Шашаль. У чым справа?
Ігнат. Як цябе завуць?
Шашаль. Шашаль… Памочнік, так сказаць, пры вашым зяці… А куды дзенешся?..
Ігнат. Тое, што ты Шашаль пры зяці — многія ведаюць. Завуць як?..
Шашаль. Дапусцім, Ізяслаў Ізяславіч.
Ігнат (амаль на вуха). Ізяслаў Ізяславіч, даражэнькі, мы вайну выйгралі. Дасць бог і надалей без памочнікаў абыдземся…
Шашаль. Вы так фармулюеце, што нібыта я супраць…
Ігнат. Як жа ты можаш быць супраць? Ты, Ізяслаў Ізяславіч, будзь «за», але не блытайся пад нагамі.
Шашаль. Гэтым кадрам цаны не будзе…
Ігнат. І не пасмей гандляваць кадрамі! (Ідзе да Фёдара Максімавіча.)
Фёдар (абдымае Ігната за плечы). Дзякую табе, добры чалавек, за сустрэчу. (Аглядае галерэю здымкаў, увесь дом.) Мне зараз здалося, што ў гэтым доме за сорак год нічога не змянілася. Нават занавеска тая самая… у рамонкі.
Ігнат. Занавеска другая, а рамонкі тыя ж. Даваеннай занавескай мы Тараса Мухіна перавязалі, калі яму мінай жывот вырвала. Як цяпер чую: не псуй, кажа, Кірылавіч, рамонкі, мне ўсё адно канец… Не хачу нічога тут мяняць. Вось канапу толькі перацягнулі па-моднаму ды квяцістаму…
З-за шырмы выходзіць Ганна.
Ганна. І дарэмна перацягнулі. Той скуры зносу не было. Добрага вам здароўечка, людцы. (Аглядае прысутных.) І камісар?! Воўк у лесе здохне — завярнуў-такі аглоблі і да нас.
Фёдар Максімавіч напружана ўглядаецца ў твар Ганны, але не пазнае.
(Да ўсіх.) Не пазнае?! Ды не на мяне ты, старую, глядзі, калі ўспомніць хочаш, а на канапу вось гэту. А яшчэ лепш за канапу. (Смяецца.)
Фёдар (як адкрыццё). Цётка Ганна! (Абдымае, цалуе.) Цётачка Ганна! Родная вы мая!
Ганна. Ну што ты, ну што ты, Федзечка, старую бабу цалаваць. Табе яшчэ і маладзенькая шчочку падставіць і ручку падасць. Як у тэлевізары з’яўляешся, я за кожным разам думаю: а мой жа ты саколік, і прыгожы, і разумны, і гады яму хоць бы што. (На Ігната.) Вось ужо ведаў мой дзед, каго сабе ў камісары выбіраць…
Ігнат. Ладна табе, маці, да начальства падлізвацца…
Ганна. А што мне падлізвацца? Я сама сабе начальства. А што люблю яго, дык у душы спытаўшыся, а не за пасады высокія. А вот ты, зяцёк, і памочнік твой пра канапу не ведаеце. Не пярэч, Федзечка, раскажу… Гэта ж на першым годзе вайны было. Нашы засаду за Крывічамі паміж азёр зрабілі, а немцаў напаўзло — біць не перабіць, нашы адыходзіць да лесу сталі. Глянула ў акно, а к хаце бяжыць нехта: то ўпадзе, то зноў устане. Адчыняю дзверы (на Фёдара Максімавіча), а ён на парозе — у адной руцэ аўтамат, а ў другой палка. Паклалі мы яго на гэту канапу, разулі, а крыві паўнюткі бот. Ручнік з абразоў — і бінтаваць, а страляніна ўжо за гумнамі. Хацелі ў пограб пад падлогу, а ты без памяці. Я ад страху аслабела: ні падняць, ні скрануць! Што рабіць?! (Да ўсіх.) Дык мы яго за канапу, а зверху анучамі усялякімі, фуфайкамі, кажушком. А як гіцлі на парог, я на канапу шасць і давай галасіць-прыгаворваць, і ўсё больш пра тыф. Немчура тыфусу і партызан аднолькава баялася… Ну, а к вечару яны ўсіх нас і расстралялі. Да сіласнай ямы вёску сагналі, і кулямёты кругом. Дзетачак меншанькіх першымі паставілі, а большанькіх — за імі, а ў трэці рад такіх, як Зойка і Надзька. Гэта яны, рыбачкі мае, на картачцы. У адзін дзень з мамай тваёй здымаліся, на Першае мая. І каля ямы мы разам аказаліся: я пасярэдзіне, а Даша і Паліна — жонка Ігнатава — па баках. Шапнула я Дашы: Федзю, кажу, твайго за канапай схавала. Абшчапіла яна мяне, загаласіла. А потым кажа: ты яго выратавала, я цябе выратую. І перада мною стала. У гэтую хвіліну і пачалося… Усіх паклалі — і маленькіх, і старэнькіх. А пад раніцу я з той крывавай ямы вылезла, руку перабітую хусцінкаю сцягнула, Максімавіча пад пахі — і ў сямейны лагер. Там пасля ўжо Вольгачку Ігнатаву знайшла. За дырэктарам цяпер наша Вольгачка. (Глядзіць на Хазяінава.) З ёй па лясах ды балотах і гаравала ўсю вайну. Ну, а пасля ўжо Ігнат нас знайшоў. Свая хата ў яго згарэла, дык ён пры нашых дзецях у маёй хаце і застаўся… Адзін мужчына на ўсё сяло. Дык мы яго старшынёю і абралі. Ну, а як сын (глядзіць на Івана) у выканкоме стаў, дык неяк няёмка бацькам камандаваць. Тады стары на пенсію…
Ігнат. Ладна, маці. Не пра нас сёння гаворка. (Адсоўвае шырму, ідзе да стала, адкаркоўвае бутэлькі.)