Выбрать главу

Прывёз яе ў вёску адзін наш хлопец — Віцька Камароў. Чубаты, прыгожы — за такога любая лайшла б. Пяюн, гарманіст, хуткі на справу, як певень, і бойкі на язык: мужыкі ведалі — яго лепш не чапай, бо потым толькі плявацца будзеш і шкадаваць, што звязаўся, ды яшчэ пры людзях.

У вёсцы зайздросцілі Віцьку — такую дзяўчыну адхапіў! А галоўнае, настаўніцу — добрая прафесія, паважаная тады. I ў школе якраз месца знайшлося. Сам жа Віцька лайшоў на калгасную ферму асемянатарам працаваць. Не для маладога работа, аднак з яго ніхто не жартаваў, не пасмейваўся — баяліся. Хоць іншага, нават дзядка старэнькага, заклявалі б, у хвілю давялі да шаленства...

Яна стала маёй першай настаўніцай. I я зараз часцей за іншых успамінаю яе. I мяне агортвае сум, шчымлівы сум. Незразумелыя туга і маркота заўсёды находзяць на мяне, калі прыгадваю я сваё дзяцінства, але зараз сумую я не толькі пагэтаму...

Яе звалі Антаніна Пятроўна.

Зноў чырванею, прыгадваючы першую сустрэчу з ёю. Мне тады было каля сямі гадоў, і я рыхтаваўся пайсці ў школу. Антаніна Пятроўна хадзіла па хатах і перапісвала сваіх будучых вучняў. Дома мне дзеля зручнасці, каб не бегаў у далёкую прыбіральню, выкапалі паблізу сенцаў «персанальны тувалет»: маленькую ямку пад плотам, і паклалі на яе дошачку, каб не абвальвалася зямля і каб я не аступіўся... Толькі я ўладкаваўся ў тую раніцу на сваім месцы, як расчынілася брамка і ў двор увайшла яна. Імгненна, як аркушык паперы са стала ад скразняку, зляцеў я з дошачкі і, на хаду падцягваючы штонікі, пабег хавацца за лазню. Не ведаю, ці паспела яна мяне заўважыць, але ўсё адно, успамінаючы цяпер той выпадак, я чамусьці чырванею, нават разумеючы вялікую чысціню ўсяго, што адбываецца ў дзяцінстве.

Зараз чырванею... А тады мой сорам прайшоў вельмі хутка. Так, як хутка забываюцца ў дзяцінстве тлумныя, страшныя сны. I калі ў наступную суботу мы ўсім будучым класам пайшлі на экскурсію (так гэта называлася) у лес, я хоць яшчэ і не адважваўся зірнуць настаўніцы ў вочы, але — не па-свойму, па-асабліваму, а гэтаксама, як і ўсе. Мы расселіся тады на шчодра асветленым сонцам узлеску. Антаніна Пятроўна чытала казкі з вялікай тоўстай кнігі. Дзіўна: але калі я цяпер, дарослы, спрабую прыгадаць любы куточак лесу ля нашай вёскі, прыгадваецца менавіта гэты. Без нікога. Толькі адзінокія дрэвы ды жоўта-зялёная трава-мучка. А яшчэ каляровыя плямкі шматкоў паперы, раскіданыя па ёй, як першыя кроплі дажджу на сухой зямлі. Быццам, калі мы адыходзілі, я азірнуўся і запомніў-сфатаграфа-ваў на вечнай плёнцы памяці гэтую мясціну.

Я і цяпер бачу гэты рэдзенькі палескі лясок, дзе перамяшаліся, бы наўмысна, сосны і бярозы, вольхі і асіны. За сстню метраў адсюль пачынаецца старое, вечнажоўтае, купчастае балота.

Я і зараз тут часта бываю. Дрэвы падраслі, але мне здаецца, што сталі яны ніжэйшымі: я рос хутчэй. Мучка, тады высокая, ледзь не да каленяў — дзяўчынкі чапляліся за купінкі і падалі,— цяпер ляясыць роўным, суцэльным дываном, хоць у футбол гуляй...

I вось зноў прыгадваецца-наплывае той малюнак. Я разглядваю яго быццам фотаздымак. Разглядваю — заплюшчыўшы вочы. На ім, гэтым здымку, сядзяць паўколам дзеці, насупраць іх, тварам да ўсіх — настаўніца з раскрытай кнігай. Я бачу сябе лапавухага, з пятачком-чубчыкам над ілбом. Побач, паслухмя-на згарнуўшыся, як кацянятка, ляжыць палатняная торбачка: мы ўзялі з сабою паесці. Я цяпер ведаю, што потым мы будзем піць малако і настаўніца пачастуе нас смачнымі, смачней за невядомыя тады пірожныя, каржамі, якія сама спякла. I яшчэ я запомніў яе вочы: яны былі такія ж шчаслівыя, як нашыя, і ў той жа час даросла-клапатлівыя і строгія.

Ці не адсюль пайшло маё разуменне слова «настаўніца», як чагосьці добрага і роднага, бы маці...

На першым уроку яна спытала: «Дзеці, хто з вас можа чытаць?» Я падняў руку. «Лукашэвіч Андрэй»,— выклікала мяне Антаніна Пятроўна. Я выйшаў да стала і на памяць пераказаў тыя «А-у» і «У-а» пад малюнкам, на якім гэтак перагукваліся грыбнікі ў лесе. «Малайчына, пяць!» — урачыста сказала настаўніца і прыгожа вывела ў класным журнале першую маю пяцёрку. Падхоплены парывам радасці, я не дайшоў, даляцеў да сваёй парты. На гэтым парыве (першаштуршку), як на адным дыханні, мне здаецца, адвучыўся я ўсе дзесяць гадоў у школе. А з таго вераснёўскага дня памятаю я яшчэ, як Пецька, што сядзеў на першай парце, раптам устаў і сказаў: «Цётка Камарова, я хачу на двор...» Антаніна Пятроўна перад тым доўга тлумачыла, як звяртацца да яе пры любой патрэбе, і тут не вытрымала і пырснула ўслед за намі смехам...

Клас наш быў вялікі — за сорак чалавек. I я не ведаю, як яе хапала на нас усіх, як паспявала яна за ўрок падысці да кожнага, падсесці, падказаць, растлумачыць, калі нешта не атрымлівалася. Вучыліся мы, зразумела, па-рознаму, але не было сярод нас намнога адстаю-чых. Гультаёў, у адрозненне ад іншых класаў, героямі мы не лічылі. А найбольшай радасцю было, калі Антаніна Пятроўна выклікала да дошкі. Тады настаўніца быццам належала табе аднаму. Я любіў гэтак заставацца сам-насам з ёю, любіў слухаць яе тлумачэнні, скіраваныя толькі мне, і ледзь не раўнаваў яе да іншых. Зрэшты, не адзін я быў такі, але асабліва закаханымі ў сваю настаўніцу, як гэта ні дзіўна, былі нашыя дзяўчаткі. Яны стараліся быць падобнымі да яе, паўтаралі яе жэсты, словы, і нас, хлапчукоў, гэта зусім не смяшыла.