Ігнат. Не ад тых плямін, што на сонцы, іх валіць, а ад тых, што на людскім сумленні, пад корань сячэ.
Ганна. А я пра што?! Колькі яшчэ вылюдкаў з сумленнем у пляміны па зямлі нашай поўзае?! Не сонейка яго ўклала ў белае белле, а гэтыя змяіныя выпаўзні, каб ім…
Вяртаецца Іван.
Ігнат. Ну што там?
Іван (абнімае бацьку і маці). Арыне лепш.
Ганна. Дзякуй табе, божа!.. Садзіцеся, людцы, да стала.
Калун (бярэ бутэльку, налівае чаркі). За гэта і выпіць не грэх. І наогул, ты, Іван Ігнатавіч, добра прыдумаў з парылачкай… Што ні кажы, а венічак здымае і напружанне, і непаразуменне…
Ужо садзяцца за стол.
Ганна. Шкада, зяцёк затрымліваецца недзе…
Шашаль. Жалезна абяцаў быць.
Ігнат. Не будзе, перастрахуецца…
Ганна. А табе абы ў рожкі. Не можаш з зяцем па-добраму…
Ігнат. Магу, але не хачу.
Ганна. Пра што іншае дык табе ўжо і сказаць няма чаго…
Ігнат. А што яшчэ гаварыць? Чорт балота запаліў, нямы каравул закрычаў, бязногі на пажар пабег… А перажованага — не варыць…
Калун. Ты, дзед, нібы крыўдзішся на нешта?..
Ігнат. Памерці баюся, на ўвесь свет пакрыўдзіўшыся. (Бярэ чарку.) Ну, будзем, як цяпер кажуць. (Выпівае.)
Калун (глядзіць на гарэлку ў чарцы). Як сляза!
Ігнат. Сляза і ёсць. У нас ужо так павялося: хочаш добрую справу зрабіць ці злой перашкодзіць, кладзі жыццё, інакш ніхто ў твой добры намер не паверыць. Хоць Арыну вазьмі, хоць Івана… Ваша здароўе, таварышы.
Усе выпіваюць, закусваюць.
(Калуну). Мне пра вас сын многа расказваў. Добра, што заехалі…
Калун (закусвае). Ты думаеш, я паверу, што ён пра мяне што-небудзь добрае гаварыў?.. Такая работа, што…
Іван. Пра работу пасля. Закусвайце…
Калун (далівае чаркі). Закусім, калі вып’ем…
Ігнат (бярэ чарку). Мёдам на душу.
Калун і Шашаль выпіваюць, Іван і Ігнат устрымліваюцца.
Калун (закусваючы, Ігнату пра Івана). Ён у цябе мужык з перцам. Не палюбіў мяне, панімаеш, з першага пагляду…
Ігнат. Вы не дзеўка, ён не жаніх, ці варта крыўдзіцца…
Калун. Тут, панімаеш, як у песні: «Была без радости любовь — разлука будет без печали»…
Ігнат. На іншую работу пераходзіце, ці як?..
Калун. Не ўгадаў. Да таго я пра разлуку, што сын твой мне таксама не вельмі падабаецца. Відаць, мала ты яго лупцаваў у дзяцінстве. Свавольны вельмі і калючы, як вожык.
Ігнат. Гэта вы, таварыш Калун, тонка падмецілі. Цяпер больш любяць вожыкаў, каторыя гладка голеныя.
Калун (весела смяецца). Сказана моцна… хоць і апалітычна.
Ганна. А лупцаваць з дзяцінства не давялося, таму што ў яго і дзяцінства таго не было. З чатырнаццаці ў партызанах, з семнаццаці на фронце. Вы ўжо, Раман Дзямідавіч, калі можна, прыміце гэта пад увагу.
Іван. Ты, мама, не крыўдуй, але далей у нас мужчынская размова будзе. Справа ў Рамана Дзямідавіча да мяне персанальная…
Ганна (без крыўды). Ці ж мы без разумення, сынок? (Выходзіць.)
Ігнат. Яшчэ адну выпіце?
Калун. Вып’ю, і не адну. (Выпівае адзін, закусвае.) Вось сяджу я з табою, закусваю і думаю, што ты зараз думаеш, пра што я думаю. А я думаю, што ты лапух, Іване Крывіч. І не трэба крыўдзіцца. Я так думаю толькі таму, што ты думаеш, што я лапух. А я, панімаеш, не лапух. Я Калун. І хачу табе дапамагчы, можаш мне паверыць. А ў тваю пастку з лазняй і выпіўкай улез не па дурасці, а з інтарэсу. Тваё запрашэнне зусім не той выпадак, калі ніжэйстаячы правяраемы запрашае ў парылачку вышэйстаячага правяраючага. І ты зусім не чакаеш ад мяне беспрынцыповасці за чарку і венічак. Цікавы я табе, вось у чым, панімаеш, дзела. І ты рашыў са мной «общнуться». Ты рашыў, а я, панімаеш, узяў ды прыйшоў. Ты мне таксама цікавы. Давай «общнемся». Давай прашчупаем адзін аднаго лазерам, прасвецім рэнтгенам? Я думаю: разумны ты ці прыкідваешся? У цябе тое ж пытанне. Давай сэканомім час і спрасцім задачу: ты мне выкладваеш усё, што пра мяне думаеш, а я табе — што думаю пра цябе.