- Што гэта ты нас пакінуў? — пачуўся голас Гэлі. Яна адхінула полаг увахода, агледзелася і спытала: — А можна мне да цябе? — і, не чакаючы адказу, рыбінаю, не, змяёю слізганула ў намёт. Юрась нават і не зразумеў, ці не паспеў зразумець, як ягоныя вусны патрапілі да яе вуснаў... Яны цалаваліся, а рукі рабілі тое, што і трэба было ў гэты момант. Гэля не супраціўлялася, а хутчэй дапамагала. I Юрась праваліўся ў яе... у яе чары, у яе каханне...
- Вас па смерць пасылаць, а не па соль...— даляцеў раптам да Юрася голас Уладзі, і ў намёт ушылася ягоная галава.— Ракі кіпяць даўно,— сказаў ён, яшчэ добра не разгледзеўшы Юрася й Галю ў паўзмроку, а потым пасунуўся назад і разгублена прамармытаў: — Я, я не перашкодзіў?
- Не-не,— хуценька адказала Гэля,— залазь, залазь...
...Уладзя з Гэляй мілаваліся, а Юрась абіраў для Гэлі ракаў. Даставаў самае смачнае мяса з шыек і, сабраўшы пяць-сем разам, падаваў ёй. Гэля сціскала вуснамі ружовыя камячкі, і шырока расшыраліся ў цяжкім дыханні яе ноздры.
Юрась, заняты справай і яшчэ трохі ўзбуджаны, не адразу адрэагаваў на лёгкія крокі, што, як яму падалося, пачуліся скрозь гэтае сапенне і трэск панцыраў ракаў. Нехта ціхенька падкрадаўся да намёта. У правай бакавіне яго, якраз там, адкуль чуліся крокі, над самаю зямлёю, была невялікая, з курынае яйка, дзірка. Юрась прылёг да яе. Рука пацягнулася да сякеры, што ляжала пры ўваходзе. Мясціна, якую выбралі хлопцы, была глухая, людзі прыходзілі сюды рэдка. I любы госць быў не вельмі жаданы, тым больш зараз. Юрасю зноў падалося, што за сценкай намёта хруснула галінка. Ен выглянуў у дзірку і зусім побач, за некалькі сантыметраў ад сябе, убачыў голую, босую чалавечую нагу. Яна паварушылася, лёгка пасунулася наперад, да самых вачэй, і Юрась з жахам убачыў, што было на ёй... шэсць паль-цаў. Яны былі растапыраныя, і між імі віднеліся тонкія слюдзяністыя перапонкі з крывяністымі жылкамі... Вышэй анічога відаць не было. Юрась прырос да зямлі, застыў, баючыся нават паварушыцца.
Нага пастаяла яшчэ трохі, потым павольна — як бывае, калі чалавек крадзецца — паднялася і знікла. Пачала выпроствацца прымятая трава, а Юрась уеё яшчэ не мог адарваць вачэй ад дзіркі. Потым падхапіўся, падпоўз да выхаду з намёта і, асцярожна адагнуўшы полаг, вызірнуў. Між дрэваў, бліжэйшым шляхам да возера, адыходзіла жанчына ў паласатым купальніку — тая, якую хлопцы бачылі на беразе і якую Гэля назвала мамай...
Юрась зашморгнуў полаг, павярнуўся да Уладзі з Гэляй. Яны, шчаслівыя, адпачывалі і цалаваліся. Юрась паглядзеў на выцягнутыя амаль да яго ногі Гэлі і зноў жахнуўся: на іх было па шэсць пальцаў. Пальцы зараз сціснутыя, але й так бачна, што між імі ёсць перапонкі.
— Ракаў! Я хачу ракаў! — капрызліва прахныкала Гэля, ну зусім натуральна, гэтак, што Юрась і не паверыў свайму «адкрыццю».— Юрась! Дай ракаў! — і шасціпальцавай (!) нагою штурхнула яго ў бок.
Юрася апякло, быццам токам трасянула ад гэтага дотыку. Ен падхапіўся, памкнуўся да выхаду і схлусіў:
- Тут скончыліся ўсе... Я зараз прынясу. Юрась выскачыў з намёта, набраў у вядры чырвоных, з белым крэйдавым налётам, яшчэ цёплых, ракаў і вярнуўся да Уладзі і Гэлі. Яны прыселі на калені, падсунуліся бліжэй, і затрашчалі панцыры.
Вечарэла. Жыццё ў лесе заціхала. Затое ажывала на возеры. Адтуль раз-пораз даносіўся плёскат буйной рыбіны. Відаць, паляваў у прыбярэжным чароце шчупак.
- Мне пара да сваіх,— сказала Гэля і падцягнула да сябе апратку. Зрэшты, якая там апратка... Яна ж прыплыла з хлопцамі ў тым, у чым была,— продкі хвалявацца будуць...
Выйшлі з намёта, Гэля салодка пацягнулася, як пасля сну, і развіталася:
- Ну, хлапчукі, гуд бай! — адышлася колькі крокаў, павярнулася і спытала: — А можна, я яшчэ да вас прыйду, ага?
- А мо застанешся? — з надзеяй спытаў Уладзя.
- Не, татуля з матуляй зачакаліся.
- А як жа ты дарогу знойдзеш? Мо падвезці?
- Не трэба, я добра плаваю, а там — берагам. Тут жа зусім блізка.
- Я падвязу,— памкнуўся Уладзя, але Юрась перахапіў яго за руку: сядзі.
- Ты што, з глузду з'ехаў: такая феміна...— прашаптаў Уладзя.
- Знойдзем, калі патрэба будзе, а то й сама прыйдзе... Май гонар, мужык...
- Не па-джэнтльменску...— толькі й сказаў Уладзя, аднак паслухаўся, прысеў побач з Юрасём.
Праз адхінуты полаг намёта было відаць, як падышла Гэля да краю мыска і пачала спускацца ўніз, асцярожна пасоўваючы ногі па напечаным за дзень пяску. Вось схавалася яна па плечы, вось знікла: пэўна, паплыла.
Уладзя разлёгся ў намёце, паклаў рукі пад галаву і, заплюшчыўшы вочы, прамармытаў як сыты кот: