Выбрать главу

Іван. Па-чэснаму?

Калун. Ну, за каго ты мяне лічыш?.. Толькі нясі яшчэ адну бутэльку на выпадак, калі я раптам расхвалююся.

Іван. Другой не будзе.

Калун. Значыцца, цвярозая размова намячаецца.

Іван. Цвярозая.

Калун. Значыцца, пакрыўдзіўся? А я, дурань, наадварот — і зла на цябе не трымаю, нават за тое, што ты мяне на апошняй сесіі так моцна прылажыў. Вышэй я за гэта, Іване. І шчыра хацеў табе дапамагчы. А ты ў экстрэмісты лезеш, па правілах працаваць хочаш, на міністэрства бульдозерам прэш. Хазяінаў цябе незадавальняе. А Хазяінаў — жалезны мужык, і ты яго не зваліш.

Шашаль. Гэта бясспрэчна. І куды дзенешся? Яго машына заведзена і ні перад чым не спыніцца: ні перад вашымі рэчкамі-садочкамі, ні перад салаўямі-пічужкамі.

Калун. Тэхнічны прагрэс — гэта, брат, рэвалюцыя! А рэвалюцыя, панімаеш, не такіх, як ты, змятала… Колькі мерапрыемстваў было, колькі харошых рашэнняў?.. Многае, канечне, зрабілі, а колькі не зрабілі? А чаму? Кішка ў вас, панімаеш, аказалася тонкая — вось чаму. А таму давяраць вам сур’ёзную справу нельга. Не цягнеце! А як бачыце, што не цягнеце, пачынаеце мякіну раздзьмухваць і наватарамі прыкідвацца. Бачыце, кансерватары вам замінаюць… З вамі, Іване, трэба, як кажуць, «бдительно»…

Іван. Ці не вельмі вы «бдительны»?

Калун. У нашай справе лепш перабдзіць, чымся недабдзіць… (Выпівае і закусвае.) Ты на мяне крыўдзішся, а сам уяўлення не маеш, як цяжка бывае адрозніць паклёп ад праўды.

Іван. І тут вы стараецеся перабдзіць?..

Калун. Абсалютна справядліва. Неяк пытаюся ў такога дзівака, як ты, Іване: што ёсць ананімка на сучасным этапе? Лухту, адказвае, на лухту перамнож, бязглуздзіцай падлож — вось табе і ананімка!.. Не, даражэнькі, ананімка — гэта, брат, о-го-го!.. Відаць, даводзілася чуць у народзе, як іншы раз маці кажа: сынок ці дачушка ўмазалася. Не гавораць, панімаеш, што ў пялёнкі нарабіла ці яшчэ прасцей, а ўмазалася. Вось ты, Іван Ігнатавіч, таксама ўмазаўся. І без мяне табе не адмыцца. (Выпівае і закусвае.) Тут, панімаеш, ніякія лазні не дапамогуць. І чым я горш буду працаваць, тым ты даўжэй будзеш хадзіць з душком. А сябры-таварышы твае ўсё больш і больш будуць адварочваць ад цябе свае інтэлігенцкія насы. Гэта ў нас сяброў многа, калі мы начальнікі вялікія. А як толькі цябе мазанулі, сябры-таварышы, як ад чумавога, шарахаюцца: а раптам хто-небудзь падумае, што гэта ад іх папахвае, а не ад цябе. (Выпівае.) Выказвайся, Іване, пакуль я закушу…

Іван. Чуў я пра вас многае. А сёння — і да лазні, і пасля, і цяпер — вось прыглядаюся. Апошнюю сустрэчу ўспомніў, аналізаваў. Што ж ён такое, думаю, Калун-Каралевіч?..

Калун. Ну і…

Іван. Прыйшоў да пераканання, што чалавек вы мала цікавы, мала адукаваны. Амаль не чытаеце, тэатра, музыкі, наогул мастацтва не ведаеце і таму не любіце. Мала радуецеся і мала смуткуеце. Сабой задаволены. І калі б не баяліся старасці, былі б шчаслівым. Любіце той від спорту, што больш падабаецца начальству.

Калун. Я не раіў бы табе чапаць начальства.

Іван. Вас цэняць па рабоце і церпяць дома. Вы паспяхова маскіруецеся пад мужычка-прастачка. Гэта вам да твару, і гэта ў вас атрымоўваецца. Да гэтага прывыклі тыя, хто вас акружае, і часцей за ўсё не могуць зразумець, жартуеце вы ці гаворыце ўсур’ёз. Такая форма мімікрыі вас задавальняе.

Калун. А што гэта такое: мі-мі…

Іван. Здольнасць зліцца з асяроддзем.

Калун. Ага! Што яшчэ! І не саромейся. Я цябе не пашкадую.

Іван. Вы з задавальненнем вырашаеце чужыя лёсы. Лічыце, што вашы меркаванні пра людзей бездакорна дакладныя. Абыходзіцеся вы звычайна без доказаў. Вышэйшай і самай дакладнай меркай лічыце ўласную інтуіцыю.

Калун (рагоча). Ну нахабнік! Ну зараза! Запрасіў, панімаеш, начальніка ў госці і што робіць! Ну і партрэцік ты з мяне намаляваў! За гэта трэба выпіць. (Бярэ чарку.) Давай, жывапісец. (Выпівае, закусвае.) Ці, думаеш, не ўгадаў? Не сумнявайся. Усё дакладна. Такі я і ёсць. (Дапівае.) Ну і што?!

Іван. Нічога.

Калун. Ага, нічога?! Ну, канечне! А як жа інакш пры тваёй-то амбіцыі?! Ты ў нас і адукаваны, і культурны, і сумленны, і за народнае шчасце барацьбіт, якіх мала. Яшчэ разочкі са два мазані твой партрэцік ружовенькай памадкай — і атрымаецца святы. Куды ўжо нам пры такіх інтэлігентных і адукаваных. Мы вам ужо нібыта і не патрэбны сёння…