Відаць, што нядрэнная памяць у пеўня, —
Заплюшчыўшы вочы пяе.
Успомніў, што некалі жыў ён, напэўна,
Паблізу ад хаты мае.
Вясны залацістае ранак пагодны,
Чароды курэй маладых,
Двароў ён шукае знаёмых і родных,
I цяжка яму ад нуды.
Ідзе, галаву на бакі павяртае,
Мясціны нібы пазнае.
I вуліца так, як даўней, выглядае,
Ды нечага ўсё-ж не стае.
Вось ганак, прыступка, парог...
Ды нікога, Хто-б дзверы яму адчыніў.
А тут-жа дзяцей было некалі многа!
Няўжо ён як-небудзь зблудзіў?
На цэглу, на лом ён ступае няцвёрда,
Ён крыллі свае распрастаў...
Расцвіў яго грэбень... і раптам ён горда
Узняў галаву й заспяваў.
ЗЯЛЁНЫ ЛІСТ
Глянь на дрэва,— на галлі
Першы ліст зазелянеў!
Крона спалена калісь,
Але корань уцалеў.
Што за зімы тут былі,
Што за леты — не сказаць!..
Маці-б хоць прыйшла калі
Дзіцянё закалыхаць.
Хоць-бы зрэдку верабей
У лісці пашчабятаў.
Хоць-бы голас весялей
Час-ад-часу залунаў.
Ствол, распранены зусім,
Засаромлена глядзіць;
Выйшаў ён з агню такім, —
Без кашулі, як стаіць.
Многа часу ён чакаў —
Пасівелы, моцны ствол.
Верх ягоны засыхаў,
Ды жывіў карэнні дол.
I цяпер усім відаць:
Пачынае дрэва жыць.
Гулка вуліцы звіняць,
Вецер радасна шуміць.
Першы ліст зазелянеў,
Самы свежы між лістоў.
Корань дрэва уцалеў, —
Адрасце і верх ізноў!
1945
ЖНІВО
Збіраецца маці, бярэ яна серп:
Даўно асыпаецца спелы загон.
Ідзе на палетак і ў сэрцы нясе
Нямецкім забойцам гарачы праклён.
I жала яна і вязала снапы,
Ўвесь дзень ваявала да позняй начы.
I грозна звінелі на нівах сярпы,
Мільгалі ў паветры сярпы, як мячы.
Бліскучыя росы на травах, як пот,
Паціху дамоў адыходзяць жанцы.
Дзяўчаты! Вы бачылі сонца заход?
Там здужалі ворага нашы байцы!
Смяюцца дзяўчаты. Чаму ім не знаць?
Бо тыя-ж байцы — гэта іх жаніхі.
Ноч стала лугі у туман апранаць,
На раніцу будзе яснейшы блакіт.
На ранні увішней пачнецца жніво,
Аб гэтым дзяўчаты на прызбах пяюць,
I песня звініць маладым хараством,
А маці ўсё думае думу сваю.
Яна ўспамінае далёкіх сыноў, —
На фронце яны, затужыла па іх.
Калі-ж дачакаецца маці дамоў,
Сустрэне, абдыме гасцей дарагіх?
Яна абвясціла таксама вайну, —
Сынам памагае на полі сярпом:
Збірае і вяжа ў снапы збажыну
I ворага душыць жытнёвым вязьмом.
1942
СТУДЗЕНЬ
Марозны студзень стаў каля акна.
З франтоў прыходзяць добрыя навіны.
Здаецца мне, радзіма ўся відна
У гэтую вячорную гадзіну.
Гарыць агонь, цудоўны чорны хлеб
Дае мне сіл для заўтрашняе працы.
Я выйду рана, толькі у імгле
Пачне маленькі горад прачынацца.
Так, дзень пры дні, у гэты самы час,
Нібы па змове ці па абяцанню,
Я на рагу страчаю скрыпача,
Мы разам з ім праходзім на світанні.
I радасна мы паўтараем зноў,
Што уначы быў адагнаны вораг,
I слаўная сям’я совецкіх гарадоў
Пабольшала яшчэ на вызвалены горад.
Мы прывітаем дзень: я — словам, ён — смыком,
Спеў паляціць у дальнюю дарогу.
Няхай-жа ён сустрэнецца з байцом,
Што пачынае дзень наш перамогай!
1942
ДОЖДЖ
— А што ты мне, бацька, сягоння прынёс?
Што там выглядае ў цябе з-пад рукі?
— Ці ў свеце ласункі смачнейшыя ёсць,
Як свежы хлябок з пытляванай мукі?
У сілу ўбіраецца летняя ноч,
Паціху ахутваюць хмары зямлю.
Дзіця не кладзецца, чакае яно,
Што зараз абвешчаны будзе салют.
Забыла дзіця, што вячэраць пара, —
Пакроен на лусты ляжыць каравай.
I праўда, чутно: загулі ў рупарах
Знаёмыя словы: «Гаворыць Масква!»