***
Светлыя снапы на трактах,
Танкі ў Мінску — свята час!
Ззяюць жэрламі гарматы,
Вечна будзе светла ў нас!
Лета ходзіць па Дуброве,
Жыта спее на палях.
Бацька твой, жывы-здаровы,
Да цябе трымае шлях.
Партызаны на дарогах, —
Колькі воінаў-салдат!
Ад малога да старога —
Ўся краіна выйшла з хат.
У натоўпе — Міхаліна,
Як у моры хваль жывых.
А каго спаткаць павінна?
Пэўна, ўжо дзяцей сваіх!
Галава — у хустцы белай,
Хустка ў сонцы стала ззяць.
Цела ўсё памаладзела,
Ногі просяцца скакаць.
Хоць гадамі твар прымяты,—
Дабрата-ж на ім відна.
Між штандараў, горда ўзнятых,
Ўсё вышуквае яна.
Ці не сон?
Пазнала ледзьве,—
Гэта Дзіна на кані!
Хто вучыў дзяўчыну ездзіць,
Меч трымаць у вышыні?
У руках не меч — вінтоўка!
Сонца блытае заўжды.
Глянь, як хораша і лоўка
Нацягнула павады!
Прыгадалі тое ранне,
Як дарогі замяло,
Гаварылі: — Да спаткання! —
Развітання-ж не было!