Выбрать главу

Сямёнаў. Яшчэ, Фёдар Максімавіч, прамысловасць так хутка павялічвае колькасць элементаў, што трапляюць у адыходы, што мы не паспяваем разлічваць адпаведных гранічна дапушчальных канцэнтрацый. Нашы разлікі заўсёды былі заснаваны на прамым уздзеянні якога-небудзь аднаго шкоднага рэчыва на арганізм чалавека. Сёння ж такіх рэчываў выкідаецца дзесяткі. Яны ўступаюць у рэакцыю адзін з другім і ўтвараюць новыя злучэнні, якія трапляюць у арганізм чалавека ў канцэнтрацыях, што перавышаюць гранічна дапушчальныя ў дзесяткі разоў.

Фёдар. Цяпер зразумела, што пры такіх лічбах ты нават не ўпамінаеш пра тое, што ў паветры нашага горада фенол перавышае дапушчальную норму больш, чым у сорак разоў. А трэба было б у званы ўдарыць. Сірэну ўключыць!

Сямёнаў. Не б’ю ў званы толькі таму, што з’явілася небяспека больш сур’ёзная. Сёння з усёй вастрынёй у свеце і, натуральна, у нас паўстае пытанне аб захаванні і зберажэнні генетычнага фонду насельніцтва. Не раслін, не жывёл — хоць гэта праблема не меншая, — а чалавека. Гэты фонд пад пагрозай змянення, і не ў лепшы бок. Справа ў тым, што многія вытворчыя нечыстоты, здольныя выклікаць мутагенны эфект, паражаюць генетычны апарат не толькі сучаснага пакалення людзей. Яшчэ большая небяспека ў тым, што «нябачныя» сёння мутагенныя змены, што адбываюцца ў палавых клетках, праявяцца ў наступных пакаленнях у выглядзе спадчынных хвароб.

Фёдар. І ты рашыў паведаміць мне гэта па сакрэту? А я хачу, каб пра гэта ведалі ўсе! А яшчэ я не хачу, каб нашы з табой унукі і праўнукі нараджаліся калекамі! Мікалай, дарагі, я разумею, што гэта сур’ёзна, але чаму ты скардзішся, а не дзейнічаеш? Усе імкнуцца паскардзіцца, пажаліцца, паплакацца, зваліць з хворай галавы на абставіны. Адказныя людзі ператварыліся ў сорак тысяч кур’ераў, што пастаўляюць інфармацыю! А хто ж будзе справу рабіць, дзейнічаць, рашаць пытанні, а не толькі ставіць іх? Мікалай Сяргеевіч, ты ж намеснік міністра. Ты адказны за здароўе цэлага народа. Дык пратэстуй! Патрабуй! Змагайся! У кроў разбіся, калі абставіны таго патрабуюць, але свайго дамажыся, справу зрабі. Дымяць, капцяць, шкодзяць прыродзе і людзям — дык спыні, забарані, закрый, апячатай! Прыцягні да адказнасці не гледзячы, князь ён ці дробны паскуднік. У нас жа цудоўныя законы! А ты член урада! Дык дзейнічай ад яго імя! Прымай меры! І запомні: ці дзеянне ў большым і малым, ці ўсё пойдзе да чортавай матары!

Мухіна. Я вельмі і вельмі згодна з вамі, Фёдар Максімавіч.

Фёдар. Дзякую, што хоць не пярэчыце… (Сямёнаву.) А зараз канкрэтна: хто, што і ў якіх канцэнтрацыях перавышае ў Любаградзе?..

Сямёнаў. Пра Любаград, Фёдар Максімавіч, размова асобая. Сёння толькі скажу, што там жартуюць з амінамі і іншымі рэагентамі. Для доктара Арыны Крывіч гэтыя жарты скончыліся сумна…

Мухіна (у жаху). Арыны Крывіч?!

Мухіна, Фёдар і Балоцін адначасова ўстаюць з-за стала.

Фёдар. Арына памерла?!

Сямёнаў (зразумеўшы сваю памылку). Даруйце, жывая, але…

Мухіна (як стаяла, так і села). Госпадзі! Ці ж так можна?!

Фёдар (усхвалявана). Мікалай! Яна павінна жыць! Павінна, разумееш?! Я заклінаю цябе, выратуй яе!

Сямёнаў. Фёдар Максімавіч, мы робім усё неабходнае, але вострая інтаксікацыя можа завяршыцца развіццём пячоначнай комы. А гэта амаль заўсёды вырашае лёс хворага…

Фёдар. Пры чым тут печань? Я сам бачыў нешта накшталт астмы?!

Сямёнаў. Тое, што вы бачылі, было толькі знешняй праявай асноўнай хваробы. Адмаўляюць печань, ныркі…

Фёдар. І ты думаеш…

Сямёнаў. Так, Фёдар Максімавіч. Хворая працяглы час была пад інгаляцыйным уздзеяннем амінаў. Гэта выклікала змены ў крыві і прыгнечанне нервовай сістэмы.

Фёдар. Ты вельмі засмуціў мяне.

Уваходзіць Ігнат.

Ты вельмі засмуціў мяне, Мікалай Сямёнавіч…

Ігнат. Можна, я без дакладу, а то ваш хлопец некуды выйшаў, а мне…

Фёдар. Заходзь, Ігнат Кірылавіч. Што-небудзь здарылася?

Ігнат. Калун Івана зноў у кантроль павалок. У бальніцы знайшоў і на цугундзер… Ну, замучылі, замардавалі, зацягалі чалавека. Таго і глядзі ўкладуць, самога ўкладуць разам з жонкай…

Фёдар. Калун! Калун! Калун! Я без году нядзеля ў абкоме, а толькі і чую, што Калун. Колькі іх у нас? (Націскае клавішу селектара.)

Голас па селектары. Слухаю, Фёдар Максімавіч.

Фёдар. Будзь ласкаў, пашукай мне Калуна з кантролю.