Фёдар (адключае селектар, да ўсіх). Добры прыпеў у немудронай песні: «рано или поздно не будет дураков, но все-таки лучше, если бы пораньше».
Зацямненне.
Карціна чацвёртая
Дом Ігната. Тут усё без змен. Ганна накрывае стол. Уваходзяць Іван, Шашаль і Калун. Яны ў нацельных сарочках пасля лазні. У кожнага па льняным ручніку.
Ганна. Шаўковы венік, лёгкі дух, мужчынкі!
Калун. Дзякую, бабуля. Парылачка што трэба. Такой і ў горадзе не знойдзеш. Даўно так не парыўся.
Ганна. На здароўечка. Пара касці не ломіць. (Да ўсіх.) А што вып’ем — беленькай ці чырвоненькай?..
Калун (нараспеў). І піва…
Ганна. А то як жа?.. Споднікі, кажуць, прадай, а піва пасля лазні выпі.
Уваходзіць Ігнат.
Ігнат. Да тэлефона цябе, Ваня…
Іван выходзіць.
Калун (аглядае стол). Ай малайцом, бабуля!.. Жывяце тут, панімаеш, як буржуі: і капустка, і грыбочкі, і агурочкі, і чарка, і шкварка. Нават піва бачкавое ў такой глухмені. (Налівае піва.)
Ганна. Жыць бы можна, каб не прадажнікі падкалодныя, выпаўзні змяіныя…
Шашаль. Хто-хто?
Ганна. Пісакі гэтыя, каб па іх вошы пісалі. Азвярэлі — жыцця няма. Ядуць поедам, каб іх іржа ела.
Шашаль. Што ёсць, тое ёсць. А куды дзенешся?..
Ігнат (хмурна). Развялося племя… Ні дустам, ні гербіцыдамі не вытравіш…
Калун. Затое і ліхадзеям не соладка. Перхаюць ад дусту…
Ігнат (задуменна). Ліхадзеі… ліхадзеі…
Ганна. Каб жа ліхадзеі… Я вось за сына, за Івана скажу… пакуль выйшаў. І перад кім ён толькі справаздачы не трымаў, і ад каго толькі не адпісваўся, і ад каго не адбрэхваўся, і якой толькі бязглуздзіцы не наслухаўся?! А як жа, усім цікава, усе ведаць хочуць! А на вёсцы чуткі і ў горадзе таксама. Адны яго шкадуюць і дзівяцца — каму ўсё гэта трэба, а другія кажуць, што дыму без полымя не бывае. А пісакам-невідзімкам толькі гэтага і трэба…
Ігнат. І атрымоўваецца, як у тым анекдоце: ці то ён украў кажух, ці то ў яго ўкралі кажух. Словам, было ў старшыні нешта з кажухом.
Ганна. Я яму: сыночак, што ж ты маўчыш? Чаго ж ты чакаеш?! А ён мне: нічога, мама, разбяруцца, і ўсё стане на сваё месца. Як жа яно, крычу, стане, калі цябе на ўсю акругу абняславілі?! Ты ж тут не сам па сабе! Ты ж усяму раёну галава, а ў цябе вароты дзёгцем абпэцканы! А што, гаворыць, рабіць, мама, калі пісьмы гэтыя як сажа — не спаляць, але абпэцкаюць. І тут, маўляў, ратунку няма… Я на яго гляджу, вачыма лыпаю: ні то святы, ні то блазнаваты… А потым кажу: дурны ж ты, мой сыночак, хоць і старшыня! І калі вы самі сябе ад гнусі абараніць не можаце, то хто вас абароніць?..
Калун. Абаронім, бабуля. Разбярэмся і абаронім.
Ганна. На вас, родненькія, уся надзея… Ну, бярыце ж што-небудзь. Выпіце, закусіце, і сынок мой з зяцем тым часам. За зяця не буду, а за сыночка скажу. Як здарылася ў яго залетась з сэрцам, я да самага галоўнага доктара дабілася. А ён мне толькі сказаў, што муніцет у Вані слабы. І ўсё сэрца ў рубцах. Мала, нібыта, у яго муніцету гэтага. Я кажу, можа, дастаць дзе, у мяне ўзяць, а яму пераліць. Ці па радыё аб’явіць — яму ў нашым раёне кожны аддасць, колькі зможа. Толькі, аказваецца, муніцет не пераліваецца. Доктар мне тлумачыў, толькі я не вельмі зразумела, што гэта такое, і сказаць вам па-вучонаму не магу. Папросту яно так: калі ў чалавека скура тонкая і далікатная нават на камарыны ўкус, то ў такога муніцету няма, а калі як на бубне, тады ад яе ўсё і добрае, і гнюснае адскоквае. Тады я пытаюся: што ж вы яму, скуру мяняць будзеце? А доктар мне: скуру мяняць не будзем, няхай са сваёй жыве. Скуру, маўляў, толькі гады і змеі мяняюць…
Шашаль. Гэта ён правільна сказаў.
Ігнат. А куды дзенешся, як вы кажаце…
Ганна. Тое ж і кажу… Бывала ж, і хваробы такой не было. А цяпер то адзін, то другі, і ўсё больш з начальства… Зайшла, памятаю, у палату — наш пластом, а другога санітарка з лыжачкі, як немаўлятка, маннай кашкай корміць. А трэці, лежачы, машынкай голіцца. А ім бы з касою, з тапаром у такія гады. (Плача.) Гэты, каторы голіцца, троху, відаць, ачуняў і з сябе смяецца, а дзяўчынка яму: не смейцеся, сказала! Дзіцятухна, кажу, як гэта жывому чалавеку не смяяцца? Ціха, кажа, няхай сабе смяецца, а калі гучна, то нібыта зноў якая жылка ў сэрцы перарвацца можа… Ад чаго, дачушка, пытаюся, гэта напасць на людзей? Толькі і чуеш: інфаркт, інфаркт, інфаркт… А яна мне будзе гаварыць, што нібыта ад цёмных плямаў на сонцы тыя жылкі ў сэрцы рвуцца. Нібыта як сонейка чыстае, тады і начальству лягчэй, а як толькі ў плямах, тады іх і валіць з ног.