Вельмі спакойна Іван ірве ананімку на дробныя шматкі. Калун назірае за ім.
Худа табе будзе, Крывіч. Казённыя паперы рваць не паложана.
Іван. Бог не выдасць… І ніколі больш не называйце мяне на «ты».
Калун (з націскам на «ты»). І ты ў творчыя інтэлігенты?..
Іван. Самі навучылі… Шчасліва заставацца, Раман Дзямідавіч.
Калун. Да хуткай сустрэчы, Іван Ігнатавіч.
Іван выходзіць, але тут жа вяртаецца, набірае нумар тэлефона.
Іван. Ардынатарская?.. Зноў наконт Арыны… Крывіч… Добра. Дзякую. Пазваню пазней…
Калун. Што-небудзь сур’ёзнае з жонкаю?
Іван (нібы не чуе пытання). Хацеў спытацца, што з мастаком было?
Калун. Распранулі да нагавіц і вызвалілі мастака…
Іван. І што, больш не малюе?
Калун. Хто?
Іван. Мастак.
Калун. Ад пасады вызвалілі. Цяпер няхай малюе.
Іван. Дзякую.
Калун (з хітрай усмешкай). А што, калі я заўтра да цябе на вёску заеду?
Іван. А чаму б і не заехаць? Я і лазню натаплю…
Калун. А чаму б нам і генеральнага дырэктара не запрасіць?
Іван. З Шашалем?
Калун. А цябе голай рукой не бяры.
Іван. Голай не бяры. (Высыпае на стол кавалачкі ананімкі.) Гонар маю! (Выходзіць.)
Калун. Ні халеры ты, братка, не маеш. А ў мяне дзве копіі засталіся (вымае дзве паперы): адна з «Правды», а другая з «Известий».
Уваходзіць Шашаль.
Во работа, панімаеш, не тое што ў цябе, караеда.
Шашаль. Нешта трэба рабіць, Раман Дзямідавіч…
Калун. Ты яшчэ павучы Рамана Дзямідавіча. (Выходзіць.)
Зацямненне.
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
Карціна трэцяя
Кабінет Фёдара Максімавіча. Ён нічым не адрозніваецца ад кабінета Хазяінава. Толькі больш тэлефонаў, на сцяне карта рэспублікі, над картай партрэт У. І. Леніна. Фёдар Максімавіч праглядае дакументы.
Голас па селектары. Фёдар Максімавіч, інжынер Балоцін ужо тут…
Фёдар. Няхай заходзіць. Астатніх у тым парадку, як дамовіліся, і толькі па адным.
Голас па селектары. Добра.
Уваходзіць Балоцін.
Балоцін. Дазвольце, Фёдар Максімавіч.
Фёдар. Вітаю вас. Сядайце, калі ласка. (Паказвае на стол пасяджэнняў, сам садзіцца насупраць.) Васіль Мікалаевіч, вельмі коратка і вельмі… і вельмі чэсна па любаградскай праблеме.
Балоцін. Калі коратка, то справы дрэнь. А калі і сумленна, то будуць яны яшчэ горшыя… Арыфметыка простая, лічбы жахлівыя. За дваццаць гадоў мы здабылі каля двухсот мільёнаў тон сільвінітавай руды і пры гэтым засалілі, падтапілі і затапілі столькі зямлі, на якой некалі хлеб рос, што даводзіцца перасяляць дваццаць пяць тысяч сялян. К двухтысячнаму году дабудзем мільярд… Колькі ж нам давядзецца перасяліць, як мы выберам усе восемдзесят мільярдаў?
Фёдар. А чаму гэта пытанне вы задаяце мне?
Балоцін. Каб адказаць: калі ў бліжэйшыя гады не зменіцца тэхналогія здабычы і перапрацоўкі руды, трагедыя будзе непазбежнай, а працэсы знішчэння жывога на тэрыторыі ў дваццаць тысяч квадратных кіламетраў не абарачальныя. А на гэтай тэрыторыі сёння жыве каля сямісот тысяч чалавек.
Фёдар. Але ж гэта калі тэхналогія не будзе зменена…
Васіль. Справа ў тым, Фёдар Максімавіч, што ні навука, ні міністэрства ў гэтым тысячагоддзі такой задачы перад сабой не ставяць. Апрача таго, для прамыўкі сільвініту абагачальныя фабрыкі адкачваюць такую неверагодную колькасць артэзіянскай вады, што ў недалёкім будучым вакол заборных свідравін у радыусе дзесяткаў кіламетраў практычна павінна стварыцца пустыня.
Фёдар. Што яшчэ? Вы ўжо давайце ўсе страхі адразу…
Балоцін. Самае жахлівае, Фёдар Максімавіч, у тым, што на працягу дваццаці гадоў вецер разносіць над палямі і лясамі тысячы тон солевага пылу ў год. Многія мільёны тон хімічна агрэсіўных расолаў штогод атручваюць грунтавыя і артэзіянскія воды. Катастрафічныя вынікі гэтага ў будучым цяжка сабе ўявіць. Вывады, як кажуць, напрошваюцца самі сабою…
Фёдар. Не ўжо, шаноўны, фармулюйце вашы вывады самі…
Балоцін (пасля доўгай паўзы). Калі мы падлічым страты, нанесеныя грамадству і прыродзе, выявіцца, што здабыча калію тым спосабам, якім хімікі карыстаюцца сёння, была самым безадказным марнатраўствам, калі не авантурай…