Выбрать главу

Ніканаў (перапыняе). Як жа многа вы сабе дазваляеце.

Іван. Гэта яшчэ і таму, што вы, дарагі Пётр Савіч, ужо колькі год да нас прыязджаеце, на ўсё глядзіце і ніколі нічога сабе не дазваляеце. А разам мы маглі б зрабіць многае.

Калун. І паводзіш ты сябе абуральна, Крывіч.

Іван. У нас рознае ўяўленне пра абуральнае.

Ніканаў. У ЗША ўзровень забруджанасці асяроддзя на калійных прадпрыемствах у дзесяць разоў вышэй за наш. А куды дзенешся?

Іван. А калі яны здуру павялічаць забруджанасць у сто разоў? Не, для мяне гэта не аргумент. Ад таго, што ў іх неграў б’юць, нам радасць не вялікая.

Ніканаў. Паважаныя барацьбіты за чысціню! Нам патрэбны ўгнаенні!

Іван. А нам яшчэ патрэбны парадак на прадпрыемстве, а не бардзель.

Ніканаў (абурана). Ну, ведаеце!..

Іван. У вас жа няма складаў, няма пад’язных дарог, няма сапраўдных пагрузачных пляцовак, вы не зрабілі належных, запраектаваных ачышчальных збудаванняў, ні на ёту не змянілі дапатопную варварскую здабычу руды і захаванне адыходаў. Палова дабра застаецца ў шахтах: дзевяноста пяць працэнтаў спадарожных калію мінералаў і матэрыялаў ідзе ў адвал, у рэкі, на палі, у атмасферу. Эканомячы рубель, вы губіце мільёны. Вось ваш, Пётр Савіч, метад гаспадарання.

Хазяінаў (узрываецца). Так! Так! Так!.. Усё так і было! Усё так і ёсць! Мы сапраўды гонім! Мы ціснем і выціскаем! Мы працуем — як у вайну! А на вайне як на вайне: і разбураем, і знішчаем, і нешта губляем. Але пры ўсім пры гэтым мы здабываем. І не мыльныя пузыры, а дадатковы, вялікі, да зарэзу неабходны сёння хлеб! А гэта значыць і мяса, і малако, і валюту! Так! Валюту, без якой… Ды што гаварыць?! А вы закусілі цуглі і прэце без паняцця…

Ніканаў. Усвядоміць не можаце, што дзякуючы менавіта гэтым камбінатам мы самі хлеб ядзім і з суседзямі дзелімся. Хіба вам, старшыні раённага выканаўчага камітэта, мы павінны тлумачыць, як школьніку, што хлеб — гэта зброя, і, можа быць, самая моцная, а наш гандаль ім — гэта барацьба за сяброў, за саюзнікаў, за ўмацаванне нашых пазіцый на кантынентах! Ці, можа, вы думаеце, што ва ўмовах, калі некаторыя занадта бойкія прэзідэнты аб’явілі паход, ваенны паход у абарону сваіх «жыццёва важных інтарэсаў», у нас іх няма, гэтых інтарэсаў?! Хлеб — праблема стратэгічная! І калі б мы празявалі ў свой час са здабычай угнаенняў, то сядзелі б зараз на паўгалодным пайку. Ці чачавіца ўжо забылася?! Ужо не помніцца?!

Хазяінаў. Яго паслухаць — дык сёння трэба пазакрываць руднікі, шахты, кар’еры, каб не псаваць ландшафты…

Ніканаў. Нам патрэбны ўгнаенні, і мы будзем расшыраць іх здабычу! Усё!!!

Іван (вельмі спакойна). А нам яшчэ патрэбы дысцыпліна, адказнасць і парадак на прадпрыемстве. І мы гэтага парадку даб’ёмся!

Ніканаў. Пры ўсёй маёй павазе да вас, вы ўсё ж толькі старшыня райвыканкома, якому, дарэчы, вытворчае аб’яднанне не падведамаснае. І не вам…

Іван (перапыняе). Як не нам?! А каму ж, калі не нам?! У вас скончыцца камандзіроўка, і вы паедзеце. На жаль, вы не звезяце з сабой наш боль і наш сорам перад людзьмі з-за вашай безадказнасці… І апошняе: або вы разам з дырэкцыяй вытворчага аб’яднання мяняеце адносіны да справы, або я раблю дэпутацкае запытанне на чарговай сесіі Вярхоўнага Савета. Запэўніваю вас, што рыхтавацца да гэтага мы будзем грунтоўна.

Уваходзіць Шашаль.

Шашаль. Даруйце, але…

Хазяінаў. Што на гэты раз?..

Шашаль. Цесць, Ілья Міхайлавіч.

Хазяінаў (злуецца). Які яшчэ цесць?..

Шашаль. Ваш, Ілья Міхайлавіч.

Хазяінаў. Пачакае цесць. Знайшоў час.

Уваходзіць Ігнат са стосам кніг.

Ігнат. Ты не спяшайся, Ілья Міхайлаў. Прынёс я тут табе сачыненні Маркса-Энгельса, таварыша Леніна Уладзіміра Ільіча і акадэміка (глядзіць на вокладку) Фёдарава Е. К. Таксама галавасты таварыш і за прыроду здорава піша. Калі, кажа, не адумаемся, то прападзём. (Кладзе кнігі на стол.) Можаш чытаць дома, можаш на рабоце. А то іншы (ківае на шафы) і Марксам, і Энгельсам кабінет абставіць, а да самай пенсіі ніводнай кніжкі так і не адгорне. А на пенсіі ўжо…