Выбрать главу
Сюды я прыйшоў для вялікай сустрэчы, Мяркую вытокі кахання знайсці. I сум адляцеў мой, бо ён недарэчы На сцежках квяцістых у светлым жыцці.
I першага дожджыку прагнуць сасонкі, Іх волкае голле на ветры дрыжыць. Усё тут замоўкла — не чутна гамонкі, Зямля, як цяжарная, ў стоме ляжыць.
Без шапкі між дрэў я стаю ў задуменні, Падставіўшы лоб свой пад свежы павеў. Пяшчотна яго абдымаюць праменні, I новы ў душы нараджаецца спеў.
А сонца аж слепіць. Раз’ятраным жарам Зямлю ахінае і лес залаціць, Аж покуль сустрэне дажджовую хмару, Маланка заззяе, і гром загрыміць.
На кожным пагорку, маленькай лагчыне, На ўзлессі і шыры бязмежных палёў Жыццё навальніцай вясенняю хлыне, — I ўсё заквітнее, адновіцца зноў.

1956

НЯСКОНЧАНЫ АЎТАПАРТРЭТ

Прамінула ужо Шэсць дзесяткаў гадоў, Калі з горкай слязой У жыццё я прыйшоў.
Я адно тады ўмеў — Піў у маці з грудзей, Я не ведаў, што хлеб Пахне потам людзей.
Вось я трохі падрос, Бачу многа дарог. Толькі ў людзі ніяк Па іх выйсці не мог.
Бацька дзягаю б’е, Маці словам пячэ... Так паказваўся свет Для дзіцячых вачэй.
I падзелена ўсё Не пароўну было: Аднаму толькі змрок, А другому — святло.
*
Свет стары запалаў, I я з дому пайшоў, Праз агонь барацьбы Шлях да шчасця знайшоў.
Стала ўсё дагары — Быццам смерч над зямлёй, Але-ж лёгка хадзіць Простым людзям па ёй.
Сонца выйшла ў прастор, Так заззяла тады, Што цяпло і святло Я прыдбаў назаўжды.
Маю многа сяброў I сяброўку спаткаў, I жыццё збудаваў, I дзіця ўзгадаваў.
Час нічога не сцёр, Не сатрэ, каб хацеў, Ён са мною жыве, Хоць даўно адляцеў.
*
Хоць даўно я пішу, Маю імя — паэт, Дапісаць не магу Я свой аўтапартрэт.
Я навокал зірну: Колькі трэба сказаць! Каб управіцца. зноў Дзіцянём трэба стаць.
Кожны дзень, кожны міг Новых спраў настаццё, Кожны дзень я наноў Пачынаю жыццё.
Час павінен чакаць, Часу шмат у яго. Вельмі-ж многа работ У мяне аднаго.
Што паспею — зраблю. Дзе прайду — кіну след. З гэтых рысаў складзецца Мой аўтапартрэт.

1956

ДРУЖБА

Сяброўскія рукі ў цяжкую хвіліну Надзею акрыляць, узнімуць твой дух. А ласкавы погляд вачэй — ён адзіны Падкажа табе: вось твой сябар і друг.
Прыгожая рыса, як дар пакаленняў, Руку падаваць і казаць: добры дзень! Вось гэтак вітаўся вялікі наш Ленін, I ўспыхваў зычлівае ўсмешкі прамень.
Былі па-вясенняму цёплыя словы, Калі па-сяброўску ён друга вітаў. Ён шчырасць глыбокай сардэчнай размовы У спадчыну рускім людзям перадаў.
Братэрскаю дружбай народы сагрэты Па-ленінску, ў цесным сяброўстве сваім. Як сонца, яна зіхаціць над сусветам, Шляхі ў комунізм пракладаючы ім.

ЧАЛАВЕЧАЕ СЛОВА

Да плыўца ў акіян светлым птахам з зямлі Далятае сяброўскае слова, I цяплей на душы, хоць цябе абнялі Хваляў шум, подых шторма суровы.
Паміж небам і морам — на стыку двух сіл — Чалавек, як расінка ў пустыні, Перад тварам дзівоснай і грознай красы Над бяздоннем зялёных глыбіняў.
Родны бераг далёка... Здаецца, цябе Пакідае надзея на шчасце. Б’юць халодныя хвалі у твой карабель, Свішча вецер, зрываючы снасці...
У хвіліну адчаю прыходзіць тады Голас родны сяброўскага слова, Каб цябе зберагчы ад нягод, ад бяды, Каб напоўніць душу сілай новай.