Выбрать главу

Голас па селектары. Добра, Фёдар Максімавіч.

Ігнат. Здарова, Зінаіда. Па начальству ходзіш, а на партызанскую сустрэчу не прыехала?..

Мухіна. Шкадую, але была ў Жэневе.

Ігнат. Не шкадуй. З Жэневы ты яшчэ на тым тыдні вярнулася, а мы ўчора збіраліся. (Сямёнаву.) І ты, Мікола, даўно бацькаву магілу не наведваў. (Вітаецца з Сямёнавым, Мухінай, Балоціным, садзіцца за стол. Фёдару Максімавічу.) На маім сумленні тая дарога, мяне і казні. А Івану Іванава яшчэ будзе… Там такое… (Адварочваецца, змахвае слязу.)

Фёдар. Я ведаю…

Голас па селектары. Фёдар Максімавіч. Траян хацеў бы зайсці перад тым, як прыйдзе Хазяінаў.

Фёдар. Добра.

Уваходзіць Траян. Вітаецца з Фёдарам, знаёміцца з Балоціным і Мухінай.

Фёдар. Хіба вы не знаёмы?..

Траян (садзіцца за стол). На жаль…

Фёдар (загадкава). На жаль… (Уважліва разглядае крыху збянтэжанага Траяна.) Даўно не бачыліся, Міхаіл Кузьміч, вось я вас і разглядаю. Рэдка сустракаемся… на жаль… Ну, расказвайце, як справы на рудніках…

Траян (вельмі бадзёра). Усё ў норме, Фёдар Максімавіч. Соль ідзе на-гара, новы руднік гудзе на поўную моц. Настрой у рабочага класа добры, заработак таксама, а адсюль і паказчыкі. Словам, пакуль усё добра, хоць пытанні, канечне, ёсць…

Фёдар. Выкладвайце, калі ёсць…

Траян (глянуўшы на прысутных). Я магу…

Фёдар. Можаце як на духу…

Траян. Калі мне расказалі пра гэта хуліганства з дарогай, я не паверыў. І калі прынцыпова, па-партыйнаму, то рана ці позна, а Крывіча давядзецца мяняць. Гэта, канечне, не маё пытанне, але куды дзенешся. Не работа — бесперапынная тузаніна. Зараз, напрыклад, не дае зямлю пад хвасты…

Ігнат. Дзвесце гектараў Хазяінаву пад хвост. Прыгожа гучыць…

Траян. Потым, вечна мітусіцца, усіх разносіць, чуць што — пісьмы, запіскі, пратэсты, акты. А цяпер вось яшчэ і форменная дыверсія. У іх у крыві ўжо гэтыя партызанскія замашкі.

Фёдар. Што ёсць, то ёсць. (Глядзіць на Ігната.)

Траян. І ў калійнай вытворчасці ні ў зуб нагой. Старшыня райвыканкома, а мысленне… Потым, расказваюць, што бацька ў яго склочнік, якіх мала. Некалі быў старшынёй калгаса, пайшоў на пенсію, а фактычна кіруе раёнам. Мне той жа Шашаль такія рэчы расказваў — вушы вянуць. Я, канечне, не магу катэгарычна сцвярджаць, што Крывіч беспрынцыповы ў адносінах да Хазяінава, але ў тым, што Ілья Міхайлавіч жанаты на яго сястры, нязручнасць ёсць, і вялікая.

Фёдар. Што ж яму, разжэньвацца з гэтае прычыны?

Траян. Я думаю, што больш мэтазгодна было б…

Ігнат. …старшыню замяніць, а жонку пры дырэктары пакінуць…

Фёдар. А з цесцем дырэктара як быць? Гэта ён учыніў дыверсію.

Траян. А цесця судзіць!

Фёдар. Тады пачнём…

Ігнат (устае). Воля ваша, толькі мая праўда…

Фёдар. Учыніў дыверсію і — яго праўда?!

Ігнат. Учыніў, але мая…

Фёдар. Знаёмцеся, Міхаіл Кузьміч, перад вамі бацька старшыні райвыканкома і цесць генеральнага дырэктара, ён жа пенсіянер, ён жа Ігнат Кірылавіч Крывіч. (Ігнату.) Ты сядай.

Траян (спачатку губляецца, потым весела рагоча). Вось гэта пасаж, як некалі казалі! (Смяецца.) Не, гэта толькі вы можаце, Фёдар Максімавіч! Толькі вы. (Да Ігната.) А цяпер скажыце, дарагі таварыш, навошта ж было хуліганіць у вашым-то ўзросце?!

Ігнат. А навошта ў вашым узросце ды яшчэ ў такім месцы глупства гаварыць? Даруйце, не ведаю, хто вы.

Фёдар. Траян — старшыня Любаградскага гарвыканкома.

Ігнат. Чуў, але не бачыў. Разы са два, праўда, спрабаваў убачыць, але ён мяне не прыняў. А на партызанскія сустрэчы не ходзіць… І калі ўжо мяне судзіць, дык пасля яго.

Фёдар. Богу богава… а сёння табе адказ трымаць. Будзь ласкаў расказаць, як была справа…

Ігнат. Лёгка сказаць — расказаць. А мяне ад аднаго ўспаміну ліхаманка б’е… Выходжу з хаты, а па вуліцы — пыл слупам: нясецца нехта на матацыкле на злом галавы. Прыглядаюся — брыгадзір Сініца. Ну, думаю, зноў Шашалеву дамбу з жыжай прарвала. А Сініца за мацюкамі слова сказаць не можа. Паглядзі, крычыць, што сволачы з агуркамі і памідорамі зрабілі! На матацыкл — прылятаем. Глянуў, усё расце, буяе, агуркі па тапарышчу, памідоры па гаршку, а праз гэту прыгажосць гусеніцамі магістраль прабіта. Ад злосці і крыўды захлынуся, думаў. А мухаеды, прабачце, набіць некаму — навокал ні душы. Толькі бульдозер іхны сярод поля. Што рабіць?.. Завялі мы яго, слупкі з зямлі тросам павыцягвалі і тут жа спалілі. Канавы загладзілі… А раніцой гэтыя бандыты ўвальваюцца ў кантору і да мяне з кароткімі гужамі: вы старшыня? Я, адказваю. А старшыні не было. Вы што тут! — раве. Мы дарогу вядзём, Хазяінава ратуем, а вы безабразія творыце! Мы вас, крычыць, судзіць будзем!.. Пакуль старшы петушыўся, а памочнікі кудахталі, я паклікаў участковага і ўсіх адправіў у пракуратуру. Праўда, старшага спытаў, ці чытае ён газеты. Чытаю, кажа, калі трэба. А закон пра зямлю чытаў?.. Інжынер-пуцеец з вышэйшай адукацыяй у агарод з бульдозерам, як свіння з рылам, лезе, а закона не чытаў, паразіт! Нам, кажа, не да законаў, нас на прарыў кінулі. Бачу, што дурань…