Выбрать главу

Аднак сёння Юрась і Уладзя цемрыва не дачакаліся — выправіліся на ловы сярод дня. Не дзеля цікаўнасці альбо «рамантыкі». Учарашняя непрадбачлівасць вымусіла. Прыехалі яны на Сяляву апошнім аўтобусам. Вечарэла, у лесе даўгія цені дрэваў зліваліся ўжо ў суцэльную шэрань. Покуль дабраліся да даўно выбранай і абжытай імі мясцінкі — і зусім сцямнела. Хуценька разапнулі намёт. Уладзя адышоўся з сякеркаю і назбіраў сушняку на вогнішча, а Юрась накапаў чарвякоў на ранішнюю рыбалку. Гэтыя звыклыя, даўно падзеленыя абавязкі выканалі ўмомант, схапілі вядро, электрычны ліхтар і рванулі да возера, на справу, дзеля якое і прыязджалі сюды.

З гадзіну праблукалі ў парнай вечаровай вадзе, назбіралі — інакш і не скажаш — з паўвядра ракаў і вярнуліся да намёта. Расклалі вогнішча і, калі пацягнула ад яго салодкім хваёвым дымком, разам прыгадалі, што, яшчэ ідучы ад аўтобуса, сцякалі слінаю ад голаду. Кінуліся да сваіх пляцакоў, цап-цап — а там нехта палазіў ужо і прыпасы выцягнуў. Знікла ўсё ядомае — каўбаса, хлеб, сала... Засталіся толькі пашкуматаная, заплямленая былымі харчамі папера ды растрыбушаныя цэлафанавыя пакеты. А яшчэ соль ды сякія-такія прыправы да юшкі.

— Ідыёты! — выгукнуў у размаляванае зорамі неба Уладзя.— Пляцакі незакрытымі пакінулі,і сабака ў іх палазіў!..

Калі б пабылі тут людзі, яны і пляцакі прыхапілі б разам... I на тым дзякуй.

Назаўтра раніцаю хлопцы сплавалі на чоўне ў вёсачку, дзесяткі два хатаў якой былі абыякава, хаатычна, нібы пярлоўка курам, рассыпаны на супрацьлеглым беразе возера. У адным з будыначкаў, ці не ў былой лазенцы, месцілася крама. Было ў ёй надзіва пуста: толькі чэрствы пазаўчарашні хлеб ды абрыдлая за вясну ў студэнцкай сталоўцы вермішэль. Затое ляжалі іншыя «товары повседневного спроса»: заседжа-ныя мухамі кніжкі, стосік нейкай пажаўцелай бялізны ці дзіцячай апраткі і некалькі параў вялізных галёшаў. Узяўшы дзве цагліны хлеба, хлопцы вярнуліся назад.

Як назло, і рыба не бралася. За ранак злавілі Юрась з Уладзем на двух пару плотачак ды акунька. Таму й выправіліся ўдзень ізноў на ракаў. Голад не цётка. Трэ было й пра вячэру падумаць.

На чоўне падплылі да невялікага астраўка, што зелянеў метраў за паўсотню ад берага. Ноччу сюды яны не заплывалі. I дарэмна: мясціна была самая што ні на ёсць рачыная. Прытопленыя карчы, абрывістыя берагі, утырканыя дзіркамі нораў. I ледзь не ў кожнай — няпуджаны рак. Адно толькі — лавіць ракаў даводзілася на «жыўца»: на ўласную руку. Уціскаць яе ў нару, пасоўваць паціху наперад і з жахам чакаць, калі сцісне пальцы клюшня... Аднак і ў такіх ловах ёсць свой інтарэс, Юрась і Уладзя захапіліся і толькі шэптам перага-ворваліся, зрэдку пакрыкваючы ад болю.

— Ау, хлопцы, што гэта вы тут робіце? — пачуўся зусім побач дзявочы голас. Лаўцы азірнуліся — да іх падплывала дзяўчына. Лёгка, па-сабачы падграбаючы, адфыркваючыся ад хваль, яна наблізілася і стала на ногі метры за тры ад хлопцаў. Вада даходзіла ёй да клубоў, аднак гэта не замінала разгледзець, што была яна надзвычай прывабная. Яна проста свяцілася прыгажосцю. Тонкі, першы загар смугліў цела, доўгія, распушчаныя валасы цесна апляталі плечы, акруглялі твар, які, здавалася, увесь занялі вялізныя вочы... Русалка, дый годзе.

— Ракаў ловім, не бачыш...— незадаволена і незразумела груба буркнуў у адказ Уладзя і асцярожна дастаў з вады чарговага небараку. Пры гэтым аніколькі не зморшчыўся, хоць рак да крыві парэзаў клюшнёю руку.

- Ой, як цікава! А можна мне паглядзець? — мяккім голасам, які ў цесныя абдымкі браў сэрца і не адпускаў, не прагаварыла, а праспявала дзяўчына.

- Чаму ж не... Калі хочаш, і сама паспрабуй злавіць.

- Не-е, стра-ашна... Я такая баязлівая...

Юрасю дзяўчына спадабалася — ажно дух заняло. «Кажуць пра каханне з першага погляду — можа, яно й бывае такім»,— падумаў Юрась. Ен стаяў моўчкі, пазіраў на дзяўчыну, лавіў голас, які так пасаваў ёй, і здзіўляўся, як ва Уладзі язык паварочваецца нешта адказваць, перамаўляцца з ёю. Юрась зірнуў на сябра і ўбачыў, што той не менш за яго заварожаны, зачараваны дзяўчынаю. А яна была ўжо зусім побач, па той бок чоўна, і ўзіралася ў ягонае дно, па якім поўзалі ў вадзе, счапіўшыся па двое, па трое, ракі, збіваліся ў страшныя, ад настаўленых ва ўсе бакі клюшняў, купкі. Дзяўчына схілілася над чоўнам, і Юрасю стала не па сабе — такая прыцягальная сіла зыходзіла ад яе. Сэрца затахкала, забілася часценька, бы на экзамене, перад тым як білет цягнуць. А калі Юрась заўважыў, як выглядваюць з-пад невялікага купальнага станіка яе маленькія, востранькія грудзі, то сэрца зайшлося ў стогне, і ледзь не страціў прытомнасць... Юрась не разумеў, што з ім адбываецца, ён не мог стрымліваць свае пачуцці, аддаўся ім і млеў ад прысутнасці невядомае дзяўчыны.