Выбрать главу
Вось дождж сыпануў і пабег у прасцяг, Праліўся у полі, вярнуўся назад, А сон падышоў і загойдаў дзіця, І светлую казку яму расказаў.
А дзесьці наперад памкнуўся баец, Асвежаны добрым і цёплым дажджом, Ізноў зарадзіў ён гарматы свае, I ворага ўдарыў знішчаючы гром.

1943

КРАВЕЦ

Нямнога жадаў гэты просты кравец: Каб хлеб на стале аздабляў яго дом, Каб зоры раслі, як суніцы ў траве, Здаволен быў працай сваёй і жыццём.
Часамі, у свята, хадзіў ён гуляць, Глядзеў, як рунее суседаў загон, З зялёнага лесу прыносіў галля I столь прыбіраў, як вялося здавён.
I слова сказаць, і адзежу пашыць — Стараўся рабіць для суседзей найлепш. Сяляне любілі краўца ад душы, Салодкі яму быў зароблены хлеб.
А немец прыйшоў і хаціну спаліў I поле суседава ўшчэнт здратаваў. Гаркотаю дым да нябёс зачадзіў, I сумна панікла ў далінах трава.
Ляжыць на руінах забіты яўрэй, — З усёю сям’ёю загінуў кравец, — І толькі дзіця ад нялюдскіх вачэй Суседзі ўтаілі, схавалі ў хляве.
Як ноч узышла на затлёны прасцяг, У хлеў адчыніліся дзверы крадком, Суседка прыйшла паглядзець на дзіця, Даць хлеба крыху, напаіць малаком.
З жанчыны яно не спускае вачэй, Да хлеба працягвае ручкі свае... Не можа малое уцяміць яшчэ, Чаму гэты хлеб не матуля дае.
На грудзі цяжкая слязіна сплыла... Сядзела жанчына з малым да відна, На рукі ўзяла, у свой дом занясла, I маці яму замяніла яна.

1943

ПАМЯЦІ ЭЛІ КАГАНА

Ты болей не прыйдзеш Да нашых дзвярэй, I вечар мой будзе Паперы бялей,—
Нічога я з гора На ёй не ўпісаў, Бо словы, як птушак, Віхор разагнаў.
Да птушкі падобна Маё пачуццё. ... Наш дом — у пажары, У доме — дзіцё.
А мне не ўзабрацца На вогненны дах... Так вобраз прыходзіць Мне твой па начах.
Ты болей не прыйдзеш Як госць да мяне. Стаіць толькі месяц Халодны ў акне.
Твой твар праплывае У бляску, без дум... Як птушка пад ветрам Лятае твой сум.
I падаюць птушкі На вогненны дах... Так вобраз прыходзіць Мне твой па начах.
*
I раптам знікаюць цяжары, З’яўляецца радасць у дом, — У хату заходзіць таварыш, Становіцца светла кругом.
Пыл боты яго пакрывае, На твары суровы выраз. У вочы яму пазіраеш, Мінулы прыгадваеш час.
— Дзень добры! — ён кажа. I ранак Адразу святлее вакол. I ўсё, што на сэрцы схавана, Кладзеш перад ім, як на стол.
Размова, пачатая сціпла, Праз момант ліецца ракой. I ноч ужо к вокнам прыліпла. А друг твой, таварыш — з табой.
Нам трэба сказаць гэтак многа, А мы не сказалі ані. Мы хочам унікнуць былога, Зірнуць у наступныя дні.
Гадзіна ідзе за гадзінай, I часу губляецца след. Мы ўдвух з сваім другам адзіным, I з намі цяпер увесь свет.

1944

НЕ СПАГАДАЙ

Не спагадай, што у мяне Сівая галава! Я русым быў, я сівізну Нялёгка здабываў. Я многа бачыў, Знаю шмат, I ты скажы мне, Дай загад, — I песню я табе спяю Аб тым, хто маладосць абараніў тваю, Хто бачыў смерць, пакуты след, Хто увайшоў цяпер у новы ясны свет.
Не спагадай! Зірні, — яна, Мая празрыста сівізна, I вочы ясныя мае, I зубы цэлыя мае; Ім хлеб ласункам быў у юныя гады. А ўмелі мне язык не адкусіць тады, Калі мой апетыт быў вельмі малады.
Аднойчы я ўначы цябе чакаў, Ў далёкім горадзе завулкамі блукаў, У белае начы быў вельмі сіні снег, Я гаварыў табе, што мала меў уцех У маладосці.                     Рэха паміж гор Падладжвалася ў такт да голасу майго. Тады пачуў адказ я ў цішыні начной: «Вялікае жыццё ляжыць перад табой!» I з гораду, што спаў паміж далін, Мы на гару высокую ўзышлі. Тваю руку знайшла мая рука, I пахла яблыкам твая халодная шчака.