Выбрать главу

1940

ПРАЦАВАЎ ЦАЛЮТКІ ДЗЕНЬ Я...

Працаваў цалюткі дзень я I цябе чакаў. Сіні вечар лёг на сцены, Выйшлі мы — ў руцэ рука.
Ў задумёным сомным полі Любіш ты хадзіць. Вось зрываеш спелы колас I глядзіш на маладзік.
Ў полі жыта даспявае,— Хутка і жніво. Чуеш, сэрца як спявае, Услаўляе хараство?
Мы ідзем так доўга моўчкі, Толькі ў грудзях спеў. Бачыш, яблыкі, як вочы, Выглядаюць з сонных дрэў?
Вось наскочыў шустры вецер, Яблыка зваліў, Шаль твой ўверх і ўніз ён верціць Між разгойданых галін;
I здаецца, ты ўзляцела... Не! Спыніла ўзлёт... Воблік твой з усмешкай смелай Мне ў душу глыбока лёг.
I сама ўся ў летнім цвеце З кудрамі вясны. Пекната іх ўночы свеціць, Круглы год цвітуць яны.
Ўвесь рабочы дзень насіў я Вобраз залаты. Скора прыйдзе вечар сіні... Не марудзь, прыйдзі!

1940

ЗІРНІ, ДЗІЦЯ!

Зірні, дзіця! Апала з дрэў краса... А помніш, як стаяў у белым цвеце сад. Як ён шумеў, Гайдаў птушыны спеў, Як тупалі дажджы між дрэў? Зірні, дзіця! Табе вясны шкада, Ліпнёвым дням яе Не хочаш ты аддаць, Не хочаш знаць, Што лета надышло I з той красы у садзе вырас плод.
Зірні, дзіця! Прыйшоў асенні дзень. Асенні дождж па вуліцах ідзе, А ты у бесклапотнасці сваёй Яшчэ жывеш тым летам і вясной: I дрэвы у цябе цвітуць, I караблі ў цябе плывуць, Бягуць зайцы к табе з лясоў, Ты — паляўнічы, ты-ж і воўк. Запяўшы станік хвартушком, Як мама, прыбіраеш дом I лялькам аддаеш загад, Каб не дурэлі.                       Гульняў шмат За дзень ты можаш перабраць. Гуляй, дзіця,— твая пара! А я падумаў сёння аб адным: Цяпло вясны ў табе самім.
Зірні, дзіця! Ужо канец зімы, Марозных кветак сон Змялі дамы З акон. Хоць і гуляеш ты яшчэ у снег і вецер, А снег ужо растаў, Ідзе вясна па свеце, У чаргаванні дзей, У кругабегу дзён Мінае час, раджаецца жыццё, Расце жыццё, і ты расцеш, дзіця! Шырокі прад табой адчынены прасцяг: Ты будзеш доўга жыць — дужэць і гартавацца У харастве вясны і ў сонцы летняй працы.

1940

ДВАНАЦЦАЦЬ ГАДЗІН

Выходжу я ў поўнач на светлы прастор Паслухаць хаду свайго краю. У горадзе відна, — слупамі да зор Святло ад муроў вырастае.
На плошчах нямоўчна грымяць рупары, Дамы не сцішаюцца позна. I толькі далёкія дрэмлюць бары, Загойдаўшы птушак у гнёздах.
Вось зорка мільгнула і ўпала між гор, Пражэктар абшуквае далі. Я зрок пасылаю на промні яго, Каб бачыць і шырай, і далей.
На Млечным шляху узгараецца бой, І я уяўляю, што лётчык Па ворагу ўдарыў, і падае той Кавалкам гаручае ночы.
Куранты спакойна адзвоньваюць час. Увага! Вось зараз дванаццаць... I кроў пачынае імклівей гучаць, I сэрца мацней хвалявацца.
Мелодыя гімна наўсцяж паплыла. Узняты магутнай залевай, Спяваем з сябрамі, і хутка зямля Уся абдымаецца спевам.
Працоўнаю вартай растуць гарады, Дамы нашы — поўныя соты. Мы сёння пад гімнам раўняем рады Для заўтрашняй спорнай работы.

1944

МАЙСТРУ

Выйдзі, майстар, У горадзе лепшае месца знайдзі I падмурак кладзі. Так будуй гэты дом, Каб за кожным акном Новы дзень разгараўся вясёлым святлом, Каб ніхто не ўтаіў захаплення ў вачах, Паглядзеўшы, як сонца ліецца на дах.