Адну з кніг таго вучонага доктара бачыў я ў Сафіі прамудрасці Божай, і шмат іншых кніг там, у саборы Сафійскім, ёсць, бо ад самога князя Ўсяслава Чарадзея манахі там летапісы пісалі і кнігі старадаўнія збіралі. Ёсць у ёй кнігі вучоных грэцкае царквы, спаміж якіх «Небесная і царкоўная гіерархія» Дзяніса Арэапагіта, што вучнем у апостала Паўла быў, і кнігі святога Мяфодзія, апостала славянскага, ды брата ягонага, святога Кірылы. Усе яны на славянскай мове і не толькі рукою пісаныя, але і на друкарскіх варштатах ціснутыя. У Княстве Літоўскім ужо летаў з паўсотні, а ў іншых краінах з ім сумежных і больш за сотню летаў, як друкарні ёсць. У нас жа ў Масковіі толькі нядаўна варштаты друкарскія завяліся, і летась, чуў я, Пятро Цімафееў, родам мсціславец, з гэтае зямлі літоўскае, ды разам з ім дыякан царквы святога Міколы Гастунскага Іван Фёдаровіч, таксама на зямлі літоўскай уроджаны, кнігу з дзеямі і пасланнямі святых апосталаў ціснулі. Пішу гэта найбольш дзеля цябе, брат мой малодшы Глеб, таму што хачу, каб быў ты чалавекам кніжным, а не да ратных справаў смертазабойчых гарнуўся.
Шмат дзён я ў Сафіі прамудрасці Божай сярод старых кніг сядзеў, бо прыйшоў ад цара Івана Васілевіча таемны загад летапісы полацкія ды граматы перагледзець і спіс скласці, каб потым іх у Маскву везці, а каторыя і агню аддаць. Уважае гасудар, што не трэба, каб памяталі палачане, як некалі сваю дзяржаву мелі, і як князі полацкія з візантыйскімі кесарамі радніліся, і як сам Полацак з вялікімі вольнасцямі да Літвы адышоў. А чаму так гасудар уважае, зразумець няцяжка, бо людзі, якія даўніны свае не ведаюць, усё жыццё дзяцьмі застаюцца, і падмануць іх гэтаксама лёгка, як дзіця неразумнае.
Так прабыў я ў месце Полацкім вясну, і лета, і восень, а зімою прычынілася ў снежні залева нечуваная, і паводка пачалася, і на рэках з трэскам вялікім ільды паўзламала, так што па Дзвіне да самага свята Нараджэння Хрыстовага на караблях ездзілі. Таго ж месяца снежня, як вядома мне, прыйшлі да цара і вялікага князя Івана Васілевіча з Літвы староста бельскі пан Юры Аляксандравіч Хадкевіч, ды староста слонімскі пан Рыгор Багданавіч Валовіч, ды дзяк Міхайла Галабурда і з імі каралеўскае шляхты семдзесят чалавек і іншых людзей да дзвюх тысяч. І прасілі яны ў цара замірэння ад снежня да ліпеня месяца на паўгода. Як зазвычай, вымагалі паслы Жыгімонтавы ад нас Ноўгарада і Пскова, апрача ўсіх заваёў дзеда і бацькі цара нашага і земляў, ім самім да Маскоўскае дзяржавы прырошчаных. Баяры ж нашыя на гэта адказвалі, што трэба нам дзеля міру не толькі Кіеў ды Валынь з Падоліяй у Літвы ўзяць, але і Вільню, ды наракалі на караля, што не хоча Івана Васілевіча царом менаваць. Потым паменшылі цану і паслы, і баяры, аднак гасудар загадаў паслам адмовіць, бо стаяла ўжо наша раць зімовая напагатове, у Літоўскую зямлю сабраная.
Наказаў гасудар так каралеўскім пасланцам сказаць: калі хочуць замірыцца, дык могуць тое і на дзесяць гадоў учыніць, абы воласць Полацкую і Лівонію нам адпісалі. І яшчэ сказаў Іван Васілевіч: «Не хоча мне кароль царскага імя даваць - вольнаму воля! Не маю патрэбы ў тытуле, бо ўсім вядома, што род мой ад рымскага кесара Аўгуста, а дадзенага Богам чалавек не адбярэ». Паслы аб продках царовых спрачацца не сталі, але ні Полацка, ні Лівоніі пацвердзіць за намі не захацелі, а білі цару чалом, просячы прапускную грамату да Барысава, каб заставы ім ніякай крыўды не чынілі.
Думаю я, невялікая карысць дзяржаве нашай з таго, што гасудар сябе вышэйшым ад усіх іншых уладароў каранаваных уважае і манархаў не спадчынных, а на трон абраных, абражае безразважна, паўтараючы, што ён цар паводле волі Божае, а не паводле шматмяцежнага хацення чалавечага. Няма разважання дзяржаўнага ў тым, што караля і вялікага князя Жыгімонта называе цар «паче худейша худейших рабов суща», а каралеву ангельскую Лізавету - пошлаю маладзіцаю. Суседа ж нашага караля шведскага, якога бацька быў не каралеўскае крыві, а просты дваранін, Іван Васілевіч сабе роўным не лічыць і ў лістах, якія мне Божай воляю перапісваць давялося, роспытамі даймае: «А ты скажы, бацька твой чый сын, і з якімі гасударамі быў у сваяцтве, і якога ты роду гасударскага?» І смяяўся з караля, што ён, як маскоўскія купцы ў Швецыю сала і воск прывезлі, сам, рукавіцы надзеўшы, тавар гэты глядзеў і важыў.
У той жа час, як паслы Жыгімонтавы з царскаю граматаю ад'ехалі, сканаў ад старасці мітрапаліт Макарый, і абралі замест яго першасвятаром маскоўскім інака Чудава манастыра Афанасія, духоўніка царскага. Кажуць, што выслухаў ён ад Івана Васілевіча вітальнае слова і багаславіў яго, просячы ў Госпада ўладару нашаму жыццёвае сілы ды перамогі, пра дабрачыннасць жа ўзгадаць святы айцец не наважыўся.