Выбрать главу

Настаўнікі, якія чыталі Петрусёвы школьныя сачыненні, раілі яму паступаць на філфак. Ен так і зрабіў. I ці не таму, што хлопцаў ішло ў педагогі няшмат, стаў студэнтам з першае спробы.

На Петрусёвым курсе, аказалася потым, ад паэтаў і паэтак — цямнела ўваччу. Быццам бралі на філфак толькі іх. Ды якіх паэтаў! Большасць гарадскіх паспелі ўжо надрукавацца ў газетах ды часопісах. Гэтым яны не тое каб хваліліся, але і не ўтойвалі. I, пры першай нагодзе, чыталі свае вершы. Петрусю яны здаваліся ледзь не вяршыняю дасканаласці. I рабілася сорамна за свае каструбаватыя радкі. Рыфмаванне давалася яму з цяжкасцю, і пісаў ён у асноўным не надта модныя тады «белыя» вершы. Гэта цяпер, зведаўшы трохі сусветнае ды суседскае рускае літаратуры, перачытваючы іх, Пятрусь можа ацаніць тую «творчасць». А тады, ну куды ён мог бы сунуцца з гэтымі вось, да прыкладу, радкамі:

Я скочыў вышэй за галаву і прачнуўся: на падлозе ляжалі белыя ногі лялькі, якую ўчора зламала мая дачка, я заплюшчыў вочы і зноў заснуў: на доўгай дарозе жыцця так рэдка адпачывае стомлены розум...

Гэта цяперака, начытаўшыся мадэрністаў, авангардыстаў, сюррэалістаў, экзістэнцыялістаў і іншых «істаў», Пятрусь ведаў, што існуе, адваявала права на жыццё і такое вершаванне. А тады, выхаваны на школьных класічных рытме і рыфме Пушкіна, Лермантава, Ясеніна, а таксама Глебкі, Броўкі, Куляшова, ён адкідваў напісанае і спрабаваў зарыфмаваць свае думкі. Выходзіла блага, урывіста, і, зноў жа, зводзіў ён верш да абсурду, які ў сацрэалізм аніяк не ўкладваўся. З часам пачалі хутка знаходзіцца рыфмы, напяваўся рытм, Пятрусь «ламаў» сябе, заганяючы ў традыцыйныя памеры, «набіваў» руку...

У рэшце рэшт яму гэта ўстыла. I тады ён вырашыў паспрабаваць пісаць прозу.

I не думаў Пятрусь, што вершыкі крэмзаць было куды лягчэй і прасцей. Там «вывезці» маглі нейкі ўспамін, фантазія ці хвілінна злоўлены настрой. Бывала сядзеў ён перад чыстым лістом паперы, клаў навідавоку гадзіннік, пісаў зверху аркушыка час, на хвілю задумваўся і праз 50—70 секунд заканчваў вершык, быццам нехта дыктаваў яго яму. Скажам, вось такі:

21 г. 03 хв. 45 сек. Схавай гэты аркуш падалей, ад цётак, братоў і сясцёр, ад веласіпедных педаляў і кедаў, што ты аб іх сцёр. Ад ручкі, што крэсліць, знішчае думкі, пачуцці твае... Нашчадак яго прачытае, перачытае, парве... 21 г. 04 хв. 53 сек.

Потым, мажліва, перараблялася пару радкоў ці рыфмаў, але найчасцей Пятрусь проста адкладваў аркушык з вершам (як, дарэчы, з гэтым, так і не выправіўшы ні «цётак», ні «штоканне», ні інш...) і браўся за новы: ставіў час і пачынаў... Так, «гуляючы ў вершы», за вечар мог ён нашрайбаць іх чатыры-пяць, з якіх адзін, а то й больш, падаўся б зусім канкурэн-тназдольным у нашай «маладой паэзіі» і не згубіўся б, скажам, у «чырвонкаўскай» падбор-цы.

Але — Пятрусь вырашыў узяцца за прозу. Сеў... і праседзеў у інтэрнатаўскім холе над непачатым аркушам ледзь не ўвесь вечар. Каб пісаць прозу — мала было жадання і тым болын простага, можа, й графаманскага, свербу. Тэмаў, сюжэтаў, якія ўсплывалі і вымалёўваліся ў гатовыя аповеды, здавалася, хапала. Варта было азірнуцца на сваю родную вёску, на суседзяў, сваякоў, знаёмых, прыгадаць іх саміх, іх лёсы, вылучыць нейкі эпізод з перажытых, пачутых — і пішы... Так, думаў Пятрусь, і рабілі многія з беларускіх — вясковых — празаікаў.

Да таго ж, што трэба выдумляць праўду (гэтак Фолкнер казаў), Пятрусь дадумацца тады не мог і таму, урэшце, вырашыў узяць героямі свайго аповеду рэальных асобаў і самога сябе. Яшчэ трохі праседзеў над пачаткам, над першым радком і парушыў бель аркуша... Рукапіс свой ён потым назваў проста, як любіў Леанід Андрэеў: «Аповед пра першую настаўніцу». Яго і знайшоў ён сярод сваіх старых, пажаўцелых папераў, над ім і сядзеў зараз у роздуме.

«Аповед пра першую настаўніцу»

Яна прыехала да нас даўно і невядома адкуль. Прыехала ў школу, вучыць дзяцей. Было ў ёй штосьці не нашае, не вясковае. Нават знешне. Мажліва, твар — быў ён амаль бяскроўны, палатняна-белы: нашыя абветраныя вясковыя дзяўчаты, здавалася, сарамліва чырванелі, калі стаялі побач з ёю. Мажліва, вочы — вялікія, шырока раскрытыя, нібы ў здзіўленні, з бліскучымі чарніцамі зрэнак... I прозвішча яе гучала неяк непрывычна нашаму вуху, заўсёды нечакана і выклікаючы ўсмешку: Стуна. Так яна і распісвалася ў школьных дзённіках, не ўзяўшы мужава прозвішча.