Фёдар. Вы не згушчаеце, Васіль Мікалаевіч?..
Балоцін. Я знаёмы з даследаваннямі двух дзесяткаў інстытутаў, якія спрабуюць хоць што-небудзь прапанаваць, каб выратаваць ці хоць як-небудзь абараніць прыроду Любаградчыны. Ну, а я спрабую хоць як-небудзь скаардынаваць іх спробы.
Фёдар. Што значыць — спрабую?! Вам даручылі ўзначаліць распрацоўку комплекснай праграмы аховы прыроды прамраёна, а вы спрабуеце!..
Балоцін. Справа ў тым, Фёдар Максімавіч, што праграма не забяспечана ні тэхнічна, ні фінансава, ні арганізацыйна.
Фёдар. Я ўжо трэці месяц працую сакратаром абкома. Чаму ж вы паведамляеце мне пра гэта толькі сёння і пасля таго, як я вас знайшоў, а не вы мяне?..
Балоцін. У міністэрстве, якому падначалены наш інстытут, мне катэгарычна не рэкамендавалі гэтага рабіць. А днямі мне забаранілі абнародаваць тэхніка-эканамічныя выкладкі па праблеме аховы прыроднага асяроддзя ў прамраёне.
Фёдар (узрываецца). Выкладкі! Запіскі! Дакладныя! Рэестры!.. Вас жа не рэгістратарам жахаў паставілі ў Любаградзе!
Балоцін. Калі прамыславікі, чыноўнікі і вучоныя сімулююць кіпучую дзейнасць, павінен жа хто-небудзь хоць бы рэгістраваць сапраўднае становішча…
Фёдар. Вы камуніст?
Балоцін. Я беспартыйны, але сумленны чалавек. Слабы, але сумленны. Гэтым і казнюся і ганаруся.
Фёдар. Арыгінальна.
Балоцін. Таму было б вельмі справядліва, калі б вы паставілі на маё месца каго-небудзь іншага, больш моцнага. Пры такіх сур’ёзных і вялікіх праблемах адной сумленнасці мала. Тут зубамі трэба…
Фёдар. За сумленнасць дзякую. А працаваць я вас прымушу! Вы ў мяне будзеце працаваць і галавой і зубамі!.. Знайшоўся непраціўленец.
Голас па селектары. Фёдар Максімавіч, акадэмік Мухіна ўжо тут…
Фёдар. Прасіце…
Уваходзіць Мухіна.
Мухіна. Добры дзень, Фёдар Максімавіч! Вітаю вас, Васіль Мікалаевіч!
Фёдар (вітаецца). Рад вас бачыць, Зінаіда Тарасаўна. Сядайце. У нас размова пра абарону існага на зямлі. Не падтрымаеце?..
Мухіна (радасна, узбуджана). Вельмі дарэчы, Фёдар Максімавіч! Вельмі! Усё збіралася да вас, «из дальних странствий возвратясь». Гара пытанняў, куча праблем, не кажучы пра ўражанні. Канферэнцыя ў Жэневе, сімпозіум у Парыжы, калёквіум у Маскве, свой з’езд аховы прыроды. Вельмі шкадавалі, што вы не змаглі быць. Але магу вас запэўніць, усё прайшло на вышэйшым арганізацыйным і палітычным узроўні. І даклады, і выступленні, і віншаванні зверху, і крытыка знізу, хоць давялося, канечне, папрацаваць…
Фёдар. І што ж там у Жэневе?
Мухіна. Кашмар! Паслухаеш прадстаўнікоў капіталістычных краін — валасы варушацца. Песімізм і безнадзёга неверагодныя. Вучоныя з сусветнымі імёнамі, а тэрміналогія і ацэнкі проста жудасныя. Адзін — пра перагрэў планеты і сусветны патоп, другі — аб амярцвенні сусветнага акіяна, трэці — аб апустыньванні кантынентаў. Кашмар і канец свету! Упачатку нават цяжка было сарыентавацца. Але пасля, канечне, параіліся і далі панікёрам і капітулянтам дастойны бой. Трэба сказаць, што пасля гэтага наша дэлегацыя была ў цэнтры ўвагі. А калі я ў дакладзе заявіла, што ў нас у цудоўным стане дзесяць тысяч азёр, шэсць тысяч рэк…
Балоцін. Чатыры тысячы рэк…
Мухіна. Чаму чатыры? Заўсёды было шэсць.
Балоцін. Заўсёды было, а зараз чатыры. І азёр ужо напалавіну менш…
Мухіна (робіць выгляд, што не чуе Балоціна). А калі паведаміла, што амаль палова рэспублікі занята цудоўнымі лясамі, у якіх працвітаюць зубры, бабры, мядзведзі і іншыя прадстаўнікі фауны, а Таварыства аховы дзесяць гадоў запар трымае пераходны сцяг, у зале грымнулі такія апладысменты…
Фёдар. Вы лічыце, што залу так усхваляваў пераходны сцяг?
Мухіна (не зразумеўшы іроніі). Думаю, што не толькі. Яны яшчэ наладзілі сапраўдную авацыю ў тым месцы, дзе я паведаміла, што ў нас, як і ў іншых саюзных рэспубліках, сёлета выдадзена «Чырвоная кніга», у якую мы занеслі не меншую колькасць жывёл і раслін, чым у любой развітой капіталістычнай краіне. Былі і выкрыкі з галёркі, але, на жаль, з замежнымі мовамі ў нас…
Фёдар. З замежнымі мовамі ў нас не бліскуча, што праўда, тое праўда… А знішчыць, каб потым занесці ў «Чырвоную кнігу», подзвіг невялікі. Чым уводзіць «Чырвоныя кнігі», ці не лепш было б не пераступаць чырвонай мяжы…