Выбрать главу

Ігнат. Разборліва распішыся, а то не павераць. Вось так! Дзякую табе, родны! Да самага вечара сябе на «вы» называць буду. (Складае карту.)

Траян. З чаго б такая самапавага?..

Ігнат. З таго, як кажа мая баба, што знаў Ігнат Крывіч, каго сабе ў камісары выбіраць. Цяпер я ім, прахвостам, паршывай купіны без бою не здам. Мінуліся табе, зяцёк, Бэркавы клёцкі. (Фёдару.) Дык я пайду… Арыштантам работу дам.

Фёдар. Пасядзі. І яны няхай пасядзяць, раз заслужылі. А Міхаіл Кузьміч тым часам раскажа нам, як ён у Любаградзе прыроду ахоўвае і руднікамі кіруе.

Траян. З задавальненнем, Фёдар Максімавіч.

Фёдар. З задавальненнем кіруеш ці з задавальненнем раскажаш?

Траян (смяецца). І тое, і другое.

Фёдар. Ну-ну…

Траян. Мы лічым, Фёдар Максімавіч, што ў гэтым кірунку ўсё ідзе нармальна. Працуюць інстытуты, складаюцца тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні, праводзяцца нарады і сімпозіумы. Днямі думаю пазнаёміцца з кіраўніком групы…

Фёдар (на Балоціна). Ён перад вамі…

Траян (крыху губляецца). Вельмі прыемна… Найбольш значныя поспехі, як мне расказвалі, у акадэміка Мухіна.

Фёдар. У Мухінай. Знаёмцеся з Зінаідай Тарасаўнай.

Траян (зусім губляецца). Вельмі прыемна… Павінен яшчэ адзначыць выключна вялікую работу вытворчага аб’яднання і асабіста Ільі Міхайлавіча.

Ігнат (Хазяінаву). А што гэта ты, Ілья Міхайлавіч, мне, як дзеўцы, усё на нагу наступаеш?

Хазяінаў. Прабачце, я незнарок.

Ігнат. А я падумаў, што ты таварышу Траяну сігнал падаць хочаш.

Хазяінаў. Які яшчэ сігнал?

Ігнат. Чырвоны. У сэнсе стоп — далей не трэба.

Траян. Што не трэба?

Ігнат. Заліваць не трэба. Заліваеце вы надта, дарагі таварыш. Пеяце, як салавей, аж сябе не чуеце.

Траян (разгублена). Не, гэта немагчыма…

Ігнат. Не крыўдуйце. Калі па-добраму, то мне вас нават шкада троху. Вас іншыя салаўі, накшталт Шашаля і майго зяця, пошчакамі цешаць, а вы з іх свісту высокаму начальству заліваеце. А пра тое, што наша вадасховішча на 25 мільёнаў кубоў апынулася вышэй таго самага прыроднага асяроддзя, якое ўсе абараняюць, і што гэта гара вады можа аднойчы выскачыць са сваіх дамб і затапіць усю акругу, вось пра гэта чамусьці ўсе маўчаць.

Траян. Як гэта выскачыць?..

Ігнат. Як са шчарбатай міскі. Вось Зінаіда ведае: калі соль выбіраюць — зямля асядае. Пад возерам і яго дамбамі таксама выбралі. Дамба аднойчы трэсне ці асядзе — і пачнём плаваць. У нас лодкі — нам звыкла. А некаторых і змыць можа. А калі вадзіцай яшчэ і хвасты падмочыць, то…

Фёдар. Даруй, не зразумеў…

Ігнат. Далажы, Васіль Мікалаевіч, а то іншыя саромеюцца…

Балоцін. Пры аварыйнай сітуацыі шламасховішчы і солеадвалы будуць затоплены. А гэта значыць, што будуць атручаны і засолены не толькі азёры, балоты і нізіны, але і ўсе рэкі да самага сіняга-сіняга мора. Небяспека яшчэ і ў тым, што аварыйная сітуацыя можа скласціся не толькі з прычыны прарыву дамб, але, што яшчэ страшней, і ў павадкавы перыяд.

Траян. Ведаеце, паважаны…

Ігнат. І вам бы ведаць варта, а не ліць ваду ў халяву.

Траян. Прабачце, Фёдар Максімавіч, але…

Фёдар. Не трэба прабачэнняў. Вы мне лепш скажыце як галава Савецкай улады прамысловага раёна: чаму не працуюць руднікі? І чаму я пра гэта даведваюся не ад вас і не ад Хазяінава?

Траян (глядзіць на Хазяінава). Як не працуюць?! Я толькі што гаварыў з Шашалем…

Фёдар. Вы не пра тое з ім гаварылі. (Хазяінаву.) А вы, аказваецца, хацелі схаваць ЧП не толькі ад мяне, але і ад Савецкай улады?!

Хазяінаў. А чым бы яна мне дапамагла?..

Фёдар. Вось як?!

Хазяінаў (спахапіўшыся). Мы думалі, управімся самі. Сваімі, так сказаць, сіламі… Разумееце, Фёдар Максімавіч, мы затаварыліся. Няма куды дзяваць гатовую прадукцыю. Часовая дарога — гэта было выратаванне. Думалі, выкруцімся… Фёдар Максімавіч, я гатовы несці адказнасць, але…

Фёдар. Панясеце без ніякіх «але»!

Траян. І было б справядліва, каб разам з Крывічамі. Мне думаецца, Крывіч-старэйшы не адважыўся б сарваць будаўніцтва дарогі без санкцыі на тое Крывіча-малодшага.

Ігнат. Не трэба круціць. Не трэба! (Хазяінаву.) Калі мы сюды ехалі, то быў рады, што Крывічы сарвалі будаўніцтва тваёй дурацкай дарогі. Ты зразумеў, што цяпер усё можна будзе зваліць на старшыню, а заадно і яго самога. Але не выходзіць! І як яно можа выйсці, калі слупкі мы павырывалі пазаўчора ранічкай, а руднікі вы спынілі калі?..