Выбрать главу

- Пойдзем туды,— сказала бабулька.

Мы кулём пакаціліся з гары ўніз — да вёскі. «V самым нізе я балюча ўдарыўся аб востры камень, закрычаў ад болю і... прачнуўся.

Грудзі мае былі ў крыві. Прыгожы швэдар быў спаганены круглай чырвонай плямай. Унізе, на лаўцы насупраць, я ўбачыў трох мужчынаў. Двое трымалі трэцяга, які сядзеў пасярод, за рукі. На стале ляжаў акрываўлены, быццам іржавы, нож. У мяне зноў забалелі грудзі... Трохі ўбаку, на лаўцы пад маёй паліцай, сядзеў яшчэ адзін мужчына. Скрозь ягоныя пальцы са-чылася ярка-чырвоная сукравіца.

- Ага, прачнуўся, нарэшце... А цябе тут забіць хацелі...— пачаў казаць адзін з мужчын.

Другі паспешна дадаў:

- Твае смяшкі ў сне не спадабаліся вось яму,— і ён паказаў на таго, каго трымалі.— А вось гэты ідыёт — руку падставіў, каб цябе ўратаваць. Яшчэ б імгненне — І не прачнуўся б ты больш ніколі... Ну, уставай, сведкам будзеш. Зараз міліцыя прыйдзе.

- Якім сведкам?.. Я дадому еду!.. Я ўжо пры-ехаў!..— закрычаў я.— Мне ісці трэба! — і кінуўся да выхаду. Мяне паспрабавалі схапіць, але я вырваўся, яшчэ раз тузануўся і, ледзь не зваліўшыся з паліцы,— ачуўся.

За акном была густая цемра. Ні агеньчыка, ні зоркі. Быццам нехта проста заклеіў акно чорнай фотапаперай.

Цягнік стаяў. Стаяў, пэўна, ужо даўно і яшчэ доўга павінен быў стаяць. У вагоне не чуваць было ўжо ні гаманы пасажыраў, якія збіраліся выходзіць, ні тых, што зайшлі.

- Дзе мы стаім? — спытаў я ў пасажыра, які ўважліва паглядаў на мяне.

- Гомель...— схамянуўся той.

Я саслізнуў з паліцы. Усунуў ногі ў халодныя чаравікі, узяў сакваяж, накіраваўся да выхаду. Пачаргова апускаючыся з прыступкі на прыступку, я сышоў на заліты дажджом да лужынаў перон...

1982

Успамін. Яблыкі

Гэта было так даўно, што той час можна назваць дзяцінствам. Альбо юнацтвам, бо я ўжо любіў кагосьці яшчэ акрамя мамы. Кахаў моцна, гэтаксама моцна спадзеючыся на ўзаемнасць. Яна, здаецца, была маёй аднакласніцай... А мо і не. Але не гэта галоўнае — галоўнае, што я кахаў. I яна ведала пра тое гэтаксама, як вы ведаеце зараз.

Так, але я не хацеў пісаць пра каханне. Я думаў распавесці пра тое, што было так даўно і схавалася ўжо за чарадой іншых успамінаў — больш блізкіх і таму больш ясных. Вы заўважалі, пэўна, як некалькі светлых шкельцаў, складзе-ных разам, пакрываюцца смугой. I чым больш празрыстых шкельцаў, тым за большым туманам бачыцца тое, што мы хочам праз іх разгледзець. Так і з маёй памяццю...

Зусім заблытаўся...

Я хачу напісаць зусім не пра гэта. Я хачу напісаць пра дзяцінства. Пра тое, маё. Якое гэтак востра тады адчувалася мной і знаходзілася ўва мне. Пра час, калі здавалася, што ўсё забараняюць і табе кроку нельга ступіць без дазволу. Але толькі зараз стала зразумела, што менавіта тады і былі ў цябе гады сапраўднае волі...

I зноў не пра тое.

Я хачу напісаць не пра дзяцінства наогул, а пра некалькі выпадкаў з яго. Яны гэтаксама дакладна і бясспрэчна былі, як тое, што нейкую хвілю назад у вас з'явілася жаданне кінуць чытаць гэтае апавяданне, бо вам нецікава.

Так, і гэтае і тое было. Гэтае — нядаўна, тое — даўно. Аднак усё ўжо ў мінулым і таму стала роўным між сабою...

1

Сонны сад рыпеў на ветры дрэвамі. Такімі старымі, што нават пры лёгкім дотыку ад ствалоў адляталі кавалачкі кары, агаляючы сухое цела яблынь, і яно плямамі бялела ў цемры.

У гэты незнаёмы сад нас прынадзіў пругкі стук яблык-паданак аб зямлю. Вецер даносіў іх салодкі пах, і рот напаўняўся слінай. Мы не вытрымалі. Гнілая, пазелянелая ад старасці і вільгаці дошка ў плоце зламалася без трэску. Яна нібы ціхенька ўздыхнула ад болю і мякка перагнулася напалам.

Першыя яблыкі гучна храбусцелі і прымушалі нас сцінацца ад страху, што нехта пачуе. А потым мы асмялелі...

Калі нашыя пазухі сталі нагадваць жываты цяжарных жанчын, мы сабраліся сыходзіць. I тут я ўбачыў успышку агню, якая вылецела з цемры. Гук стрэлу пачуўся амаль адначасова. «Гэта вартаўнік!..» — падумаў я і закрычаў ад болю...

Вярнуўшыся з цемры свядомасці ў цемрыва ночы, я ўбачыў, што сябры мае ўцяклі, адзін я застаўся ляжаць. Ногі здаваліся мне чужымі, хоць я і востра іх адчуваў. Яны нібы хворая частка другога чалавека ляжалі побач.

— Папаўся, галубчык!..— былі першыя словы, якія я хацеў пачуць, ведаў, што пачую, і пачуў, калі наблізіўся вартаўнік.

Нада мной з радасным дыханнем схіліўся твар. Мне захацелася ўкусіць яго. Але я ляжаў ціха, без стогнаў, быццам мёртвы, і баяўся толькі, каб дзед не заўважыў слёзы ля вачэй. I дамогся свайго.