Выбрать главу

Хлопцы злавілі яшчэ з дзесятак ракаў, перакідваючыся з дзяўчынаю нейкімі нікчэмнымі словамі. А потым пачалі збірацца «дамоў», да свайго намёта. Юрась улез у човен, сабраў у вядро ракаў.

- Вы паплывеце ўжо? — весела, нават неяк шчасліва спытала дзяўчына.

- Так...— толькі й прамовіў Юрась.

- А куды? Ці далёка?

- Вунь на мысок наш, да намёта,— кіўнуў галавою некуды ўдалеч Уладзя.

- Ой, а можна мне з вамі, ага? Я ведаю: вы ракаў варыць будзеце! А я так хачу іх пакаштаваць...

- А ты што, адна тут?

- Не-е, з бацькамі. Але яны супраць не будуць. Я зараз ім памахаю.

Дзяўчына ўзняла ўгару тонкую і гнуткую, нібы лебядзіная шыя, руку, плаўна правяла ёю па паветры, як па вадзе, і крыкнула: «Эге-гей!»

На беразе, ад жоўтага польскага намёта, ля якога стаялі новенькія чырвоныя «Жыгулі», адразу ж, быццам чакаўшы гэтага знаку, адарвалася постаць жанчыны ў паласатым купальніку.

- Мама-а! — звонка крыкнула дзяўчына.— Можна, я з хлопцамі пакатаюся? Тут, недалёка...

Жанчына памахала ў адказ рукою: можна, можна. Дзяўчына спрытна і лёгка забралася ў човен і сказала:

— Мяне завуць Гэля. А вас? Хлопцы назваліся.

Уладзя ўзяўся за вёслы, і Юрасю давялося сесці на лаўцы побач з Гэляю. I праз колькі хвілінаў ён пашкадаваў пра тое... бо што гэта было за выпрабаванне! Юрась не бачыў анічога вакол, вочы засціў туман, які наплываў аднекуль знутры. Усім целам адчуваў ён Гэлю, і толькі Гэлю. А калі яна незнарок апякала яго сваім дотыкам альбо дыханнем... Што і казаць, што і тлумачыць... Адно добра: прыхапілі хлопцы з сабою ў човен сёе-тое з апраткі, і Юрась падняў і своечасова накінуў сабе на калені кашулю, а то — сораму не абабрацца б.

Гэля весела шчабятала ўсю дарогу і, здавалася, анічога не заўважала. Распавядала пра сябе. Яна з бацькамі прыехала сюды, на Сяляву, за Барысаў, на адпачынак з Мінска. Бацька яе вядомы прафесар, філолаг, выкладчык універсітэта. Яна й прозвішча назвала: Бойка, ці што... Яны тут упершыню, і ім надта падабаецца. I возера, і вада, і лес, поўны ягадаў і грыбоў... А вам?

Хо! Юрась і Уладзя былі даўнімі наведнікамі гэтых мясцінаў. Ужо трэці год запар, у чэрвені, пад час сесіі, прыязджалі яны сюды, каб падрыхтавацца да чарговага экзамена: пачытаць на прыродзе падручнікі, а заадно палавіць ракаў, рыбу, пазагараць і пакупацца... А можа, й наадварот.

- Здорава прыдумалі! — сказала Гэля.— Я таксама вучуся, але ў нас аніхто да такога не дадумаўся. Ведаеце што,— прапанавала раптам яна,— а бярыце наступным разам мяне з сабою, ага?

- Здорава-то здорава...— з сумам прамовіў Уладзя, варочаючы вёсламі,— але мы самі, лічы, апошні год сюды прыязджаем. Яшчэ курс — і размеркаванне... Куды паедзем — аднаму Богу ведама...

Ішоў 1985 год, хлопцы заканчвалі перад-апошні курс інстытута. Яшчэ год і — разляцяц-ца яны, каб абрасці сем'ямі і новымі сябрамі. I новымі звычкамі.

Бераг паволі набліжаўся. Вось ужо на фоне дрэваў выразна вымаляваўся намёт. Мясціну хлопцы выбралі файную. Мысок метраў на сто ўразаўся ў возера, па ягоных бакавінах амаль да самае вады падступалі дрэвы, а на самым носе быў пакаты спуск, усыпаны чыстым жоўтым пяском,— найцудоўнейшы пляж. Зараз стаялі тут не знятыя з начы донкі. Без чоўна, які хлопцы бралі ў знаёмага дзядка на вечна зачыненай чоўнавай станцыі напракат за пляшку «чарніла», дабрацца сюды было цяжка: толькі пешкам, у абход. Машынных дарог блізка не было. Усе аўтатурысты звычайна спыняліся там, дзе сталі і Гэліны бацькі.

Човен лёгка ўспароў бераг і няроўна закалыхаўся на хвалях. Юрась падхапіў вядро з ракамі і выскачыў на сухі гарачы пясок. Уладзя выкінуў вёслы і таксама сышоў. Гэля засталася сядзець у чоўне.

- Папрашу да нашага шалашу,— сказаў Уладзя, шаркнуў нагою і падаў руку. Гэля выйшла.

Сухія дровы разгарэліся хутка. Юрась збегаў да возера па чыстую ваду, і праз колькі хвілінаў над вогнішчам вісеў абсмалены, абдымлены паходны кацялок і ў ім сіпела вада.

Юрась палез у намёт да пляцакоў па соль і прыправы. Шукаў іх доўга, перамацваючы зноў і зноў кішэні, і аніяк не мог знайсці.