Выбрать главу
У мамы разбітыя скроні... О мама, чаму ты нямая? І падае Галя ў бяздонне, За што затрымацца не мае.
Сцюдзёныя сцены навокал Адточаны гладка...                               I раптам Ёй робіцца цёпла і лёгка, Хтось Галю паціху пакратаў.
У хлеве — цяляты малыя, Тут цёпла ад іхняга пару. Дзве мяккія, гладкія шыі Ля Галінай шыі і твару.
Сябры дарагія, цяляты, Пастушку маю беражыце, Бо могуць фашысцкія каты Прыйсці і да вас...                             Не кажыце,
Што Галя прыйшла мая з гета, Ёй крыжык наўмысля надзелі. Няхай гэта будзе сакрэтам, Каб немец яе не застрэліў!

***

Вайна. Папялішчы — не хаты... I лета ў крывавых праменнях... На лузе нямыя цяляты Глядзяць на маланкі ў здзіўленні.
I пахне травой сакавітай, I шэпча трава тая ціха: — Галіна, цялят беражы ты, Інакш будзе ліха! —
Так, ёсць гаспадар у цяляці, А Галя адна ў гэтым полі. На фронце татуля,                             а маці... Не прыйдзе ніколі, ніколі!
На вёрсты, на цэлыя мілі Палі працягнуліся ўдалеч, I кветкі галовы схілілі, Ласкава ўсміхаюцца Галі.
... Праз буры і ўранку і ў змроку Імчыць яе тата здалёку, I Галю ён вызваліць першы... Ён прыйдзе ці конна, ці пешшу!
На крыллях ляціць яе тата, А можа, на шумных гарматах, I гэткіх, як тата, нямала,— Іх тысячы — воінаў дбалых!

***

Дуброва. Пустэльны куток Беларусі. Уздрыгвае лісце на белай бярозе. Тугу і самоту выстуквае бусел, Гаворыць на мове сваёй у трывозе.
Ноч. Хаты сляпымі, як цемра, вачамі Глядзяць у прастор, што не мае і краю, I хлопцы з лясоў, нібы цені, часамі Таемна прыходзяць, таемна знікаюць.
...Сядзіць у куточку на лаўцы бабуля. Лучына даўно ўжо сатлела і згасла. I ціха, — каб немцы, крый божа, не чулі, — У бойцы употайкі б’е яна масла.
А Галя ляжыць. Ёй не спіцца, не спіцца, Гарыць яе цела, а вочы — у скрусе. Спаўзла яна з ложка і падае ніцма Прад бабкай старою:                                 — Баюся, баюся!
О добрая бабка, скажу табе сёння Усю праўду. Ты-ж толькі нікому ні слова! — Спужалася баба:                          — Што кажаш ты, доня? Ты трызніш, дзяўчынка.                                    Ды ты нездарова! —
А Галя ў пакуце разгублена шэпча, I літасці просяць засмяглыя вусны. Яе абнімае старая за плечы: — Ну што-ж ты трапечаш? —                                    — Баюся, баюся...
Скажу я ўсю праўду. Дзяўчынка я з гета. — I слёзы ў вялізных вачах задрыжэлі: — Баюся, дазнаецца немец пра гэта, Баюся, каб немец мяне не застрэліў.
А бабка пяшчотна яе прытуліла I гладзіць, як маці, малую дзяўчынку. — Хай згінуць фашысты — нячыстая сіла! Не бойся. Я ў горы цябе не пакіну.

***

Сяло ў Беларусі — Дуброва. На полі — духмянае лета. Там пасвіць, пільнуе каровы Дзяўчынка маленькая з гета.
Спалох і самота над краем, Разбураны ён ад напасці, Няўжо, Беларусь дарагая, Тваё зацямнілася шчасце?
Дзяўчынку-ж усе палюбілі! Скарынку апошнюю з ёю Вясковыя людзі дзялілі, Бо ў сэрцы — сумленне святое.
Яно ў барацьбе, ў небяспеках Сагрэе нязгасным праменнем, Яно зберажэ чалавека. Яно прынясе вызваленне.

II

Наследвала Дзіна дзядулевы вочы, А воблік пазычыла ў мамы: Як тая, I плаўна, і лёганька крочыць I ўсмешкаю свеціць таксама.
Яе хараство яшчэ покуль схавана, I толькі ў вачах яно ўсходзіць. Як сонца, закрытае ўранні туманам, Да Дзіны юнацтва прыходзіць.