Выбрать главу

Пятрусь схаваў аповед і забыўся пра яго.

З тых студэнцкіх дзён прайшло ўеяго дзесяць гадоў, думаў Пятрусь, але жыццё крута адмяло тыя сумлівы.

Сёння яму калі і сорамна было б друкаваць гэты аповед, то зусім па іншых прычынах. Бо раз'ехалася па Беларусі большасць ягоных землякоў. З роднае вёскі выгнаў іх Чарнобыль... Няма ўжо і Антаніны Пятроўны: ненадоўга перажыла яна свайго мужа... I гэты аповед цяпер ці не адзіная памяць пра яе. Памяць матэрыяльная — рукапісы не гараць, усміхнуўся Пятрусь — і не параўнаць яе з тымі ўспамінамі, што засталіся ў сэрцах першых вучняў Антаніны Пятроўны і якія сатруцца часам...

«...Потым я сустрэў яе ў бальніцы, дзе ляжаў пасля апендыцыту. Болбш дакладна, не сустрэў, а яна сама да мяне прыйшла. Прынесла яблык. Сядзела побач, нешта гаварыла, супакойвала мяне, хоць я і не хацеў гэтага. Я саромеўся яе. Яна моцна пастарэла. Скура зрабілася цёмна-карычневай, бы негрыцянскай, але, зразумела, не ад загару. Твар быў густа ўзараны зморшчынамі. Сіні бальнічны халат нязграбна вісеў на худых плячах. Левую руку яна ўвесь час падтрымлівала правай перад сабою... Я слухаў яе і паціху адсоўваўся да сцяны... «Мама прыходзіла?» — спытаў сусед па ложках, калі яна выйшла. I мне стала брыдка за свой нядаўні сорам...

Лячылі яе доўга. Так: то дома, то ў бальніцы жыла яна некалькі гадоў. У вёсцы заставаліся трое яе дзяцей. Старэйшай дачцэ — Светцы — было гадоў чатырнаццаць. Расла яна прыдуркаватай, недаразвітай: ці не з-за п'янак Іванавіча. I зараз твар яе перада мною — пукатыя вочы, слінявыя губы... У школу яна пахадзіла класаў пяць, але так і не навучылася ні чытаць, ні пісаць. Яе пераводзілі з класа ў клас толькі таму, што маці была настаўніца. А потым Антаніна Пятроўна пакінула Светку дома, не пусціла больш у школу. I гуляла яна днямі з маленькімі дзецьмі ў іхнія гульні.

Тады ўжо жыў з імі Прымак. Прыблудны, мажліва, з мясцінаў Антаніны Пятроўны мужык. Ен для мяне так і застаўся Прымаком, без імя і прозвішча. Нават знешне быў ён вельмі непры-емны: маленькая галава з такім невысокім ілбом, што валасы, здавалася, раслі проста ад броваў; крывыя ногі, быццам знарок выгнутыя колам; шыя доўгая, з вялікім кадыком, які, калі Прымак гаварыў ці піў, торгаўся, як затвор у аўтамаце.

Аднойчы ноччу, калі Антаніна Пятроўна была ў бальніцы, п'яны Прымак прыйшоў у пакой Светкі і лёг да яе ў ложак. Спачатку важкасць і цяпло ягонага цела спадабаліся Светцы, а потым «каханне» стала для яе яшчэ адною гульнёю, гуляць у якую трэба было абавязкова, і яна часта засынала так, не даслухаўшы Прымако-выя ласкі да канца.

Вярнуўшыся з бальніцы, Антаніна Пятроўна ў першы ж вечар пра ўсё здагадалася і таму не здзівілася, калі Прымак спаць пайшоў да дачкі. Не стала яна крычаць і злаваць, а моўчкі адвярнулася да сцяны, затулілася ў падушку і праплакала да раніцы.

Як пра «гульні» Светкі й Прымака дазналіся ў вёсцы — не ведаю. Можа, Прымак дзе па п'янцы пахваліўся, можа, Светка... Але папаўзлі ад лавачкі да лавачкі чуткі-пагалоскі. Асабліва калі ў Светкі акругліўся жывот, быццам яна пад спадніцу пачала падушку хаваць, як артысткі ў кіно. Спакойна і цярпліва перанесла Антаніна Пятроўна і ўсё далейшае, аж да нараджэння ўнука. Быццам змірылася са сваім лёсам ці стамілася жыць. Толькі яшчэ больш яна пастарэла і схуднела за гэты год, уцягнулася ў плечы яе шыя і апусціліся долу вочы...

Вось і ўсё, што мне раптам прыгадалася сёння, калі я ўбачыў Антаніну Пятроўну з вакна сваёй хаты,— дамоў я прыехаў на канікулы. Яна йшла па супрацьлеглым баку вуліцы, і пусты рукаў яе вынашанай, выцвілай жакеткі, купленай яшчэ Іванавічам, трапятаў на ветры, нібы хацеў адарвацца. Чырвоныя гумавыя боты білі па худых лытках, і было нават чуваць: хлоп-хлоп-хлоп... Яна некуды спяшалася і хутка знікла за паваротам вуліцы, але той хвіліны, што бачыў я яе, мне хапіла, каб успомніць усё гэта.

Яна яшчэ працуе. Вучыць дзяцей. Яна не можа без працы. Без гэтае працы. Бо іншую яна ўжо не зможа рабіць, нават фізічна... Колькі разоў раней мы, яе вучні, спрачаліся са старэйшымі і меншымі суседзямі — чыя настаўніца лепшая (было й такое). I нязменна перамагалі. Супернікі прысаромлена замаўкалі, убачыўшы ці проста прыгадаўшы Антаніну Пятроўну. А зараз... А сёння...