Выбрать главу

Іван. Такія, як вы, ужо ўчора былі не патрэбны.

Калун. Далібог ці жартуеш?

Іван. Далібог.

Калун. А ты і бацька твой, значыцца, патрэбны?..

Іван. Бацька мой на зямлі і ад зямлі, а вы, Раман Дзямідавіч, ад паперы. Калі я на такіх, як вы, гляджу, мне здаецца, што іх не тата з мамаю стварылі, а што яны пяром у чарніліцы зачатыя.

Калун (рагоча). Каб ты спрах! Прыдумаць жа! У чарніліцы…

Іван. Па вас няхай свет у апраметную праваліцца, абы паперы своечасова былі закрыты. Асабліва вам па сэрцы даносы. Вы пад іх людзей падганяеце. Гэты занятак для вас самы салодкі…

Калун. Падобна, ты мяне перавыхоўваць рашыў?

Іван. Веру ў чалавечае ў чалавеку. А раптам яшчэ ўдасца разбудзіць…

Калун. Ну-ну, будзільнік… Валі далей.

Іван. Чалавек вы фармальны, душэўна глухі і зайздрослівы, а таму жорсткі. Вам бы самому ананімкі пісаць, а вы іх разбіраць вымушаны. Вы мне той раз з такім смакам расказвалі, як мастака перад публікай да сараматы распранулі… Вы яго не распранулі, Раман Дзямідавіч. Вы яму душу вырвалі, дзёгцем абмазалі і ў пер’е выкачалі. Колькі ж яму сілы і часу спатрэбіцца, каб душа на месца стала, каб зноў зайграла?.. Вы калі-небудзь чулі выраз: душа ў чалавека грае?.. Калі душа грае, чалавек можа гару перасунуць, а на яе месцы сад пасадзіць. А вы яму душу вырвалі! А ён жа — маёмасць дзяржаўная! А іх жа ў нас сёння ад сілы пяць такіх мастакоў на дзесяць мільёнаў! Па адным ад двух мільёнаў.

Калун. А ты старшыня адзін ад двух мільёнаў?

Іван. На шчасце, нас намнога больш, і вы сцеражыцеся.

Калун. Значыцца, ты і мне вайну аб’яўляеш?

Іван. Аб’яўляю. Інакш вы мяне праглынеце.

Калун. Малайцом. Лепшая абарона — нападзенне. За гэта трэба выпіць. (Паднімае чарку.) Ну, давай!

Іван. Дзякую, не магу.

Калун. Ах, не можаш?! А я магу. І многа… Калі захачу. А ты хочаш, ды не можаш! Вось у чым паміж намі розніца. Ты гэта ўлічы, Іване Крывіч…

Іван. Розніца паміж намі ў іншым.

Калун (выпівае). Зачапіў ты мяне, Крывіч, моцна зачапіў. (Закусвае.) За прастачка палічыў. У лазеньку запрасіў. Прапарачку наладзіў. З наскоку, панімаеш, Калуна хацеў узяць… Многае ты пра мяне ўгадаў, але не ўсё. Я пра цябе буду ведаць усё, і больш за тое. Калі я цябе выпушчу, ты мяне зваліш.

Іван. Абавязкова.

Калун (міралюбіва). Вось бачыш… (Дапівае.) А таму выходзіць, што твая персаналка для мяне — быць ці не быць. А я ж таксама маёмасць дзяржаўная. І я абвінавачваю цябе ў тым, што ты злоўжываеш добрым імем Фёдара Максімавіча, так сказаць, спекулюеш. А гэта сур’ёзна. Тут ці я, ці ты.

Іван. А вы яшчэ і цынік.

Калун. А як жа?.. Я яшчэ, панімаеш, і кансерватар, і рэтраград, і бюракрат, і… Ты яшчэ не ведаеш мяне.

Іван. Таму я рады нашай сустрэчы…

Калун. Не радуйся, пашкадуеш. (Вымае з кішэні канверт.) Людзі пра цябе такое ведаюць, што…

Іван. Новы данос?

Калун. Сігнал знізу. На гэты раз у адным экземпляры, таму, даруй, у рукі не дам, але са зместам пазнаёмлю. (Выпівае і налівае зноў.) Сігналізуюць грамадзяне, што жывеш ты тут, панімаеш, у радзіцеля, а казённую кватэрку ў горадзе пляменніку ў арэнду здаеш. Будзеш апраўдвацца, што свежае паветра любіш. Канечне!.. Кандыдацкую дысертацыю табе ўсім раёнам збіралі, а абараніўся ты адзін. Таксама будзеш пярэчыць… Выгаднага генеральнага дырэктара падшукваеш, а на Хазяінава бочкі коціш. Гэты факт ва ўсіх на віду… Паніку сярод насельніцтва сееш, што ў раёне нібыта жыць небяспечна. Пярэч. Абараняйся. Даказвай адваротнае.

Іван. Абавязак даказвання віны ляжыць на абвінаваўцы.

Калун. І спытацца ў мяне нічога не хочаш?

Іван. Спытацца хацеў бы…

Калун (выпівае і закусвае). Пытайся — адказваю.

Ігнат. Страшны ты чалавек, Калун-Каралевіч. Рэдкі і страшны.

Іван. Вы не задумваліся над тым, што ананімныя паклёпніцкія даносы некаму патрэбны?

Калун. Ну, як табе сказаць… Пісьмы — гэта сувязь з масамі, з нізамі, з народам, так сказаць…

Іван. Не з нізамі, а з нізкімі пачварамі, з мярзотнікамі гэта сувязь, а не з народнымі масамі.

Шашаль. Міленькі вы мой, але палова ананімак пацвярджаецца.

Іван (толькі Калуну). А другая палова?.. Маўчыцё?! Баіцеся назваць сваім імем другую палову?! Баіцеся і заахвочваеце вырошчванне смаўжоў, якія пад сваімі даносамі падпісваюцца, як пад некралогамі, — група таварышаў… Каму ж яны таварышы?! Каму сябры?! Мы ж з вамі мужных, прынцыповых грамадзян павінны выхоўваць. А вы чым займаецеся?!