Вартаўнік адхіснуўся ад мяне. Спалохаўся. Стрэльба задрыжэла ў ягоных руках і ўпала побач са мной. У паветры папоўз востры пах тытуню — дзед стаў шныпарыць у кішэнях, шукаць запалкі. Іх не было. Напалову лысая, прапахлая потам галава ўпала мне на грудзі, туды, дзе павінна быць сэрца. Я целам адчуў, як калючая скура яго твару зморшчылася, сабралася ва ўсмешку.
— Вады хіба што прынесці і лінуць на яго, каб ажыў,— сказаў сам сабе вартаўнік. Устаў і пайшоў, доўга падцягваючы адну нагу і хутка ступаючы другой. «Відаць, кульгавы...» — падумаў я.
Да гэтага часу боль пакінуў усё цела і застаўся толькі маленькай гарачай плямінкай у правым калене. Вартаўнік не бачыў у цемры мой твар, а значыць, і не мог запомніць мяне! I зараз трэба было ўцякаць, пакуль яго няма. Хапаючыся за глыбокія расколіны-зморшчыны ў кары дрэва, я ўстаў і прытуліўся да яго, па-буслінаму стоячы на адной назе. Але ўстаць было самым лёгкім! Калі я працягнуў правую нагу наперад і паспрабаваў абаперціся на яе, розум мой памутнеў ад болю, які штыком пранізаў увесь бок і ўдарыў у галаву. Я зноў закрычаў. I, як падкошаны, упаў тварам проста на прыклад стрэльбы. Аднак болю ад разбітага носа я не адчуў. Я адчуў толькі цеплыню і брыдкую макрэчу салёнае крыві, камякаватую слізкасць у роце.
Ад усяго гэтага можна было страціць прытомнасць. I я не ведаю, чаму так не здарылася. Мажліва, таму, што ў галаве зараз пульсавала-працавала адна думка: «Уцякаць!..» Стрэльба была дарэчы. Абапіраючыся на яе, спачатку проста як на палку, я ўстаў, а потым абапёрся, як на мыліцу, і пайшоў. Ля самай дзіркі ў агароджы я пачуў ззаду крокі вартаўніка, падобныя на кропкі-працяжнікі азбукі Морзе. З-за плота я стаў назіраць за дзедам. А той падышоў да месца, дзе я раней ляжаў, спыніўся і ўвесь скалануўся: разгублена бразнуўшы дужкай, вядро стала на зямлю.
- У-у-у, гад, уцёк,— голасам, у якім адчувалася здароўе і было нешта воўчае, загуў-завыў дзед і стаў хутка хадзіць вакол: пэўна, усё ж спадзяваўся знайсці мяне. Крокі ягоныя ператварыліся ў суцэльны, густы шоргат лісця, і мне падумалася, што яно сухое, калі можа гэтак шамацець.
Уздыхі шкадавання і гневу, якія ішлі з саду, мне абрыдлі. Я ўжо ведаў, што рабіць. Я падняў стрэльбу і накіраваў яе ў цемру саду. Але стрэльба аказалася аднаствольнай...
Дзед да таго часу супакоіўся і, расчаравана ступаючы, пайшоў у глыбіню саду. Забыўся нават на вядро. У вадзе ціха адбіваліся (я бачыў!) дзірачкі зорак. Да мяне падбеглі тыя, з кім я раней, не вытрымаўшы паху яблык, палез у сад.
- Што з табой? — з непатрэбным мне спачуваннем спытаў адзін з іх.
- Нага...— я не трымаў да іх крыўды і таму гаварыў спакойна.
Яны зразумелі ўсё. Асцярожна, як нешта крохкае, узялі мяне пад рукі, павялі дахаты...
Я не буду апісваць, што было з маці, калі яна мяне ўбачыла. Такія сцэны вы ўжо шмат разоў чыталі. I не хачу пісаць пра доўгія і нудныя месяцы, праведзеныя ў шпіталі, дзе нейкай разнастайнасцю вылучаліся хіба што дні аперацый. А іх было шмат. Беспаспяховыя, марныя, непатрэбныя... Скажу толькі, што там я пачаў упершыню пісаць для вас. Нічога не скажу я і пра суд над дзедам-вартаўніком, на якім яго апраўдалі, бо прызналі вар'ятам. Усё ў гэтым жыцці тлумачыцца проста...
З таго часу прайшло шмат гадоў. Я пісаў ужо, што было гэта ў далёкім, даўнім дзяцінстве, якое скончылася для мяне разам з тым стрэлам, што зрабіў мяне калекам. Так, я зараз хаджу гэтаксама, як і той дзед. Правая нага не згінаецца ў калене, і я паўколам доўга цягну яе па зямлі...
I яшчэ: я забыў напісаць, што цяпер я працую вартаўніком у калгасным садзе. У мяне ёсць стрэльба...
2
Дзверы хлеўчука бязгучна пагойдваліся ўлева-ўправа пад лёгкім летнім ветрыкам. Вечаровая цішыня прагна ўслухоўвалася ў сябе. Мае крокі аддаваліся ў ёй незвычайна чутна і гулка. Быццам недзе пада мной была пустата.
Адно не выключала другога.
Падумаўшы гэтак, я ўзяў заступ, што прытоена стаяў ля сцяны.
Зямля лёгка паддавалася рыдлёўцы, хоць сцяжына і была добра ўтаптаная. Першыя паўметра я выкапаў неўпрыкметку. Далей стала цяжэй, на лбе выступіў казытлівы пот, галава стала цяжкой ад напружання. Яшчэ праз паўметра, калі немагчыма было ўжо седзячы наверсе выцягваць рыдлёўку з жоўтым, бы пафарбаваным, пяском, я падняўся з каленяў.
Нейкай пэўнай думкі не было. Проста стала цяжка. Я выпрастаўся — да хрусту ў касцях — і агледзеўся. За рэдкім плотам пад яблыняй пластом ляжалі паданкі, далей чырванелі на калівах тлустыя памідоры, яшчэ далей, ля небасхілу, сінеў лес.
Я крыху пастаяў і стомлена пасунуўся з двара на вуліцу. На адной з лавак сядзелі двое. Перашэптваліся — і яна ціхенька смяялася.