Выбрать главу
Радзіма з калыскі яе гадавала. Рукою дзявочаю, чыстай. Рукою, што кволыя краскі збірала,— Сама задушыла-б фашыста!
Прыйшоў снегавою парой і пагнаў ён На вісельню дзеда.                              А Дзіна Да шыбы прыпала і ўслых застагнала... Адпомсціць унучка павінна!

***

Глядзіць гэты лес старажытным палацам, Карэнні, як быццам слупы выразныя, Сняжынкі, нібы дыяменты, іскрацца. Як грэбні, галіны ялін ільдзяныя.
Страшней ад звяроў і дрымучага бору Той жах, што дзявочае сэрца параніў. Прад ёю — далёкі заснежаны ўзгорак, I маткі, і дзеці ў даўгім пахаванні.
Стамілася Дзіна, прысела на момант. I вочы яе замыкае дрымота. Нара пад ялінай здалася ёй домам. У лісці замшэлым заснуць ёй ахвота...

***

Палаў эшалон на зары, Палохаў разбуджаных птахаў, I вогненны, вольны парыў Гуляў па вагонах, па дахах.
I дым апускаўся на дол, Панурыя вораны грозна Разносілі вестку наўкол: — Пагроза, пагроза, пагроза!
I нават да ціхай нары, Дзе сон над усім уладарыў, З вятрамі дайшлі на зары I водблеск, і дым ад пажару.
Ёй душна...                   Чыясьці спіна Святло засланяе ад Дзіны. Яна не адна, не адна! I нехта глядзіць на дзяўчыну.
Ён дыхае цяжка. I кроў На твары юнацкім і светлым. Ён шэпча: — З якіх ты краёў? Быць можа, ты з гета? —
Ён бачыць збянтэжаны твар. Жалобныя, цёмныя бровы. — За смерць, за пакуты ахвяр Я помсціў сурова.—
I Дзіна палоскі ірве З дзявочай кашулі старанна, На русай яго галаве Яна перавязвае раны.
Схілілася Дзіна над ім. Здаецца, у сне ён з'явіўся. А водсвет пажару зусім З праменнямі першымі зліўся.
I ранак празрыстым святлом Пакрыў снегавое раздолле. Дзесь заяц шмыгнуў за ствалом... Ідуць яны разам паволі.
Ён кажа, што блізка атрад... Што зробіш? Ён крочыць-бы рад — Ды толькі ў вачах пацямнела. Цяжэе ягонае цела.
У лесе ёсць вуха, заўжды Яно прыслухаецца ўпарта. Са зброяй прыбеглі сюды Хлапцы з партызанскае варты.
А сосны струменілі пах, I лес напяваў яму песні. Хлапцы на сваіх кажухах Яго да зямлянкі панеслі.
Іх добрых вачэй цеплыня I сэрца дружбацкая сіла Яго да жыцця абудзіла На ўсходзе наступнага дня.

***

Дабру невядомы ні стома, ні жах, Ідзе яно шляхам уласным Па свеце, Хаця і цярністы той шлях, Але ён магутны і ясны.
Благога ў жыцці не зрабіла дзіця, З дабром яе зліты імкненні. З бяды я выношу яе, нібы сцяг, У светлыя дні вызвалення.
Мінае зіма, і вятры ўжо не дзьмуць, Загояцца раны краіны. Няхай пакаленні аповесць складуць Аб справах сумленных дзяўчыны.

***

На небе вячэрняя ўсходзіць зара I кліча ў паход партызанаў. У лесе старым застаецца сястра, I сэрца яе ўсхвалявана.
Няхай ім не выпадзе стрэцца з бядой, Хай вернуцца цэлымі людзі. Смалістыя сосны гамоняць над ёй, I льецца іх водар у грудзі.
Яна ўжо не можа без справы сядзець, I пальцы смуткуюць па нечым. У бой захацелася ёй паляцець. Яна ў непакоі трапеча.
От коннік імчыцца. Хрыпіць яго конь,— У пене, у мыле нясецца. У конніка ў чырвані левая скронь; I Дзіна зрываецца з месца.
I конніка хутка знімае з сядла, Нясе да лясное хаціны, Ён дыхае ледзьве.                             Ёсць іскра цяпла, — I значыць ён выжыве ў Дзіны!