Выбрать главу
Ішлі па табе закаханыя пары, Ішлі пераможцы, грымелі фанфары.
Упарта, каменне, маўчыш, як магіла,— Цябе гаварыць не прымусіш і сілай.
Няхай ты сягоння пакрыўджаным будзеш, Ды зломяць упартасць упартыя людзі.
Прыйдуць, раскапаюць, каб некуды звесці Для новае вуліцы ў новае месца.
Прабач, цябе заўтра заменяць асфальтам, Ты ўпартае — час яшчэ болей упарты!
Яшчэ паслужы, бо на звалку зарана,— Аздобіш ты бераг ракі ўтаймаванай.
Для новых часін, для вялікай будовы Ты ляжаш надзейнай і цвёрдай асновай!

ПАМЯЦІ КОМСАМОЛЬЦА

Здавалася, сонца замала, Здавалася, мала святла: Юнацтва свой шлях пачынала, А сталасць яшчэ не прыйшла.
Агонь разліваўся па жылах, У мускулах дужасць расла, Твая неўтаймоўная сіла Па хвалях жыццёвых ішла.
Прыгожым было каханне, Што сэрцы злучыла двух, Цяжкім было развітанне З табою, таварыш і друг!
Прыходу твайго чакалі Твае гарады і палі. Ты рэк пераплыў нямала, Ты мораў нямала праплыў.
Усюды — на ўсход і на захад Дарогі твае праляглі. Хадзіла юнацтва без страху Па родных прасторах зямлі.
Ты браў перашкоды з бою, Ты йшоў без хістанняў наўпрост, Свой лёс ты звязаў з барацьбою, Аддаўшы сваю маладосць.
Глядзеў ты з акопа на зоры, На ззянне далёкіх планет, I мара па сінім прасторы За імі імкнулася ўслед.
Сардэчную матчыну ласку, Вясёлы бацькоўскі жарт Не чуў ты. Прабітую каску Стачыла на полі іржа.
А лета ўздыхае прыпарам, I водар струменіцца з дрэў, Шчаслівая юная пара Цалуецца каля дзвярэй.
Старэнькая ціхая маці, Праплакаўшы вочы даўно, Самотная ходзіць па хаце, Штодня паглядае ў акно.
На ганак пахілены выйдзе, Глядзіць у няўцешнай журбе, Даўно на цябе яна ў крыўдзе, Што вестку не шлеш аб сабе.
Не знала, што куля скасіла Любімага сына яе,— Яна-б да грудзей прытуліла, Суцішыла-б мукі твае.
Маўклівыя, сціснуўшы зубы, Сябры твае неслі цябе. У гаі пад спаленым дубам Знайшоў ты магілу сабе.
Хай вораг зламаў тваё крылле У росквіце гордых надзей, Юнацтва-ж гарачая сіла Наперад нястрымна ідзе.
I шчодра гарачае сонца Адорвае землі святлом У руху няспынным, бясконцым Над тым, што жыве і жыло!

СВІТАННЕ

Румяна неба з краю і да краю, Зара павольна гасне за зарой. I першы чалавек, каго страчаю, Нясе любоў і цеплыню з сабой.
Ідзем сумесна дню мы насустрэчу, Мы разразаем вецер з ім наўзмах. Пяшчотнасць маці мне лягла на плечы, Спакой дзіцяці свеціцца ў вачах.
Бразгочуць дзверы. Дахі на будынках Плывуць да сонца, распластаўшы цень. Цяпер мне шкода страціць і хвілінку: З усімі разам я ступаю ў дзень.
Прыемна несці важкасць бытавання, I працу дня, і ўсіх начэй красу. Праз сінія празрыстыя світанні Сваёй краіне я жыццё нясу.

1940

ЖЫЦЦЁ МАЁ

Хаджу я закаханы ля цябе, Гляджу у твар табе, у вочы міла, Каб ні адна хмурынка чысціні Красы тваёй не засланіла.
Жыццё маё, глядзі — прыйшла вясна, Прыйшла на ганак наш і ў наваколле. Я пад руку вазьму цябе, жыццё, I пойдзем мы гуляць у поле.
Высока неба ў нас над галавой. Зіхцяць палеткі збажыною росна. Глядзі, як рана сонейка ўстае I ўвечары заходзіць позна.
На досвітку услаўлю ноч з табой, Увечар будзе дзень апеты. Жыццё маё, цудоўна будзе нам, Паверыць можаш мне у гэтым!
Каровы павыходзілі з хлява, Конь развявае грыву залатую, Я для цябе ні хлеба, ні святла, Ні любасці не пашкадую.