Хазяінаў. Што яшчэ?!
Ігнат (вымае з планшэткі і выкладвае на стол дакументы). Яшчэ ўпаўнаважыла мяне раённая дэпутацкая камісія як старэйшыну перадаць табе копіі іскаў і актаў. Вось гэты за сады, у якіх зараз аер расце; а гэты — за дарогу праз агуркі, зноў жа — за кароўнік, што нядаўна разламаўся, за грэчку, што зерня не дала, за бульбу, што не завязалася. За рыбку, якую ты ў возеры жыўцом засаліў, і бор, у якім вожыкі дохнуць і сасонкі сохнуць, я табе рахунак днямі прынясу. У нас па гэтай справе асобная камісія працуе. Так што…
Рэзка звоніць тэлефон. Шашаль бярэ трубку.
Шашаль (з трывогай). Вас, Ілья Міхайлавіч. (Падае трубку.) Пракурор, здаецца… А куды дзенешся?
Хазяінаў. Слухаю. Хазяінаў… Добры дзень. (Праз паўзу.) Мне з рэчамі, з бялізнаю ці так?.. І на тым дзякуй. (Кладзе трубку.) Кажа, пакуль што праходжу па справе ў якасці сведкі. (Да Івана.) Ну, я пайшоў. Прынясі, Іван Ігнатавіч, перадачу як сваяк, калі я затрымаюся. (Выходзіць.)
Іван (Шашалю). Я прасіў вас, Ізяслаў Ізяслававіч, падрыхтаваць мне матэрыялы.
Шашаль (са здзекам). Міленькі вы мой, пасля выпадку ўцечкі інфармацыі ўсе матэрыялы перададзены на захаванне ў архіў.
Іван падыходзіць да тэлефона, набірае нумар.
Іван. Аляксандр Адамавіч, вазьміце ў Хазяінава ўсе неабходныя паперы, пакуль іх Шашаль не папсаваў. Ужо? Ну і цудоўна. Пакуль. (Кладзе трубку.)
Ніканаў. Вам не здаецца, Іван Ігнатавіч, што вы перайгралі?
Іван. Мы не іграем. Мы працуем па правілах і сумленні, чаго і вам жадаем.
Ніканаў (мнагазначна). М-м-да… (Выходзіць.)
Калун. Мне з табой пара пагаварыць, Крывіч.
Іван. Абавязкова, Раман Дзямідавіч.
Калун. Тады сядай. У нагах праўды няма.
Іван (садзіцца). А ў чым ёсць?
Калун. І не задавай мне цяжкіх пытанняў. Гэта я рабіць буду… (Вымае з партфеля стос папер.) Пішуць тут на цябе, панімаеш. А колер твару мне твой не падабаецца. Хварэеш ці выпіваеш?..
Іван (ківае на паперы). Вось гэта ўсё на мяне?..
Калун. І на цябе, і на іншых. Учора, напрыклад, аднаго мастака запрашаў. Дзівакаваты такі таварыш. Карцінкі малюе, чорт ведае што на іх лепіць, а думае, што геній. Геніяў, панімаеш, развялося, няма куды дзяваць. Коні ў яго чырвоныя, бабы голыя, мужыкі кулакаватыя — ні народнасці, панімаеш, ні рэалізму. А даход мае будзь здароў… Запрасіў я пэцкаля, пазнаёміліся, гутарым. І раптам ён мне пытанне: а вы, Раман Дзямідавіч, усе мае карціны бачылі? Іт… думаю, нахабнік. Але спакойна так кажу, што мне вось гэта (ківае на паперы) да глыбокай старасці не перагледзець, а ты хочаш, каб я за тваімі абстрактнымі бабамі ганяўся. Я ў цябе, кажу, перад вайной нешта бачыў, але ўжо не памятаю — што. І не ўспамінайце — хмыліцца, — і я, і вы пасля вайны нарадзіліся. Гумарны такі нахабнік… Зачытваю я, панімаеш, «цялегу», што на яго «народныя мсціўцы» накаталі.
Іван. Хто, хто?..
Калун. Гэтыя, каторыя ад імя народа ў інстанцыі без подпісаў пішуць.
Іван. Зразумела.
Калун. Уважліва так слухае, а потым кажа, што ўсё гэта, маўляў, не пра яго напісана. А я жартую: што напісана пяром і так далей, а дапамагчы табе не здолею, хоць я і Калун. Жартую так, а ён кажа, што ў кожнага свой жанр, вось мы і малюем — хто карцінкі, а хто даносы. А вы, маўляў, на тое і Калун, каб тонка разабрацца, хто лепш малюе. А на ананімкі, кажа, я не рэагую… Парваў пісьмо, падняўся і пайшоў, не развітаўшыся. Вось так, панімаеш. Інтэлігенцыя… Глянеш у анкету — з лапцюжнікаў вахлак, а туды ж, у творчыя асобы… На цябе таксама напісалі. Сам будзеш чытаць ці я ўслужу?
Іван. Дзякую, лепш ужо сам…
Калун (падае пісьмо). Тады дуй уголас, я на слых лепш бяру…
Іван. Не ўжо, гэтай асалоды вы ад мяне не дачакаецеся.
Калун. Як уважаеш, як уважаеш. (Корпаецца ў паперах, пакуль Іван праглядае пісьмо.) Моцна сфармулявалі таварышы.