Выбрать главу

А потым усе сядзелі за сталом і спявалі прыгожыя беларускія песні і ўкраінскія на беларускі манер:

Маруся, ты Маруся, Люблю я твайго роду, Люблю дывітыся, Люблю дывітыся, Як ты ідзеш па воду...

Я ляжаў на цёплай печы, высунуўшы галаву ў шыйку, пазіраў на іх і слухаў. Слухаў і не разумеў сэнсу песні. «Дывітыся» — для мяне было нейкім дзіўным імем. Я ўяўляў, як прыгожы, статны хлопец-хахол Дывітысь ідзе па ваду, і не разумеў, за што любяць род Марусі... Пад песні і такія думкі вочы мае зліпаліся, і я засынаў...

Цяпер ужо, пражыўшы гэтак доўга, я магу сказаць, што той год быў самым шчаслівым у жыцці маёй настаўніцы. Прынамсі, так мне здаецца.

...Прайшло некалькі гадоў. Пачатковыя класы мы ўжо закончылі, і ў нас стала шмат настаўнікаў. Антаніна Пятроўна набрала новы клас. Дзядзька ж Віця за гэты час спіўся. На працы. Прыводзілі да быка карову, і пакуль той, з ніткамі спіны на пысе, ганяўся за ёю па загоне, а мы, дзеці, з цікавасцю назіралі за гэтым, дзядзька Віця і гаспадар выпівалі ў ціхай месціне пляшку самагону: каб вялося. Бывала гэта амаль кожны дзень. Кароў у вёсцы шмат, і ўсе яны чамусьці хацелі «гуляць» у розныя дні, быццам была ў іх нейкая свая чарга.

Дахаты дзядзька прыходзіў позна. У ясныя ночы ўжо і зоркі паспявалі на небе абжыцца. Прыходзіў, сядаў за стол і пачынаў гаварыць, як ён любіць сваю Тоньку. Кожны раз адно і тое ж. Іншым, тым, хто рэдка бываў у іхняй хаце, гэта падабалася альбо проста смяшыла. А Антаніне Пятроўне гэта настолькі ўелася, што яна злавала, нервавалася, крычала на мужа, прасіла, каб перастаў. Нішто не дапамагала, не спыняла яго. I тады яна йшла з плачам на вуліцу ці да суседак. Сядзела там да позняй ночы, аж покуль дзядзька не засынаў за сталом.

А яшчэ дзядзька, якога пачалі клікаць ужо Іванавічам, быў жаданым госцем на ўсіх гулянках у вёсцы. I сапраўды: ну што за вяселле без гарманіста. А такога, як ён, пашукай — не знойдзеш. Як разане Іванавіч «Лявоніху» — ніхто на месцы не ўстаіць. Стогадовы дзед, які ўдзень, згарнуўшыся ледзь не напалам, з кавенькаю ходзіць, і той, узяўшы добрую чарку самагону — каб косці «падмазаліся» і не трашчалі — кідаецца ў скокі, маладых абхаджваць пачынае. А за гарманістам назіраць — адно задавальненне: пальцы хуценька, як вераб'і зярняткі, дзяўбуць гузічкі-лады; правая нага — не частка цела, а частка гармоніка, яна належыць яму і, слухаючы толькі яго, выбівае мелодыю на падлозе; чуб непаслухмяна спаўзае з ілба, закрывае вочы, а яны і не трэба, яны і так заплюшчаны, і пра тое, што робіцца зараз з гарманістам, можна даведацца толькі па пры-ўзнятых уверх куточках вуснаў...

Увесь вечар на вяселлях Іванавіч не піў, трымаўся. Хіба што ў самым пачатку браў трошкі — каб рукі не дрыжэлі. Але затое потым, калі госці, доўга абдымаючыся і цалуючыся, нібы развітваліся яны назаўсёды, пачыналі разыходзіцца па сваіх хатах, ён сядаў за непрыбраны стол і адзін, амаль не закусваючы, выпіваў чарку за чаркай. П'янеў хутка. Напіваўся і чурбаном, з глухім мяккім стукам, падаў пад стол, засынаў і спаў там, калі яго не знаходзілі гаспадары, да самай раніцы...

Пэўна, таму і любіў Іванавіч больш хадзіць на памінкі. Туды можна было прыйсці і напіцца адразу. I без ніякай адказкасці.

Гэта і загубіла яго. Ішоў ён аднойчы дамоў з хаўтураў. Ішоў цёмнай, бяззорнай ноччу. Такой цёмнай, што хоць вочы не расплюшчвай. Не расплюшчвай і на хаду сны глядзі. I прыснілася-прымроілася дзядзьку, што ён ужо дахаты прыйшоў. Ногі падкасіліся, прылёг ён на зямлю. Прылёг — і спадабалася яму ляжаць: добра, усё адно як на печы. Так і заснуў ён, уткнуўшыся носам у цёплую падушку з асенняй гразі, заснуў, каб больш не прачнуцца: задыхнуўся ў сваіх ванітах...

Я тады ўжо не вучыўся ў Антаніны Пятроўны і бачыў яе рэдка. Казалі, што стала яна часта моцна нервавацца без прычыны. Дома і ў школе. У сваім класе, бывала, яна так гучна крычала на вучняў, што чуваць было за тоўстай сцяной ў суседнім. Ад нервовых стрэсаў пачала ў яе сохнуць, адымацца рука. I цяпер левы рукаў вісеў, як пусты, быццам і не было там нічога. У вачах дадалося бляеку, з'явілася быстрыня, якая прыдавала ім жорсткасць і зло. Па-ранейшаму вялікія, яны здаваліся мне страшнымі. I я, сустракаючыся з ёю ў калідоры, стараўся глядзець куды-небудзь убок. Нават вітаючыся...»

Пятрусь адклаў рукапіс, задумаўся. Раптам прыгадаў ён сябе малога, настаўніцу... гэтак востра і балюча, як даўно не было... Тут, у аповедзе, усё праўда, думаў ён, хай патыхае ад яе падчас празмерным натуралізмам, але гэта — было. Было. I тая дошчачка, і стог, і дзядзькаў расказ, і яго смерць... Ен змяніў толькі імёны. I сваё, вядома. Дадумаў-развіў хіба што некато-рыя эпізоды і дыялогі. I вось цяпер узгадаў Пятрусь, чаму тады адклаў гэты аповед, чаму нікому, нават сябрам, не паказаў, а адразу схаваў яго сярод іншых папер... Дапісаўшы аповед і яшчэ раз прабегшы старонкі, Пятрусь тады раптам падумаў, што калі ён будзе надру-каваны ў нейкім часопісе, то яго прачытаюць у вёсцы і адразу ўсіх пазнаюць. Гэта было жахліва... Пятрусь уявіў сабе, як прачытае аповед Ма.., не, Антаніна Пятроўна, яе і ягоныя суседзі, бацькі... I сорам, хоць нікога і не было побач, заліў ягоны твар, пачырванеў ён, як прысаромлены, як чалазек, якога засталі за тым, што ён у дзірачку падглядвае нечае жыццё...