Хазяінаў. Вось так, Фёдар Максімавіч, мы і працуем з мясцовымі ўладамі…
Шашаль. Неверагодна!.. Праектантаў яны маглі ўзяць, маглі затрымаць, маглі, нарэшце, і пасадзіць — вольнаму воля, а куды дзенешся, — але навошта было вырываць слупкі і бульдозерам запрасоўваць кюветы? Гэта ж чыгунка, а не брукі. Падумаеш, памялі гуркі?! А ў нас павінны стаяць два руднікі, а тысячы шахцёраў валяюць дурня і мацюкаюць дырэктара і вышэй…
Хазяінаў перапалохана ўскоквае з месца, каб перапыніць Шашаля.
Уваходзіць уся ў слязах Ганна.
Ганна. Ігнатка, Федзечка, ёй так блага, так блага, што і не ведаю! Калі не даць ратунку, захлынецца, і ўсё тут. Абвяла ўся лісточкам…
Ігнат і Фёдар таропка выходзяць за Ганнай.
Хазяінаў (шыпіць). Вы ідыёт, Шашаль! Вы пень неабчэсаны, а не памочнік! Як вы маглі? Як вы смелі ляпнуць пра спыненне руднікоў?! Гэта ж бюро! Катастрофа!
Шашаль (перапалохана). Ілья Міхалыч, даражэнькі, каб у мяне радыятар пацёк, калі я хацеў. Каб мне кожны дзень госці, калі я наўмысна! Мне і ў галаву не магло прыйсці, што гэтыя змагары-абаронцы выкарыстаюць перад Фёдарам Максімавічам такі жалезны аргумент, як спыненне руднікоў! (Хапаецца за галаву.) Ай! Ай! Ай!.. І пасля гэтага Шашаль павінен думаць аб прахіндзеях нешта добрае?!
Хазяінаў (без злосці). Знікні з маіх вачэй.
Уваходзіць Ігнат.
Ігнат. Вось гэта ты правільна робіш.
Шашаль. Я думаю, што гэта спрэчна.
Хазяінаў. А вам я гэтага ніколі не дарую!
Ігнат. Чаго «гэтага»?
Хазяінаў. Засады, блакады ці як там яшчэ ў вас? Не дарую!
Ігнат. Разумны быў бы ты мужык, Ілья Міхайлаў, — каб не дурань. (Выходзіць на шум верталёта над домам.)
Шашаль. Можаце зняць з мяне галаву па самыя плечы, але я перакананы, што прамраёну патрэбен не аграрнік і тым больш не сваяк. Нам патрэбен старшыня з дзяржаўным мысленнем і шырокім палітычным кругаглядам. Іван Ігнатавіч — сухая галіна, і яе трэба адсекчы!..
Хазяінаў (нібы ўпершыню ўбачыў Шашаля). Ну і Шашаль!..
Шашаль (хітра). Не ну і Шашаль, а на тое і Шашаль. І гэтага старшыню я вазьму на сябе…
Чуваць гук верталёта.
Зацямненне.
Карціна другая
Кабінет Хазяінава. Стол з прыстаўкай. Злева столік для селектарнай устаноўкі і некалькіх тэлефонных апаратаў. Каля сцяны справа кніжныя шафы. Каля сцяны злева стол для пасяджэнняў. На сцяне карта-схема Любаградскага прамысловага раёна. Ніканаў нешта піша, Хазяінаў глядзіць у акно. Чуваць, як пад’язджае машына.
Хазяінаў. Здаецца, пад’ехаў…
Ніканаў. Добра, хоць не прымушае сябе чакаць.
Хазяінаў. Усе зануды пунктуальныя. Ты гэта ўлічы. І наогул трымай вуха востра. Становішча на рудніках ведае цудоўна. У свой час я па глупству ўзяў яго жонку санітарным урачом. Усе нашы прамашкі і недахопы ў яго на ўліку. У любую хвіліну ён можа абодвух закласці міністру ці яшчэ куды. Вось такі сваячок.
Ніканаў. Ён што ў цябе?..
Хазяінаў. Ён у мяне прынцыповы да немагчымасці.
Ніканаў. А як з інстынктам самазахавання?
Хазяінаў. Пазбаўлены начыста. І ўвесь час шукае амбразуру…
Ніканаў. Ну і няхай. Чаго ты перапалохаўся?!
Хазяінаў (з іроніяй). Шкада. Сваяк… як-ніяк.
Уваходзіць Іван. Вітаецца.
Ніканаў. Ну што, Ілья Міхайлавіч, як кажуць, «начнём, пожалуй…»
Хазяінаў. Прашу. (Запрашае за стол.) Як Арына?..
Іван. Дзякую, лепш.
Хазяінаў. Ну і цудоўна… Там Вольга тое-сёе хацела перадаць. Зазірні, як будзеш міма ехаць.
Іван. Дзякую.
Ніканаў. Ітак, Іван Ігнатавіч, першае, што нам давядзецца зрабіць, і аператыўна, — гэта выселіць людзей з небяспечнай зоны. Другое — разгледзець план першачарговага зносу тых васьмідзесяці вёсак, што аказаліся ў зоне інтэнсіўных выпрацовак. Наколькі мне вядома, асяданне паверхні з разломамі глебы значна прасунулася ў бок вадасховішча…