Выбрать главу

Мухіна. Фёдар Максімавіч, вы цудоўна сказалі! І калі ўзяць у маштабах рэспублікі, а лепш краіны…

Фёдар (перапыняе). Даруйце, Зінаіда Тарасаўна, але не будзем пакуль браць у маштабах… Наша гутарка з Васілём Мікалаевічам сёння не выходзіць за межы Любаградскага раёна. А паколькі вы не толькі ўзначальваеце наша слаўнае Таварыства аховы, але і з’яўляецеся яшчэ кіраўніком навуковага Савета па праблеме ліквідацыі шкодных вынікаў калійнай вытворчасці, то мы будзем удзячны, калі вы…

Мухіна. Разумею, Фёдар Максімавіч…

Фёдар. І калі можна, Зінаіда Тарасаўна…

Мухіна. Разумею, Фёдар Максімавіч, і рада далажыць, што вынікі работы Савета пераўзышлі ўсе нашы планы — тры доктарскія і восем кандыдацкіх, чатыры манаграфіі, шэсць зборнікаў і дзесяткі артыкулаў. Нам удалося выйсці на просты і арыгінальны спосаб ліквідацыі хвастоў, які палеатыўна вырашае і праблему папярэджвання правалаў глебы над выпрацоўкамі.

Фёдар (з іроніяй). А вы панікуеце, Васіль Мікалаевіч.

Уваходзіць Сямёнаў.

Сямёнаў. Дазвольце…

Фёдар. Заходзь, медыцына, заходзь.

Сямёнаў. Даруйце, калі спазніўся. (Вітаецца з усімі.)

Фёдар. Нічога. Мы толькі што перайшлі да абвінаваўча-абарончых прамоў адносна знішчальнікаў прыроды.

Сямёнаў. Наслухаліся мы з Зінаідай Тарасаўнай гэтых прамоў. Ох і моцна ж уліплі паны буржуі ў бяду веку! Толькі няма нам ад таго радасці. Уласныя экалагічныя праблемы і не прасцейшыя, і не лягчэйшыя, ды і з іхнімі ўсё часцей і часцей сутыкаюцца. На адным шарыку жывём, а ён такі маленькі.

Мухіна. Вы пра шарык, як той Маленькі прынц…

Сямёнаў. Будзеш прынцам, калі ланцуговая рэакцыя знішчэння жывога на планеце прымае маштабы і хуткасці пагражальныя. Ды што на планеце?! Не так даўно па пісьму аднаго доктара ў Любаград ездзіў. Такога наглядзеўся… Сады ў балотах, палі ў правалах, рэкі перасохлі, дрэвы чахнуць… Куды ідзём?! Што сабе думаем?! Мне іншы раз здаецца, калі мы хочам выратаваць біясферу, ад якой залежыць наша існаванне…

Мухіна. Ну, гэта вы ўжо зусім панікуеце, Мікалай Сяргеевіч.

Сямёнаў. Відаць, з гэтае прычыны, Зінаіда Тарасаўна, мне і не спадабаўся ваш бадзёранькі даклад у Жэневе.

Мухіна. Ну, гэта ўжо справа густу.

Сямёнаў. Даруйце, аб густах можна спрачацца, абмяркоўваючы, скажам, вартасці капялюшыка ці нечага ў гэтым сэнсе…

Мухіна (гулліва). Вы мяне крыўдзіце…

Сямёнаў. Толькі таму, што экалагічная праблема — гэта сусветная праблема. Калі дрымота зацягнецца — нам ніхто не дапаможа.

Мухіна (паўжартам). Мікалай Сяргеевіч, вы ўжо зусім губляеце класавыя пазіцыі.

Сямёнаў. Класавыя, кажаце?.. Калі мы, паважаная, будзем па-сапраўднаму змагацца за чысціню на зямлі і ў небе, у сябе дома, і ў Жэневах, наша пазіцыя заўсёды будзе класавай. Небяспека, і рэальная, у тым, каб паветра, якім дыхаюць усе класы, не знікла раней за класы. Фёдар Максімавіч, вы ведаеце, што хімічныя і іншыя «брудныя» прадпрыемствы больш ці менш раўнамерна пакрылі ўсю тэрыторыю нашага краю. І гэта не небяспечна. Ачышчальныя збудаванні не ідэальныя. Нярэдка яны прымітыўныя. Да таго ж у гэтай справе многа недагляду і безадказнасці.

Фёдар. Ты каму жалішся?! На каго скардзішся?!

Сямёнаў. Я не скарджуся. Я канстатую сітуацыю…

Фёдар. Ах, канстатуеш!..

Сямёнаў. І толькі таму, што яна небяспечная…

Фёдар. Ты мяне яшчэ і палохаеш?..

Сямёнаў. Я не палохаю, я сам баюся…

Фёдар. Вось гэта ўжо прасвятляе становішча.

Сямёнаў. Справа ў тым, што прадпрыемствы расшыраюцца. Расшыраюцца і парасоны шкодных выкідаў над імі. Калі гэтыя парасоны злучацца між сабой, нам усім будзе дрэнна ў пераносным і літаральным сэнсе.

Фёдар. Ну і што ты прапануеш у гэтай сітуацыі?

Сямёнаў. Я не магу прапанаваць сёння нічога радыкальнага.

Фёдар. Адзін слабы, другі не можа…

Сямёнаў. Губяць прыроду і атручваюць атмасферу, як правіла, буйныя прадпрыемствы. І мы нічога не можам зрабіць. Іх кіраўнікі паводзяць сябе, як удзельныя князі. Яны незалежныя. Яны проста ігнаруюць санітарную службу ці, у лепшым выпадку, плоцяць штрафы з дзяржаўнай кішэні.

Фёдар. Што яшчэ?