Фёдар (Івану). Ты таксама не ведаў, старшыня?
Ігнат. А ў яго пра жывых клопат: то хата ў мужыка ў апраметную правальваецца, то кароўнік калгасны на дзве палавіны разломваецца, то вуліца трэшчыну дае. Бабы з перапуду ўголас, а мужыкі ў бога, душу і ў дырэктара маць… А старшыня наш добры ды ўступчывы, усё па-добраму стараецца. І замест таго, каб, каму варта, мазгі выправіць, сялян байкамі супакойвае: нічога, маўляў, бабанькі, не трэба панікі — гэта ўсяго толькі зямля над выпрацаванымі шахтамі па навуцы асядае-апускаецца, паколькі прырода не церпіць пустаты. А як гэта прырода такога гаспадара-хазяіна, як мой зяцёк, церпіць, таго ён бабам растлумачыць не можа, паколькі сам не ведае.
Хазяінаў (настойліва). Можа, хопіць, папаша?! Усяму ёсць мяжа!
Ігнат (зрываецца). Ты мне не сын! Ты вораг маёй і сваёй зямлі, і я аб’яўляю табе вайну. Інакш не будзе мне месца ў той магіле!
Ганна. Дагарэла, зяцёк, свечачка да полачкі…
Хазяінаў. А такой прымаўкі вы не ведаеце: не памарыўшы пчол, мёду не дабудзеш?..
Шашаль. Брава!..
Ігнат (надзвычай эмацыянальна). Ілья! Ілья Міхайлавіч! Таварыш Хазяінаў! Грамадзянін генеральны дырэктар!!! Я яшчэ магу зразумець Ізяслава Ізяслававіча і яго «брава», а ты ж мужыцкі сын! Гэта зямля паліта крывёю-потам і тваіх блізкіх! Ты ж вырас на яе вадзе і хлебе! Што ж ты з ёю робіш? Што ж ты за чалавек, Ілья Хазяінаў? Чаму ты такі спакойны і ўпэўнены? Хазяінаў, ты нахабна ўпэўнены!
Хазяінаў (смяецца). А ён у нас не такі ўжо і добранькі, як некаму здаецца. Бачыце, львом кідаецца.
Ігнат. Загубіць дзвесце квадратных кіламетраў такой зямлі! Яе ж на хлеб намазваць можна, зямельку нашу. А яна, безабаронная, корчыцца ў сутаргах, правальваецца, пакрываецца струпамі і крычыць нема ад болю і крыўды. Гэта каб на любаградскай зямлі і саланчак?! На той самай зямлі, у якую зярнятка кінь — клець з засекамі збожжа вырасце!
Фёдар (пасля працяглай паўзы). Вы рашылі не адказваць вашым апанентам, Ілья Міхайлавіч?
Хазяінаў. Гэта мела б сэнс, Фёдар Максімавіч, калі б мае апаненты былі менш эмацыянальныя і больш кампетэнтныя. Не крыўдуй, Іван Ігнатавіч, але табе, аграрніку, цяжка меркаваць аб праблемах горназдабыўной і хімічнай прамысловасці.
Шашаль. Аграрніку і зразумець нас цяжка, не толькі што судзіць…
Іван. Што рабіць, калі іншыя не судзяць?
Арына. Калі б з дня закладкі першага рудніка па ўсёй строгасці прымяняліся законы, многія па тры разы ўжо з турмы вярнуліся б. Але ў нас усе маўчаць і мала хто судзіць. Адны маўчаць з баязлівасці, другія са сціпласці, трэція з подласці, чацвёртыя з мудрасці, а солевая жыжа, пыл і газы, як ракавая пухліна, распаўзаюцца па зямлі і ў паветры і забіваюць усё жывое. А безадказнасць хімікаў не мае мяжы. Ім усё можна! У іх, бачыце, дзяржаўныя інтарэсы!
Шашаль. Уявіць сабе, дзяржаўныя. А куды дзенешся?
Хазяінаў. Паважаны Фёдар Максімавіч, мне страшэнна непрыемна за ўсё тое, што тут адбываецца, і я…
Фёдар. А мне, вы думаеце, прыемна?
Хазяінаў. Вы разумееце, што ў іншай абстаноўцы…
Ігнат. У іншай ты б ці сам збег, ці мяне выпер. А ў гэтай і дзвярыма не бразнеш, і мяне не вытурыш.
Ганна. На памінках ты ў нас, зяцёк. А на памінках і не шумнеш, і не тупнеш. (Выходзіць.)
Ігнат. Сядзі і смуткуй… хоць для прыліку. А то сяло скажа: харахорыўся, як дурань на памінках. (Фёдару.) Павер, камісар, я не заманьваў бы цябе на засаду, калі б мяне хоць у адным месцы да канца паслухалі. Бяда! Адсядзелі начальнікі вушы.
Іван. Слухаць-то нас слухалі. І паперы нашы чыталі, часам спачувалі, іншы раз нават сумленна, але гадамі нічога не рабілі, каб навесці элементарны парадак там, дзе беспарадак — злачынства, злачынства супраць зямлі і людзей, якія на ёй жывуць тысячагоддзі і на Луну перасяляцца не збіраюцца.
Арына. Навошта ім Луна? Лунныя ландшафты ў любаградцаў за агародамі.
Хазяінаў. Фёдар Максімавіч, калі гэту безадказную дэмагогію спыніць нельга, дазвольце мне некалькі слоў па сутнасці…
Фёдар. Я тут не старшынствую. На памінках я… І становішча маё адрозніваецца ад вашага толькі тым, што я ў даўгу неаплатным перад людзьмі гэтай зямлі, ды і за вас, як генеральнага дырэктара, адказваць павінен. Даруйце, што перапыніў.
Хазяінаў. Безумоўна, Фёдар Максімавіч, калійная вытворчасць, на жаль, мае хвастовую гаспадарку. І гэтыя самыя хвасты многае губяць, ствараюць лунныя ландшафты. Але давайце паглядзім на рэчы спакойна, рэальна, без эмоцый. Калій, што мы дастаём з-пад аднаго гектара ворыва, губіць гэта ворыва, і губіць бадай што назаўсёды, але… Але ён жа дае на другіх гектарах такую прыбаўку да ўраджаю, якую той загублены гектар даў бы толькі за пятнаццаць тысяч гадоў. За пятнаццаць тысяч гадоў! Гэта ж палачка чарадзейная! Гэта ж настольніца-самабранка!..