Выбрать главу

Фёдар. Абараняйцеся, таварыш Хазяінаў!..

Ігнат. Дык жа нечым крыць.

Хазяінаў. І Крывіч старэйшы, і Крывіч малодшы ненавідзяць мяне.

Фёдар. У такім разе вы нічога не зразумелі ні ўчора, ні сёння.

Хазяінаў. Я ўсё разумею, але мне цяжка абараняцца.

Фёдар. Чаму?

Хазяінаў. Крывічы злоўжываюць вашым імем і вашымі добрымі да іх адносінамі. Яны рыхтуюць мне адстаўку.

Фёдар. А вось гэта ўжо забаронены прыём. Калі не маеце падстаў наступаць, дык хоць абараняйцеся сумленна.

Хазяінаў. Не бачу сэнсу.

Фёдар. Як гэта не бачыце?

Хазяінаў. У нас розныя вагавыя катэгорыі, Фёдар Максімавіч. І калі я прайграў Крывічам, то вам…

Ігнат. Казанская сірата…

Фёдар (Хазяінаву). Збіраецеся прайграваць і другі раз меціце ўдарыць ніжэй пояса. Несумленна, таварыш дырэктар! І не прыкідвайцеся загнаным у кут! Вы не з баязлівага дзесятка. Я вас даўно ведаю. І ад бою са мной вы ўхіляецеся не таму, што ў нас розныя вагавыя катэгорыі. Я сакратар абкома партыі, вы кіраўнік буйнейшага ў краіне прадпрыемства! І ў дадзеным выпадку вас стрымлівае не дэфіцыт вагі. У вас ёсць вага, і значная, але ў вас няма пазіцыі і няма адказнасці, ці не было, ці вы яе згубілі на нейкім этапе дырэктарства… Наша безадказнасць раўназначна шкодніцтву. Вашы паводзіны мне не зразумелыя! Вы скампраметавалі сябе перад рабочым класам! А вы, Міхаіл Кузьміч, скампраметавалі самую Савецкую ўладу.

Траян. Фёдар Максімавіч, што тут магла Савецкая ўлада?

Фёдар. Савецкая ўлада ў руках тых, хто мае прыстойную галаву, можа ўсё! Усё, без выключэнняў! Выбаршчыкі далі сваёй уладзе ўсе паўнамоцтвы і сродкі! А як вы імі карыстаецеся? Яны ж іржавеюць у вашых халодных руках, гэтыя самыя сродкі Савецкай улады. Пагэтаму і толькі пагэтаму ў вас згубіў самакантроль і адказнасць удзельны князь Хазяінаў!

Траян. Будзем прымаць меры…

Фёдар. Прымаць меры… Вы думалі, што пасля памінак я паляцеў дамоў. Не, шаноўныя! Пралятаючы над руднікамі, я заўважыў, што яны не працуюць. Вярнуўся і аблазіў усё. Бачыў і лунныя пейзажы, і разломы, і правалы, і шлейфы дыму да гарызонта.

Ігнат. Іх толькі і браць з налёту. А то навялі б марафет.

Фёдар. Зінаіда Тарасаўна, сутнасць вашага праекта?

Хазяінаў. Сутнасць яго ў тым, што ён абышоўся б дзяржаве ў мільярд рублёў.

Мухіна. Вы блізкія да ісціны. Сапраўды, такі кошт памылак і пралікаў.

Фёдар. Калі ўсё лічыць на грошы, можна чорту душу прадаць… Сутнасць праекта, Зінаіда Тарасаўна?!

Мухіна. Закладка ўсіх цвёрдых адыходаў вытворчасці ў выпрацаваныя шахты. Гэта адзінае, што прадухіліла б правалы і асяданне зямной паверхні. І другое, закачка расолаў і шламаў у паглынаючыя падсолевыя гарызонты.

Балоцін. Разлік на закачку расолаў трэба забыць назаўсёды, як, між іншым, і ўвесь праект Зінаіды Тарасаўны.

Хазяінаў. Абсалютна правільна. Тое, што ўжо здабылі з-пад зямлі, назад не схаваць. За дваццаць гадоў шахты абваліліся. Закладка адыходаў у свежыя выпрацоўкі шахт у бліжэйшы час таксама стане немагчымай — мы пераходзім на спосаб здабычы, пры якім дах шахт абвальваецца следам за камбайнам.

Мухіна (разгублена). На распрацоўкі гэтай ідэі мы загубілі столькі часу і сродкаў… І, ведаеце, не трэба так заўзята…

Балоцін. Заўзята?.. Хіба вам, Зінаіда Тарасаўна, невядома, як на закачцы хімічных і іншых адыходаў ужо абпякліся не толькі немцы і амерыканцы, але і мы?.. Справа ў тым, Фёдар Максімавіч, што сёння ніхто не ведае, дзе ўсплывуць закачаныя пад зямлю адыходы. Артэзіянскія воды і іх патокі не вывучаны.

Фёдар. Вас паслухаць, дык выйсця наогул няма?..

Балоцін. Выйсце ёсць. Яно ў безадыходнай вытворчасці, гэта значыць у вытворчасці з поўнай перапрацоўкай адыходаў. У нашых умовах — унікальных, бясцэнных адыходаў.

Хазяінаў. Безадыходная вытворчасць немагчыма, як і вечны рухавік, ні заўтра, ні паслязаўтра. Гэта утопія, блеф!

Балоцін. Безадыходная вытворчасць не утопія, а рэальнасць нашых дзён. І ўладальнікі «брудных вытворчасцей» у капіталістычным свеце ідуць па гэтым шляху зусім не з любові да прыроды, але з эканамічнай выгады. Яны плоцяць за зямлю. А вы што, каму і колькі плоціце?.. Тое, што ў нас зямля дзяржаўная, яшчэ зусім не значыць, што яна не мае цаны…