеш? О, заступіся за нас! Праз любоў к чалавеку Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў Першай заступніцай люду, і ты заступіся!..

Ён чытаў і не бачыў, што на парозе схлупілася купка ўзброеных людзей. Зыркае святло ў вакне прывабіла начны дазор. Вартавыя прынюхваліся да палыновага дыму і ніякавата аглядаліся. Хтосьці моўчкі паказваў на ложак з незварушнаю жанчынаю, не могучы зразумець: спіць тая ці ўжо заснула давеку? А ў пакоі ўсё мацней гучаў голас чалавека, што сядзеў пры стале з кнігамі.

— Ён моліцца,— прыслухаўшыся, сказаў нехта. Варта ўбачыла, як чалавек кінуў на стол нейкія паперы і чытаў далей па памяці.

— Яго апанаваў д’ябал,— са страхам прамовіў начальнік дазору, і ягоныя людзі, паспешліва жагнаючыся, зніклі ў мораку галерэі.

У насычаным смерцю паветры, над Франчэскаю, над цёмнымі вуліцамі Вечнага горада, дзе ўладарыла чума, гучаў Голас.

1986

Сны імператара

1.

Агні, агні... Шматкалёрна-святочныя, хмельныя, як маладое віно. Цёплы вецер пагойдвае іх і на фіялетавым аксаміце неба, і на цёмна-срэбным люстры завані. А можа, і не вецер, а тысячагалосае «Vive l’empereur!»*.

* Няхай жыве імператар! (фр.)

Портафэраё ззяе ілюмінацыяй. Увесь горад на беразе, а ён стаіць на пірсе. Стаіць, падняўшы ў маўклівым прывітанні руку, і адчувае, як сэрца кожным новым ударам разбурае цэлю, дзе было замураванае нязмерна доўгія дзесяць месяцаў.

Ён толькі што пяшчотна развітаўся з маці і з сястрою. Наперадзе — невядомае, але што б там ні было, гэтыя хвіліны ўжо належаць вечнасці.

На ім трохвуголка і шэры, зашпілены на ўсе гаплікі і гузікі сурдут — поўная паходная форма.

У думках ён кідае позірк на сябе зводдаль, з гарбатых прыморскіх вулачак, застаецца задаволены ўбачаным і адразу ўяўляе гэты малюнак у выглядзе гравюры: залітыя аліўкавым святлом поўні камяні старажытнага пірса, слямга бліжэйшае фялюгі і ягоная постаць на парозе нязведанага.

Войска чакае загаду, але ён марудзіць. Няхай востраў развітаецца з ім, няхай кожны назаўсёды захавае гэтыя імгненні ў памяці, каб апавядаць пра іх дзецям і ўнукам. I ён таксама хоча развітацца з востравам, на які навекі лёг водсвет ягонае славы.

— Vive l’empereur! Vive l’empereur!

Ён прыжмурвае вочы, і з калейдаскапічнаю хуткасцю перад ім мільгаюць пражытыя тут дні, напоўненыя зусім не роспаччу... Не, ён не крывіў душою, калі загадаў выразаць на сцяне ў егіпецкім пакоі свайго дома ў Сан-Марціна словы, якія шмат каму з візітантаў здаваліся няшчырымі — «Я шчаслівы паўсюль».

За дзесяць месяцаў да вострава прыстала тысяча дзвесце караблёў. I кожны падарожнік, кавалеры і дамы, сярод якіх асабліва шмат было ангельцаў, імкнуліся сустрэцца з ім. Яны хацелі пераканацца, што цяпер ягоная імперыя сапраўды абмежаваная маленькім востравам. Яны думалі, што ён ужо ўвесь у мінулым, што ён ператварыўся ў жывы музейны рарытэт. Яны абавязкова куплялі яго бюсты і партрэты, каб мець копіі рарытэта ў сваіх задушлівых салонах і спакойна спаць у цёплых ложках.