Арына. Без мяне, Ваня, табе не даказаць. І калі б ты раптам сказаў, што не павінен ваяваць з тым, з чым ваюеш насуперак усім даносам, я перастала б паважаць цябе. (Мякка і сардэчна.) Перастала б, а я люблю цябе, Ваня. Я ўсіх вас люблю без памяці. І ты сыночкам нашым круіз не зрывай. Лепш, калі яны далей будуць… Мы з табою ўдваіх пагаруем, а яны… яны пасля ўжо…
Іван (у роспачы). Што ты нарабіла, Арыначка?!
Арына. Не панікуй. Можа, яшчэ ўсё абыдзецца… Мы з табой народ цягавіты. Выкарабкаемся. А мае аргументы табе спатрэбяцца.
Іван. А калі не абыдзецца?!
Арына. Тады аргументы стануць яшчэ больш пераканальнымі.
Уваходзіць Ганна. У яе руках талерка з маленькімі кавалачкамі чорнага хлеба.
Ганна. Што гэта вы нахохліліся? Няйнакш пасварыліся?.. (Адсоўвае шырму, раскладвае кавалачкі хлеба побач з чаркамі.)
Іван (здзіўлена). Што вы там калдуеце?..
Ганна. Памінкі ў нас сёння, Ваня…
Іван (разгублена). Якія яшчэ памінкі?..
Ганна. Па ўбіенных воінах, сынок, і душах нявінна загубленых.
Іван (амаль прастагнаў). Забыў?!
Ганна. Бачу, што не ўспомніў…
Іван (у роспачы). З-за гнюснага пра святое забыў…
Ганна. Я падказаць хацела, а бацька кажа: калі сам не ўспомніць, то і не трэба. А стол папрасіў дома зрабіць. Так што мыйся беленька, госці блізенька.
Іван (паказвае на стол). А чаму дома, а не каля магілы, як заўсёды?
Ганна. Да магілы цяпер і не даехаць, і не дайсці. На верталёце хіба…
Іван (здзіўлена). Як гэта не дайсці?..
Ганна (загадкава). Добрым пуцём, сынок, бог правіць, а ліхім чорт…
Уваходзіць Хазяінаў.
Лёгкі, зяцёк, на паміне, лёгкі. (Зацягвае шырму.)
Хазяінаў. Вітаю вас сардэчна, дарагія сваякі-родзічы, а ў першых страках любую цешчу. (Абдымае і цалуе Ганну, аддае ёй каробку цукерак.)
Ганна (прымае тон зяця). А мой жа ты свой, ды не родненькі…
Хазяінаў. За грыбочкі дзякую. Пойдуць для самых дарагіх гасцей. (Цалуе Арыне руку, перадае кветкі.) Вось каго вітаў бы хоць сем разоў на дзень. Усё цвіцеш, Арыначка, усё харашэеш (на Івана) гэтаму біруку на радасць, а чужым мужыкам на загубу. Не быў бы ў сваяцтве, злоўжыў бы службовым становішчам — не ўтрымаўся. (Падае руку Івану.) Трымай на дружбу. І чарвякоў капай. У пятніцу нанач едзем. Месца знаю…
Іван. Няўжо на дружбу?..
Хазяінаў. На ўзаемную.
Ганна. Дружба, дружба — цяжкая служба…
Іван. Не ўзяў з наскоку, рашыў зморам?.. Па-сваяцку?..
Ганна (Арыне). Пойдзем канон зробім, пакуль начальнікі прынюхаюцца. Бач, як натапырыліся.
Выходзіць разам з Арынай.
Хазяінаў (садзіцца, закурвае). Прызнаюся, ёсць і такі варыянцік… запасны…
Іван. Па запасному таксама не выйдзе…
Хазяінаў. Цяжка мне з табой, сваячок, цяжка.
Іван. Гэта, відаць, таму, што я яшчэ і старшыня райвыканкома.
Хазяінаў. Трэба высяляць людзей, Іван. І твае Крывічы і суседнія вёскі даўно пад знос. Мне зямля трэба, фронт работ. Я ж пад вамі даўно капаю. Пайду ў атаку — вазьму больш. Ты мяне ведаеш!
Іван. Ілья Міхайлавіч, Ілья Міхайлавіч, ну як ты зразумець не можаш, што крывічы ніколі нікому без бою зямлю сваю не аддавалі, а з боем тым больш. Хлеб на ёй у іх «насущный». Той самы хлебец, каторы «даждь нам днесь»… Павер слову, куды ні прыеду, у мужыка адна і тая ж малітва: абарані, старшыня, ніву хлебную і «избави от лукавого».
Хазяінаў. Гэта яны пры табе такімі набожнымі сталі.
Іван. Што ты, Ілья Міхайлавіч! З часоў дахрысціянскіх крывічы хлебу моляцца, зямлі і небу пакланяюцца, а зараз яшчэ і ў райком-выканком уверавалі, як у богазаступніка. Хіба мне, хто носіць імя іх першароднае, разбураць гэтую веру?..
Хазяінаў. Малайцом, Крывіч, малайцом… Выходзіць, твой хлеб — гэта хлеб, а той хлеб, што я раблю, быццам і не хлеб зусім?..
Іван. Арына толькі што расказвала, як ты яго пячэш і на чым замешваеш. Калом мне ў горле твой хлеб.
Хазяінаў. Голад не цётка. Праглынеш. А зямлю я цераз тваю галаву вазьму… калі па-сваяцку не выйдзе.
Іван. Цераз труп — магчыма, цераз галаву — не.