Выбрать главу

Выкрыкі суседа звычайна заканчваліся хутка. Цётка Саша, пачуўшы, што з'явіўся «хадзяін», у чым была выбягала на ганак, хапала мужа за каўнер і цягнула ў хату, злосна прыгаворваючы:

- Зноў напіўся, паскуда... Крычыш як рэзаны на ўсё сяло. Пасмешышча робіш...

Дзядзька нешта мыкаў у адказ і пакорліва тэпаў у хату. На двары заставалася толькі «двухскарасная цяглавая сіла» — кабыла Машка. Не раз так і начавала яна тут, запрэжаная, забытая ўсімі.

* * *

Раніцай дзядзька быў зусім іншы. Хмель выходзіў у сне. Прачынаўся ён раненька ад моцнай смагі. Піў адзін за адным некалькі кубкаў халоднай з начы вады. Смага адыходзіла, але ўсім целам авалодвала ламота і нясцерпны сверб: пахмяліцца. Аднак цётка Саша гарэлкі яму не давала. Не давала і грошай. Дзядзька Мі-кіта хуценька, як мог, зашпільваў дрогкімі рукамі гузікі і абягаў суседзяў у пошуках пахмелу. Забягаў ён і да нас. Праўда, рэдка. Хата нашая, напэўна, была для яго апошняй надзеяй, і ён пакідаў яе пад канец.

- Іванаўна,— гаварыў Мікіта з парога маці,— паглядзі, як рукі дрыжаць, растуды іх. Які ж з мяне сёння работнік. Выручай. А я табе, можа, гной як вывезу, можа, поле з'араю...

Маці адмовіць яму не магла. Як хвораму. Хоць і баялася цёткі Сашы. З рублём, зацятым у дрыготкім кулаку, дзядзька Мікіта лёгка, як радасны хлапчук, выбягаў з хаты і імчаў у краму.

У тую раніцу я хварэў і ў школу не пайшоў. Рабіць не было чаго, я ляжаў на печы і чытаў. Хадзіў я тады ці то ў першы, ці то ў другі клас і чытаў яшчэ ўголас. Толькі прашамкаў бяззубым ротам некалькі слоў, як па чарзе прамільгнула ў вокнах ватоўка дзядзькі Мікіты, потым глуха застукалі ў сенцах яго боты-кірзавікі, і дзверы адчыніліся.

- Урокі робіш? — спытаў дзядзька, убачыў-шы мяне.— А мамка дзе, на рабоце ўжо?..

Я кіўнуў.

Дзядзька нервова прайшоўся па хаце. Я, зразумела, ведаў. што яму трэба, але сказаць не мог. Баяўся і саромеўся. Адначасна.

Ад парога дзядзька вярнуўся назад. Ісці яму не было куды.

- Паслухай, Віцька...— пачаў казаць ён, ды раптам моцна зморшчыўся, нібы ад болю, і замоўк. Потым махнуў у мой бок рукой і павярнуўся да выхаду.

- Дзядзька Мікіта,— нерашуча прамовіў я,— пачакайце...

Ен запытальна павярнуўся да мяне. А я кінуўся ў суседні пакой, схапіў сваю скарбонку і стаў трэсці яе над сталом. Дзірка ў ёй была вялікая, капейкі лёгка выкочваліся, звонка дзынкалі, кружыліся па стале, падалі на падлогу.

- Бярыце, у мяне іх шмат...

Дзядзька ціха глядзеў на мяне слязьмі. Потым прысеў наўколенцы і пачаў збіраць капейкі на падлозе. Яны не слухаліся яго, цесна прыціскалі-ся да дошак. Дзядзька балюча шкрабаў пальца-мі, сілай, нібы прысмактаныя, адрываў манеты, падаваў мне. За іншымі ганяўся па падлозе, як за жывымі, і капаў, капаў на іх месцы плямкамі слязін.

Не памятаю, ці ўзяў ён тады ў мяне што-небудзь, але з таго дня мы сталі з ім сябрамі.

* * *

Дзядзька працаваў на ферме. Яны з цёткай Сашай выкармлівалі гурт цялят. Сілас, муку, буракі, сена, подсціл для іх вазіў дзядзька на Машцы. Гэта было ягонай асноўнай справай. I цяпер я пачаў прыбягаць да яго пакатацца. Часам прыносіў дзядзьку цукерку ці яблык. Мікіта Кандратавіч, калі гэта быў яблык, браў яго сваімі вялізнымі пальцамі, уважліва разглядваў, быццам выбіраў месца адкусіць, а затым акуратна абціраў аб свае бліскучыя, зашмальцаваныя штаны і — клаў у кішэню. Каб пазней аддаць яго з такімі словамі, што ад-мовіцца мне будзе — ну ніяк нельга:

— Бяры-бяры, еш, а то піська расці не будзе...

Пакуль дзядзька накідваў на воз смуродзісты сілас, я бегаў да недалёкай, доўгай, як хлеў, сцірты і награбаў абярэмак-другі жоўтай труб-каватай саломы. Дзядзыса браў яе, акуратнай касматай шапкай клаў на верх воза. Потым абдымаў мяне рукамі пад пахвы і садзіў у «куб-ло». Так называў ён тую самую салому наверсе воза, а мяне, адпаведна, «бусляняткам». I, нарэшце, даваў мне лейцы. Я, як умеў, цмокаў, крычаў «но!» і тузаў шлейку. Машка не слухалася мяне: стаяла і перабірала вялікімі рухавымі губамі сена ля сваіх ног. Дзядзька падыходзіў і ляпаў ёй па спіне. Машка зрушвала воз. Парыпваючы і павіскваючы, ён паслухмяна поўз за кабылай. Выязджаць з кармавога двара праз нешырокія дзверы я ніяк не мог навучыцца. То тузаў-паварочваў Машку зарана, то — занадта позна. I калі я ў чарговы раз чапляў воссго за шулу, ды так, што воз, нібы жывы, ледзь не скідваў мяне са сваёй спіны, дзядзька Мікіта не вытрымліваў: