Алесь Петрашкевіч
СОЛЬ
Дзейныя асобы
Ігнат Крывіч — былы камандзір партызанскага атрада.
Ганна — яго жонка.
Іван — Ігнатаў сын, старшыня райвыканкома.
Арына — яго жонка, урач.
Фёдар Максімавіч — сакратар абкома.
Сямёнаў — намеснік міністра.
Ніканаў — прадстаўнік міністэрства.
Хазяінаў — генеральны дырэктар.
Шашаль — яго памочнік.
Траян — старшыня гарвыканкома.
Мухіна — акадэмік.
Балоцін — інжынер-геолаг.
Калун-Каралевіч — таварыш па праверцы.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Карціна першая
Прасторны сялянскі дом. Чырванню адлівае бярвенне сцен. Усё тут устойлівае, трывалае, старамоднае. Каля левай сцяны даваенная канапа з круглымі падлакотнікамі, але з яркай сучаснай абшыўкай. Над канапай гіравы гадзіннік з боем і невялікае люстра. З аднаго боку ад яго ў рамачцы павялічаны фотаздымак дзвюх дзяўчынак гадоў па чатырнаццаць, з другога — у такой жа рамачцы фотаздымак трох маладых сялянак. Сцяна справа завешана рамачкамі з адзіночнымі і групавымі фотаздымкамі чырвонаармейцаў і камандзіраў, хлопцаў і мужчын у партызанскай вопратцы, жанчын, дзяўчат, падлеткаў. Некалькі рамачак без фотаздымкаў, але з надпісамі прозвішчаў па белым полі. Усярэдзіне гэтай галерэі два плакаты: «Родина-мать зовет!» і «Смерць нямецкім акупантам!» Сцяна, што насупраць, завешана шырмай у рамонкі. Каля сцен моцныя зэдлікі, шырокая лава.
Уваходзіць Арына. У руках паднос з гранёнымі чаркамі-паўшклянкамі. Адсунуўшы крыху шырму і заслаўшы белым абрусам доўгі дашчаны стол, яна расстаўляе чаркі па яго краях. Час ад часу ўдушліва кашляе. На вуліцы чуваць шум машыны. Арына зацягвае за сабой шырму. Уваходзіць усхваляваны Іван. Шпурнуўшы на канапу папку з паперамі, спрабуе прыкурыць цыгарэту, але запалкі ламаюцца ў дрыготкіх пальцах. Арына з-за шырмы неўзаметку назірае за ім.
Арына. Зноў нешта здарылася? (Выходзіць з-за шырмы.)
Іван (амаль крычыць). Здарылася?! Не, гэта не здарылася! Гэта ўсё па сістэме!..
Арына (зусім спакойна). Ну, а шумець навошта?..
Іван. Шумець?! Тут завыць можна! Заскуголіць!..
Арына (праз усмешку). Злоўжыванні ўладаю — былі, п’янства — было, у браканьерстве абвінавачваўся… Што на гэты раз?
Іван (з бездапаможнай усмешкай). «Сожительствую» з сакратаркай…
Арына. А бог цябе ведае. Сівізна ў галаву — д’ябал у рабро.
Іван (зноў злуе). Бог яго ведае?! Вось па гэтай самай схеме ўсе правяральшчыкі і пацеюць… Можна ашалець, з глузду з’ехаць — шостая камісія за чатыры месяцы! І хоць бы хто-небудзь спачатку следства правёў, а потым ужо абвінавачаннямі кідаўся!.. Дзе ўжо нам такая раскоша?! І што дзіўна, я, старшыня райвыканкома, народны дэпутат, скручваюся перад правяральшчыкам, як трус перад удавам, пачынаю абвяргаць лухту сабачую і даказваю, што не вярблюд, не ліхадзей, не п’яніца. А цяпер вось яшчэ і бабнік…
Арына (садзіцца побач з Іванам). Супакойся, бабнік. (Прыгладжвае яму ўскудлачаныя валасы, пакашлівае.)
Іван (крыху супакоіўшыся). А можа, на самай справе ў разгул ударыцца і па бабах матануць?.. Хоць раз апраўдаць давер добразычліўцаў.
Арына. Паспрабуй, толькі, баюся, не атрымаецца ў цябе гэты нумар.
Іван (задзірыста). А чаму гэта ў мяне не атрымаецца? У іншых жа атрымоўваецца, і на здароўе…
Арына. Заматаны ты, Ванечка, больш, чым трэба для дзела. А таму вельмі будзе своечасова і карысна матануць табе не па бабах, а ў чарговы адпачынак, і лепш, калі ўсёй сямейкай, ды ў круіз «вакол Еўропы»… далей ад сакратаркі.
Іван. У круіз сямейка паедзе без мяне.
Арына (насцярожана). Як без цябе?..
Іван. А раптам пацвердзіцца, што бабнік? А там Еўропа…
Арына. Няхай не хвалююцца, я папільную цябе ў Еўропе.
Іван. Між іншым, кніга мая таксама знята з плана… на ўсякі выпадак, а з фільма выстрыжаны кадры з маёй фізіяноміяй…
Арына. Сапраўды, змяя кусае не для сытасці…
Іван. А самае жахлівае, што я, здаецца, зрабіў сёння адкрыццё…
Арына. Чым жа табе яшчэ займацца, як не адкрыццямі…