Выбрать главу

- Ну й баба... Вышэйшы клас... Усё свядомае жыццё марыў пра такую. А ты казаў з галадухі памрэм. Ды я гатоў хоць сто дзён гэтак галадаць.

- Ты б апрануўся, палавы гігант, ці хоць трохі мошчы свае прыкрыў, а то рэбры зараз павылазяць,— сказаў Юрась і заціх. Трэба было неяк расказаць пра ўбачанае. Сябар ягоны, бачна, застыў у замілаваным успаміне, купаўся ў ім і вынырваць не жадаў. Не хацелася Юрасю чапаць яго, ды інакш і самому не супакоіцца.

- Уладзя,— пачаў ён зноў,— ты нічога незвычайнага не прыкмеціў, калі быў з Гэляю?

- Прыкмеціў... Баба — вышэйшы клас. На нашым курсе ды што на курсе — ва ўсім інстытуце другой такой не знойдзеш... А лоўка ты яе акуштаў, га? Кось-кось, ды ў аглоблі... Ма-ла-дзе-ец!

- Уладзя...— Юрась не ведаў, як падступіцца да паведамлення. Так бывае, калі стаіш перад зачыненымі дзвярыма і не адважваешся ўвайсці, бо не ведаеш, як пачаць гаворку. Найлепшае выйсце ў такіх выпадках — адчыніць дзверы і ўвайсці. Словы потым знойдуцца. Юрась так і зрабіў:

- Уладзя, а ты не заўважыў, што ў Гэлі на нагах па шэсць пальцаў, а між імі — перапонкі?..

Уладзя ляжаў, задраўшы галаву, заплюшчыўшы вочы, і аніяк не адрэагаваў на словы Юрася. Відаць, палічыў за жарт. А потым хмыкнуў:

- Ты яшчэ скажы, што у яе шэсць грудзей было, як у свінні.

— Я сур'ёзна...— і Юрась расказаў пра бачанае. Уладзя падхапіўся. Ен добра ведаў Юрася і разумеў, што хлусіць ці жартаваць той не будзе. Да таго ж, распавядаючы, Юрась гэтак расхваляваўся, што ніяк нельга было не паверыць яму.

— Во прыгода, дык прыгода...— прагаварыў Уладзя і спытаў: — Ну й што рабіць будзем? Што гэта такое было? Адкуль? Навошта?..

- Што ты раскідаўся пытаннямі. Я й сам не больш за цябе цяперака ведаю... Давай разам думаць.

- М-м-м...— прастагнаў Уладзя.

- Я думаю,— сказаў Юрась няспешна, ледзь не па складах вымаўляючы словы,— што гэта ў яе, у іх не простае ўродства нейкае, якое дачцэ ад маці перадалося, маці — ад бабулі... Так не бывае... Дый вельмі незвычайнае яно нейкае, не людское...— дадаў Юрась і асекся на апошнім слове.

Але Уладзя думаў больш прыземлена, рацыянальна.

- Паслухай, Юрась,— прапанаваў ён,— давай не будзем гадаць, а лепш сплаваем зараз жа да іхняга намёта. Ен жа недалёка. А раптам што-небудзь разведаем...

Прапанова была слушная. I хлопцы, зашморгнуўшы намёт, выправіліся да чоўна.

Ноч выдалася цёмнаю. Хоць над возерам было крыху святлей, усё роўна арыентавацца было цяжка, і хлопцы паплылі ўздоўж берага, абапіраючыся вёсламі аб дно, каб не плёскаць. Здалёк заўважылі яны кволы агеньчык, што дрыжэў ля Гэлінага намёта і жоўтымі плямамі выхопліваў з цемры бліжэйшыя дрэвы і машы-ну. Не даплываючы да яго метраў сто, хлопцы сышлі на бераг. Выцягнулі човен пад лазовы куст, каб не сплыў, і пачалі павольна падкрадацца да намёта. У ім, бачна было, гарэла яркае святло — і нехта гаварыў. Калі да хлопцаў данесліся першыя выразныя словы, яны спыніліся, прыслухаліся:

- ...Зямля... апошні дзень... Ну добра, пагаманілі, й годзе,— пачулі яны мужчынскі голас,— будзем спаць, як і ўсе людзі... Ага, ледзь не забыўся, ты, Гэля, малайчына: проста выдатныя экземпляры. Я зрабіў аналізы — насенне ты сабрала вышэйшай пробы. Дома бу-дуць задаволены. Але ў нас ёсць яшчэ адзін дзень.

I можна падстрахавацца. Ці дамовілася ты аб сустрэчы з хлопцамі?

- Так,— гэта быў запомнены хлопцамі, можа, назаўсёды голас Гэлі.

— Цудоўна... А цяпер — спаць. Усім — дабранач. Святло ў намёце патухла.

Хлопцы прыселі, апусціліся на рукі і гэтак, на чатырох, каб не нарабіць шуму, пачалі адпаўзаць у бок чоўна. Абышлося ціха. Усю дарогу назад яны маўчалі, хоць і карцела пагаварыць. Аднак яны добра ведалі: голас над возерам разносіцца далёка, нават шэпт. I таму кожны абдумваў пачутае. У намёце запалілі ліхтарык і селі каля яго.

- Ты што-небудзь зразумеў? — спытаў Уладзя.

- Я ўсё думаў: чаму яна да нас лезе, чаму сама напрошваецца, чаму ад яе такая энергія, такая прыцягальная сіла прэць? А аказваецца, ёй гэта трэба было: яна заданне бацькава выконвала — збірала «насенне»... Разумееш? Яна «даіла» нас...

- А навошта? Навошта ёй? Зацяжараць?

- Якое там... Яна ж «збірала», ты сам чуў, а бацька яе — ці хто там — выбраў «насенне» і аналіз зрабіў...

- Ну ён жа ў яе нейкі там прафесар і...— Уладзя не дагаварыў. Юрась перабіў яго, нібы злуючы на тугадумства сябра:

- Так, прафесар, але ж — філолаг, яна казала. Спец па словах, а не па жыўчыках...

Здавалася, што і Уладзя зразумеў, да чаго ўвесь час хіліць Юрась, але сказаць баіцца. «Гэта былі...» — падумаў ён і тут жа адагнаў страшную думку. Начытаўшыся фантастыкі і прыгодніцкіх кніг, хлопцы тэарэтычна былі гатовыя да любых кантактаў, а на практыцы... I тады Уладзя схапіўся ледзь не за апошні панфіль: