Выбрать главу

Юрась апусціў рукі, абмяк, адчуў раптам, што ён увесь мокры ад поту.

— Што там? — прашаптаў Уладзя, прытоена сочачы за ім.

— Вожык... Аб'едкі жарэ...— Юрась хацеў усміхнуцца, але не атрымалася.

Уладзя падбег і нагою, як мячык, пакаціў вожыка ад намёта.

Гулкае рэха панесла па лесе ягоныя маты і праклёны...

Змораныя і знясіленыя хлопцы вярнуліся ў намёт. Прылеглі. Доўга ляжалі моўчкі. З адкрытымі вачыма. Думалі кожны пра сваё і прыслухоўваліся да наваколля. I толькі калі патроху пачало днець, здаліся і паснулі.

Прачнуліся яны ні рана ні позна: гадзін у сем. Лес быў заліты ўжо высокім, яшчэ жоўтым сонцам. Звонка шчабяталі птушкі. Хлопцы выйшлі на росную траву. Жыццё вакол квітнела і спявала. Свеясае паветра хмяліла і радавала. Начныя мроівы і жахі адразу адляцелі, назаўсёды забыліся страшныя сны, быццам і не было іх. I расхацелася хлопцам з'язджаць адсюль. Юрась прапанаваў:

- Давай перанясём намёт далей у лес, у ціхую месцінку і пасочым за «Гэляю» і яе «бацькамі»...

- Я таксама не хацеў бы ўцякаць у Мінск, так і не ўцяміўшы, што гэта было...— адказаў Уладзя і пачаў увязваць свой пляцак.

Добрую месціну-схованку хлопцы нагледзелі даўно. Яшчэ ў першы свой прыезд, збіраючы грыбы, у глыбіні лесу прыкмецілі яны адну, даволі вялікую, палянку. Пасярод яе стаяла стромкая хваіна, а вакол хваіны — дзесяткі два маладых елачак. Яны абнялі яе гэтак шчыльна, што калі пад хваінаю паставіць намёт — ён ні адкуль не будзе бачны, нават зверху. Затое ўсе падыходы да яго будуць адкрытымі.

Перабраліся хлопцы за гадзінку. Паелі халодных ракаў з размочаным і крута пасоленым хлебам, яшчэ трохі паляжалі, і калі сонца паднялося над дрэвамі і прыпякло — пайшлі ў бок берага, на якім стаяў намёт Гэліных бацькоў.

Смех, дзіцячыя і жаночыя крыкі, вясёлая гамана — сустрэлі іх. Як забыліся? Сёння субота... Выхадны. I за ранак бераг быў абжыты аўтатурыстамі, застаўлены аўтамашынамі: белыя, сінія, чырвоныя — расквецілі яны зеляніну лесу. Розных памераў і формаў намёты стаіліся пад дрэвамі. Хоць было яшчэ і ранава-та, пясчаны бераг-пляж быў заняты ўжо дзесяткамі белых целаў. Бегалі, шумелі дзеці. Крыху наводдаль пера кідвалі мяч некалькі хлопцаў і дзяўчат. У ваду пакуль ніхто не лез: халаднавата. Ад намётаў цягнула дымком і смачнымі пахамі... Звычайны турыстычны малюнак.

«Жыгулі» і намёт Гэліных бацькоў стаялі на ранейшым месцы. Побач на вогнішчы кіпела-хлюпала вада ў кацялку. Але нікога не было відаць. Абмытая расою машына здавалася зусім новенькаю — быццам толькі што з канвеера. Стараючыся быць незаўважнымі, хлопцы паціху падышлі да возера, прыгледзеліся да адпачыва-ючых і ў адной з купак убачылі Гэлю. Яна стаяла спінаю да Юрася з Уладзем і жвава перамаўлялася з трыма хлопцамі. Была яна ў тым жа модным купальным строіку, што і ўчора. Ногі, як ні ўзіраўся Уладзя, цяжка было разгледзець здалёк.

Хаваючыся за дрэвамі, Юрась і Уладзя падышлі бліжэй. Гаманілі хлопцы і Гэля гучна, не тоячыся. Гэля — па-беларуску, а хлопцы — «трасянкаю».

- А пачаму ты так разхаварываеш? — запытваўся русы прыгажун, ладна скроены, але не высокі, і раіў: — Хавары, як усе мы...

- А вы што ж — не разумееце? — здзекліва спытала Гэля.

- Панімаем, но...

- Ніякіх «но», — адрэзала Гэля,— мова нашая ніколькі не горшая за іншыя...

Такой «сведамасці» Юрась ад яе не чакаў і, замёршы ў здзіўленні, выслухаў ледзь не лекцыю, што прачытала Гэля хлопцам пра пры-гажосць беларускае мовы, нават Багушэвічавы словы працытавала... I перайшла да слаўнай, як яна сказала, гісторыі Беларусі. «Вось табе і на,— думаў Юрась,— такое і ўва сне не ўбачыш: іншапланецянка агітуе беларусаў роднаю моваю размаўляць...» Наконт незямносці Гэлі ён то сумняваўся, то не. Бо зноў адчуў, як неймавер-наю сілаю яго пацягнула да яе... Каб хоць побач пабыць, прытуліцца, апякчыся... Гэля, пэўна, «уключыла» свае чары. Ен бачыў, як няпроста размаўляць з Гэляю і хлопцам. Асабліва русавалосаму, якога, па ўсім заўважна, яна абрала сваім чарговым каханкам.

I вось развязка.

- Пойдзем да нас у намёт,— прапанавала Гэля русавалосаму,— у мяне ёсць рэч адна Караткевіча. Пакажу. Яе прачытаць павінен кожны беларус.

Хлопец адразу ж пайшоў за ёю. Юрась і Уладзя правялі яго і Гэлю позіркамі да самага намёта. Уладзя ўважліва сачыў за кожным рухам, крокам Гэлі, і калі яна ўслед за русавалосым схавалася ў намёце, сплюнуў і прашаптаў ціха Юрасю:

- Тожа мне: іншапланецянку знайшоў... Звычайная самадайка, якія ў Мінску пад кожным гатэлем пасуцца. Толькі тыя за грошы, а гэтая за інтарэс... Адпачывае... Глядзі, каб заразу якую не падхапілі... Цьфу!.. Шэсць пальцаў прыдумаў, перапонкі, маланка... Бач, як па-беларуску шпарыць, гісторыя ад зубоў адлятае. Эрудзітка... Цьфу!