Выбрать главу

Голас па селектары. Фёдар Максімавіч, у нас у прыёмнай Ніканаў Пётр Савіч. З даручэннем ад міністра. Пытаецца, калі вы зможаце яго прыняць.

Фёдар. Калі ў яго ад любаградцаў сакрэтаў няма, няхай заходзіць зараз.

Голас па селектары (праз паўзу). Ён кажа, што любаградцы вельмі дарэчы.

Фёдар. Ну і цудоўна.

Уваходзіць Ніканаў.

Ніканаў. Фёдар Максімавіч, мне літаральна дзве мінуты…

Фёдар. Мы вас слухаем… і не будзем спяшацца. Сядайце, калі ласка.

Ніканаў (садзіцца). Дзякую… Маю рэкамендацыі, я назваў бы іх настойлівымі, прасіць вас, Фёдар Максімавіч, адмяніць меры, прынятыя мясцовымі ўладамі ў адносінах вытворчага аб’яднання «Любаградкалій». Не сакрэт, што іменна гэтыя меры не толькі паралізуюць вытворчасць, але і ў нейкай ступені тэрарызуюць кадры. Я маю на ўвазе санкцыі пракуратуры, санстанцыі і іншых.

Фёдар Максімавіч доўга маўчыць, потым устае з-за стала, ходзіць па пакоі. Напружанае чаканне.

Фёдар (Ніканаву). На вялікі жаль, інтарэсы вашага ведамства замыкаюцца на колькасці здабытага сільвініту. Вы не нясеце адказнасці за санітарны, маральны і палітычны стан насельніцтва зоны «Любаградкалія» і яго наваколля. Вам лёгка прасіць… (Пасля доўгай паўзы.) Навука, вытворчасць і тэхналогія дасягнулі сёння такога ўзроўню, калі праблемы акаляючага асяроддзя не могуць быць пакінуты на міласць людзей, якія не маюць сацыяльнай адказнасці, не адчуваюць пакут зямлі, развучыліся плакаць па зямлі! У мірныя дні мы пакідаем незагойныя раны на той самай зямлі, за якую ў ліхую гадзіну аддаём мільёны сваіх жыццяў. На вялікі жаль, у тых, хто губіць прыроду, мала душы, а ў тых, хто яе абараняе, многа эмоцый. Але самае небяспечнае, што ні тыя, ні другія не маюць пра зямлю і прыроду дастатковай інфармацыі, глыбокай навуковай інфармацыі, якая прымусіла б нас аднойчы спыніцца, агледзецца, усвядоміць, асэнсаваць час і ўгледзецца ў яго, вызначыць сябе ў прыродзе.

Не трэба забываць, што нашы сацыяльныя і тэхнічныя магчымасці даюць нам не толькі радасці быцця, але і ставяць сур’ёзныя праблемы. Ланцуговая рэакцыя колькасці павінна кіравацца. Якасць жыцця, якасць спажывання, якасць мыслення — вось што павінна стаць яе вынікам. Чалавецтва ўступае ў перыяд, эпоху, паласу, як хочаце, надзвычайна строгай, калі не жорсткай эканоміі ва ўсім. Пакуль мы вымяраем нашы выкапнёвыя багацці мільёнамі і мільярдамі тон, а ваду кубакіламетрамі. Але справа ідзе да таго, што мы вымушаны будзем ставіць помнікі вадзе. Цешыць і ўсяляе аптымізм толькі тое, што ў гісторыі не было прыкладу, каб навука не змагла вырашыць праблем, што паўстаюць перад чалавецтвам. А што тычыцца мер, прынятых выканкомам, пракуратурай і санітарнай службай, то я іх вітаю, а змяняць не хачу ды і права такога не маю. Спыненне ж руднікоў разглядаю як праішэсце надзвычайнае, як катастрофу, калі хочаце. І сёння лічу дастатковымі толькі такія меры, якія выправяць становішча і адновяць упушчаныя магчымасці здабычы ўгнаенняў, інакш яны не меры. (Ніканаву.) Можна перадаць, што мы будзем браць дары зямлі, але ў той жа час будзем берагчы гэту зямлю, каб людзі маглі жыць на ёй тысячагоддзі. Нельга дапусціць, каб выгада дня вяла да катастрофы веку.

Зумер селектара. Фёдар Максімавіч націскае клавішу.

Голас па селектары. Добры дзень, Фёдар Максімавіч. Калі вы шукалі мяне з-за Крывіча, то я і сам хацеў неяк папярэдне далажыць і параіцца. Не падабаецца мне ў ім…

Фёдар. Даруйце, а хто гаворыць?..

Голас па селектары. Калун. Калун-Каралевіч. Справа ў тым, Фёдар Максімавіч, што гэты самы Крывіч нахабна злоўжывае вашым імем. А ў самога, як кажуць, рыльца ў пушку. І наогул, ён мне трапляецца ўжо не першы раз…

Фёдар. А гэта праўда, што вы ўзялі яго сёння прама ад ложка хворай…

Голас Калуна (перапыняе). Вас, відаць, недакладна інфармавалі. Я толькі папрасіў галоўнага ўрача перадаць, што Крывіча шукае таварыш Калун-Каралевіч.

Фёдар (з цяжкасцю стрымліваецца). Вам, таварыш Калун-Каралевіч, не патрэбна двайное прозвішча, паколькі першую яго частку вы апраўдваеце лепш за другую. У чалавека няшчасце, а вы…

Голас Калуна. Добра, Фёдар Максімавіч, я змяню прозвішча яшчэ раз.