Шашаль. Можа, нашым апанентам здаецца, што ад гэтага можна адмовіцца на карысць такой мілай нашаму сэрцу фауны і флоры Любаградскага прамраёна? А куды дзенешся?..
Іван. Вам Любаградчына — прамраён, а нам яшчэ зямля бацькоў і калыска цэлага народа! І ад гэтага сапраўды нікуды не дзенешся.
Шашаль. Не трэба спекуляваць на пачуццях цэлага народа, тым больш што ён вас на гэта не ўпаўнаважваў. Даруйце, Ілья Міхалыч…
Хазяінаў. Я яшчэ хацеў дадаць, што калійная вытворчасць самая бясшкодная з усіх вытворчасцей.
Арына. А вось цяпер я скажу «брава»!
Іван. Відаць, якраз таму на палях вакол абагачальных фабрык і прамысловых пляцовак не расце трава, сохнуць сады, у азёрах і рэках вымерла ўсё жывое, не з’яўляецца зерне ў грэчкі і завязь у бульбы.
Ігнат. Пры такіх нормах, як на нас льюць і сыплюць, хутка не толькі ў бульбы і грэчкі, але і ў баб завязі не будзе.
Хазяінаў. Даруйце, але мы ніколі не дапускалі і не дапускаем перавышэнняў гранічна дапусцімых канцэнтрацый прамысловых выкідаў. А дапусцімыя дапускаюцца медыцынай. Так што па лініі нараджальнасці ўсё будзе ў норме.
Арына. Пабойцеся бога, калі нічога іншага ўжо не баіцеся! Фёдар Максімавіч, паглядзіце іх нормы.
Фёдар (бярэ ў Арыны і чытае паперку). «За суткі прадпрыемствы аб’яднання выкідаюць у атмасферу да… тон солевага пылу, сернага ангідрыду, вокіслаў азоту, вугляроду, хлор-іёну і іншых хімічных рэчываў. Забруджанасць атмасферы над горадам і навакольнымі вёскамі перавышае гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі ў…» Адкуль у вас гэтыя звесткі?
Арына. Здабылі ў лабараторыі «Любаградкалія» агентурным шляхам.
Шашаль (Хазяінаву). Яна зноў падсядзела Вольгу Ігнатаўну.
Ігнат. Звярні ўвагу, камісар, на рэзалюцыю: «Для сведення». І літара «Д». «В дело», значыцца. А на самай справе — не «в дело», а на цвік. Паперу, як бачыш, напісала мая дачка Волька — яна ў свайго мужа лабараторыю аховы прыроды ўзначальвае, — рэзалюцыю налажыў зяць Ільюша, а на цвік яе накалоў памочнік Ізяслаў.
Хазяінаў. Пры ўсіх нашых канцэнтрацыях смяротнасць у раёне і горадзе, наколькі нам вядома з афіцыйных, а не агентурных звестак, за апошнія дваццаць год не павялічылася.
Арына. Але нараджальнасць таксама… І, можа, якраз таму, што ў нас сталі расці салёныя грушы. Нармальная прырода такога не толькі не ўмела, але і не ведала. Нешта ж выклікала мутацыйныя змены генетычнага апарату клетак раслін. І яшчэ: у рэагентным цэху дапушчана злачыннае парушэнне аховы працы.
Хазяінаў. На гэта ў вас няма і быць не можа ніякіх доказаў.
Арына (праз удушлівы кашаль). На жаль, яны ў мяне ёсць… Загадчыца лабараторыі ці не рабіла, ці фальсіфікавала кантрольныя замеры на забруджанасць паветра амінамі. Відаць, страх згубіць прэмію перамог грамадзянскую адказнасць і прафесійны гонар.
Хазяінаў. Вы ненавідзіце Вольгу…
Ігнат. Будзь жа ты мужыком, Ілья!..
Ганна прыносіць тэлефон.
Ганна. Каторы з вас Караед? Нехта Караеда пытаецца.
Хазяінаў. Можа, Шашаля?
Ганна. Можа, і Шашаля… (Выходзіць.)
Шашаль бярэ трубку, слухае.
Прыступ кашлю ў Арыны становіцца такім моцным, што яна ў суправаджэнні Івана выходзіць.
Ігнат (Фёдару Максімавічу). Здаровая з выгляду баба, а прастуды баіцца, як дзіцё малое… Проста дзіва…
Фёдар (думаючы пра іншае). Дзіва… дзіва…
Шашаль кладзе трубку і нешта шэпча Хазяінаву.
Хазяінаў. А што ты мне шэпчаш? Ты ўсім скажы…
Шашаль. Не, няхай бы лепш Ігнат Кірылавіч сам сказаў. Ён іх пасадзіў, яму і карты ў рукі. А куды дзенешся?
Фёдар. З вамі не засумуеш. Праясні, Ігнат Кірылавіч, калі не сакрэт.
Ігнат. Які там сакрэт? Пра гэта ўсё наваколле ведае. Задумаў Хазяінаў чыгунку к новаму камбінату будаваць. Вечарам думаў, а раніцай папярок агурочнага поля бульдозеры пусціў, кюветы працягнуў, слупкі паставіў. Зяць у мяне рашучы, не тое што сын. Ну, а мы таксама за сябе рашылі пастаяць. Цяпер зламыснікі даюць паказанні пракурору, а дэпутацкая камісія падлічвае страты.