Хазяінаў (паднімаецца). Значыцца, не згаворымся…
Іван. Перажываю, але не здаюся.
Хазяінаў. Перажываеш?.. І на тым дзякуй.
Іван. Перажываю, што не звязаны мы з табой клятваю.
Хазяінаў. Якой яшчэ клятваю?..
Іван. Як у медыкаў. (Цытуе.) «Клянуся ўсімі багамі і багінямі, беручы іх у сведкі, чыста і непарочна пражыць сваё жыццё і правесці сваю справу. Мне ж, непарушна выконваючаму клятву, ды будзе дадзена шчасце ў жыцці і слава ва ўсіх людзей на вечныя часы…»
Хазяінаў (весела рагоча). Арыгінальны ты ў нас старшыня. І мужыку молішся, і ў Гіпакрата веруеш…
Іван. Ну, а ты хоць у што-небудзь веруеш?
Хазяінаў. У прамфінплан, паважаны, у прамфінплан я верую. І ў святы запавет: хутчэй, больш і дзешавей.
Іван. Не будзе нам славы на вечныя часы, калі мы так бяздарна будзем весці сваю справу. Не будзе…
Хазяінаў. Зараз табе будзе такі Гіпакрат, што сваіх не пазнаеш…
Уваходзіць Ганна. У руках бутэлька гарэлкі.
Вось гэта дзела: зяць на парог — цешча за бутэльку. Бадай што, гульнём…
Ганна (з-за шырмы). Гуляй, мамо, гуляй, тату, развярнулі свінні хату.
Хазяінаў. А мамаша ўсё прытчамі сыпле…
Прыбягае ўсхваляваны Шашаль.
Шашаль (мітусліва). Ілья Міхалыч, яны, здаецца, ляцяць!!! Вітаю вас, Іван Ігнатыч! Вось так, ляцяць. А куды дзенешся?
Іван. Хто ляціць?
Шашаль (здзіўлена). Як хто?! Ці вы жартуеце?
Хазяінаў. Нам Гіпакрат перашкодзіў. Далажы кіраўніцтву.
Шашаль. Сяджу, значыцца, мазгую — а куды дзенешся, — раптам так, маўляў, і так, у апарата памочнік генеральнага дырэктара Шашаль. А ён: на сувязі верталёт Фёдара Максімавіча. На сувязі верталёт Фёдара Максімавіча… Маць часная!.. А куды дзенешся?
Хазяінаў. Карацей, ён зараз будзе тут. Я толькі зразумець не магу, якім чынам наш папаша на борт верталёта зацясаўся.
Выходзіць з-за шырмы Ганна.
Ганна. Гэта я табе, зяцёк, пасля скажу, калі сам не здагадаешся.
Чуваць рокат верталёта. Усе, апрача Ганны, выходзяць з хаты. Шашаль вяртаецца і хапае са століка, што стаіць пад галерэяй партрэтаў, букет васількоў. Ганна забірае ў яго кветкі і ставіць зноў у вазу.
Шашаль. Міленькая мая, гэта ж Фёдар Максімыч!!!
Ганна. Таму і не мітусіся.
Шашаль. Фёдар Максімыч, разумееце?!
Ганна. І не хадзі ты ходырам перад нашым Хвёдарам.
Шашаль. Як вы сказалі?..
Ганна. Прывыклі, сказала, чужымі кветкамі сваю сцежку высцілаць.
Шашаль. Кашмар!!! (Выбягае.)
Ганна ідзе за шырму. Чуваць голас Ігната: «Заходзьце смялей, заходзьце». Уваходзяць Фёдар Максімавіч, Xазяінаў, Шашаль, Арына, Іван, Ігнат. Увагу Фёдара Максімавіча прыцягвае галерэя фотаздымкаў.
Фёдар (Ігнату). Які ж ты малайчына, камандзір. Тут жа амаль увесь першы атрад! Як табе ўдалося?! (Разглядае здымкі.)
Ігнат. З жывымі перапісваюся, а хто не жывы, у тых дзеці, сваякі засталіся. А ў гэтых (паказвае на рамачкі без фотаздымкаў) нікога і нічога не засталося — нашы ў асноўным, з Крывічоў. (Паказвае на фотаздымак з дзецьмі.) А вось гэтых малявак, бадай што, не прызнаеш?
Фёдар (разглядае здымак). Гэтых?.. Гэтых не.
Ігнат. Тыя самыя сіроткі, у якіх немцы кроў для салдатні бралі. А вось гэты лапавухі — цяперашні генеральны дырэктар будзе. (Ківае на Хазяінава.)
Шашаль. Неверагодна! (Фатаграфуе Фёдара Максімавіча і Хазяінава.) Ігнат Кірылавіч, адхініцеся, вы перашкаджаеце…
Ігнат. А вось гэта склязнё — Зінка Мухіна — акадэмік па цяперашнім часе. Дачка ўзводнага Тараса Мухіна. Шкада — не прыехала.
Фёдар. Не бядуй, я табе з ёю сустрэчу наладжу.
Ігнат. Без цябе яна мне не ў модзе. А цяпер глянь сюды. (Пераходзіць да здымка трох жанчын.)
Фёдар (здзіўлена і ўзрушана). Мама?! Гэта ж мая мама!..
Ігнат. Яна. А па баках жонкі мае — першая і другая.
Фёдар. Я ніколі не бачыў гэтага здымка…
Ігнат. Мы табе перазнімем.
Фёдар Максімавіч доўга глядзіць на фотаздымак, неўзаметку змахвае слязу. Шашаль заўважае гэта і цікуе, каб зрабіць здымак, але Ігнат бярэ яго пад руку і адводзіць убок.