Выбрать главу

Вучыўся я добра. Ці не таму няма ў мяне нейкіх асаблівых успамінаў, звязаных са школаю, з Антанінай Пятроўнай у школе. Затое памятаю я іншае: аднойчы зімою прыцягнулі ў наш двор на валакушы прыпарушаны снегам стог сена, які быў падобны здалёк на вялізную сівую галаву. Яго трэба было перанесці ў хлеў. Дапамагаць бацьку прыйшоў дзядзька Віця. Мы з сябрам Толікам залезлі наверх стога. Скручвалі там пласты зляжалага сена ў трубкі — тоўстыя рулеты, толькі без начынкі — і скідвалі ўніз. Там падхоплівалі іх бацька і дзядзька, разрывалі віламі на часткі, падымалі над галовамі і беражліва няслі, здавалася, лёгкія, як балонікі, груды сена ў чорную пашчу хлява, і яна спачатку праглытвала разам з сенам і людзей, а потым адпускала іх па новы частунак.

Ногі нашыя ўжо стаміліся і падгіналіся ад хады па сене, якое нераўнамерна, бы старая канапа, спружыніла, калі дзядзька Віця ўтыркнуў у снег вілы і сказаў:

- Курыце, хлопцы...— і, дастаўшы з кішэні пачак «Северу», прысеў на толькі што скінуты скрутак сена. А мы селі на краі стога, які зараз, пэўна, нагадваў ужо роўна зрэзаны пянёк. Селі, апусціўшы ногі ўніз — страшна, спачатку ажно дых захапіла і ў кончыках пальцаў закалола, аднак у гэтым жа і ўвесь інтарэс.

- А што, хлопцы, расказаць, як я вашую настаўніцу знайшоў? — спытаў раптам дзядзька Віця, на хвілю спыніў на нас пагляд і, не дачакаўшыся адказу, пачаў расказваць. Часам ён хітра ўсміхаўся, ці то сабе, ці то бацьку, часам ненадоўга замаўкаў — зацягваўся папя-росай.

- Вясной дзела было. Хадзіў я неяк на паляванне, на качак. Дадому йшоў Шапчынскім балотам. Чобаты ў мяне вялікія — іду, плёхаю напрасткі. За спінаю — стрэльба-двухстволка... А прыгожа вакол! Лотаць цвіце. Жоўта ўсё, куды ні глянеш, быдта само сонца пад ногі ўпала і я па сонцы йду. I сярод гэтай квецені там-сям віднеюцца сінія-сінія лужыны-вазёрцы. Пады-дзеш бліжэй, сонца ў іх купаецца — ну як жаўток на патэльні. Іду, і шкада таптаць прыгажосць такую. Аднак ступаю проста на сонца, а яно, як жабка, выскоквае з-пад нагі, разбіваецца, разлятаецца на часткі, і ўся лужына бліскучай залатой лускою накрываец-ца... Цёпла. Добра. I, ведаеце, як у такое надвор'е на душы радасна!.. Спяваць хочацца. I раптам гляджу — дзяўчына пасярод балота стаіць і... плача. А прыгожая... Вочы вялікія і блакітныя, як неба нада мною, каса на грудзях ляжыць, раздзяляе іх напалам і блішчыць, як жывая. А на галаве ў яе — вяночак з лотаці, быдта абадок залаты. Ну багіня...

«Што здарылася, прыгажуня?» — пытаю і баюся, што вось-вось яна знікне, растане, як сон.

«Заблудзілася...» — адказвае, а губкі такія ружовыя, пругкія — пацалаваць хочацца.

«Давай я цябе да вёскі правяду, тут блізка»,— кажу я, узяў яе за руку, і павёў. Прама ў сельскі савет. Там распісаліся — і дадому, да мяне, да вас у школу... I дагэтуль не ведаю я, адкуль яна такая ўзялася... Вось так...

Стала ціха. Так, што было чуваць, як недзе ў сенніку, асядаючы, патрэсквае-пахруствае сена. Дзядзька Віця чамусьці рэзка, нервова адкіяуў далёка ў снег папяросу і ўзяўся за адпаліраванае да бляску дзяржанне вілаў. А я сядзеў, зачаравана-атуманены ягоным расказам, і глядзеў, як глыбока праваліўся ў рыхлы снег неда-курак, пакінуўшы пасля сябе наверсе толькі блакітную плямку-манетку, і маўчаў. Ох і ўмеў дзядзька расказваць!..

Не ведаю, ці сапраўды была менавіта такая іхняя першая сустрэча, але гэтае: «на балоце знайшоў» пра настаўніцу я неаднойчы чуў ад дзядзькі і пазней.

Пад канец работы прыйшла Антаніна Пятроўна. У прыгожа, па ёй, пашытым кажусе і ў квяцістай — «цыганскай» — махровай хустцы. Зверху яна здавалася зусім маленькай, ледзь не дзяўчынкай-аднакласніцай.

- Ну і нюх у цябе,— пажартаваў дзядзька,— у самы час прыйшла, якраз пад магарыч...

Ад нечаканасці яна адступіла на крок назад, быццам натыкнулася на перашкоду, і пачала апраўдвацца, залішне сур'ёзна:

- Я са школы йшла... чую твой голас...— і ўсміхнулася, нібы прабачэння папрасіла. I гучала гэта ўсё як прызнанне ў каханні між дарослымі: засумавала я па табе, з раніцы ўжо вунь колькі часу прайшло...