Калун (дапівае чарку). Актыўная жыццёвая пазіцыя, мой дарагі…
Іван. Не кашчунствуйце над святым!..
Шашаль. Людзі баяцца пісаць адкрыта…
Іван. Не паклёпнічайце на людзей! Людзі заўсёды былі мужнымі. Але сярод людзей была, ёсць і, відаць, яшчэ доўга будзе прадажная сволач, якая пры выпадку топіць, прадае і страляе ў спіну. «Лепшага за сябе забі!» — заўсёды было яе дэвізам… Баяцца падпісвацца?! Каго баяцца?! Чаго баяцца?! Ці ў нас ужо няма сілы, каб абараніць чэсных людзей, калі яны адкрыта ўступаюць у чэсны паядынак з мярзотаю?! (Масіруе сэрца.)
Ігнат. Не трэба, сынок. Хопіць…
Калун. Вазьмі валідольчык, Іване. (Дае таблетку.)
Іван. Дзякую. Яшчэ хачу спытацца…
Калун. Давай, давай…
Іван. А ці не знаходзіце вы што-небудзь агульнае паміж паклёпніцкімі даносамі, якія ў ліхія часы каштавалі нам многіх жыццяў добрых людзей, і сённяшнімі сігналамі так званых «народных мсціўцаў»? І ці не прыходзіла вам у галаву, што вас і падобных на вас сённяшнія «мсціўцы» могуць выкарыстаць для ўдару па сваіх.
Уваходзіць Ганна.
Ігнат. На каго ты трацішся, сынок? Гэта ж…
Калун (доўга маўчыць, потым налівае дзве чаркі.) Можа, возьмеш грамульку? Расшырае сасуды.
Іван. Спачатку, можа, і расшырае, а потым усё роўна звузяцца.
Калун. А я не запускаю. (Выпівае.)
Іван. Не, Раман Дзямідавіч, вам не прыходзіла ў галаву, чаму нехта піша нешта на некага. А не прыходзіла таму, што чалавек вы неразборлівы, а таму для нашай справы небяспечны.
Калун. Значыцца, па-твойму, выходзіць, што ты рэвалюцыянер, панімаеш, вялікі і барацьбіт, а я нешта накшталт ворага?..
Іван. Бог з вамі, які вы вораг? Вы прылада, сляпы інструмент у руках інтрыганаў.
Ганна. На мужа майго першага, Мікалая, адзін вылюдак яшчэ да вайны напісаў. А тады строга было. Не буду богу грашыць, і не дапытвалі каб вельмі, і не судзілі. Ад старшынства толькі адлучылі. А ён калгас наш сваімі рукамі ставіў. Ад крыўды недаверам, як дрэва тое без вады, зачах і згінуў ад сухотаў раптоўных… А ў вайну, як толькі немцы нахлынулі, адзін кулацкі прыхвасцень у паліцыю адразу і запісаўся. А дзён праз колькі да нас з павязкаю і вінтоўкаю заяўляецца і з парога: зайшоў сказаць, Ганна, што гэта па маім сігнальчыку твайго мужанька бралі. А я вазьмі ды і скажы: вось які ты, выходзіць, праўдалюбец і абаронца Савецкай улады ад ворагаў народа быў. А якая табе розніца, адказвае. Я твайго бальшавічка ўсё роўна цяпер бы павесіў. Ёсць розніца, кажу. А ён: калі ёсць, то я і цябе магу на шворку падцягнуць…
Ігнат. Не там, ты, Калун Дзямідавіч, контру шукаеш. Не там! Бо калі мы не апора, то тады хто?..
Калун (устае з-за стала, падкрэслена). Дзякуем за пару, за баню, за хлеб-соль.
Ігнат. Чым багаты…
Калун. На доўга не развітваюся…
Іван. І ўсё ж затрымайцеся на хвіліну.
Калун. У цябе яшчэ што-небудзь?
Іван. Абвінавачванне ў мяне…
Калун. Якое яшчэ абвінавачванне?
Іван. Пакуль прыватнае… Па ўсіх паклёпніцкіх даносах на мяне праведзена следства. Устаноўлена, што ўсе яны друкаваліся вось на гэтай машынцы.
Шашаль. Дазвольце, але…
Іван. Але іменна гэту машынку ў мяне многа разоў брала сястра Вольга.
Шашаль. Вы хочаце сказаць…
Іван. Ці мае дачыненне да правакацыі непасрэдна Вольга і Хазяінаў, сказаць цяжка. Але тое, што вы, Шашаль, іх распрацоўвалі і друкавалі на гэтай машынцы, факт даказаны.
Шашаль (Крычыць). Чым? Чым даказаны?! Вы самі паклёпнік і правакатар!
Іван. Стыль ваш. І адбіткі пальцаў на даносах вашы.
Шашаль. Гэта яшчэ не доказ. Вольга Ігнатаўна і Ілья Міхайлавіч маглі браць паперу ў мяне на стале. Вось вам і адбіткі пальцаў.
Калун. Ну і мярзотнік жа ты, Шашаль.
Іван. Вы абодва мярзотнікі. І я прашу вас пакінуць наш дом!
Калун і Шашаль паспешліва выходзяць. Іван, Ігнат, Ганна доўга моўчкі стаяць сярод хаты.
Ігнат. Вось і мы з табой, сынок, зрушылі гару з месца. Другія яе яшчэ далей адсунуць, а там нехта на яе месцы сад пасадзіць. Цяпер мне і паміраць не страшна…