Пачатак канцэрта патануў у размовах, грукаце дзвярэй — уваходзілі тыя, хто спазніўся. Песні змянялі адна другую. Поспех нарастаў, як нарастае лязгат гусенічнага трактара, што набліжаецца. Тоўсценькія, лысаватыя артысты пелі самыя папулярныя песні пра каханне. Моладзь на «галёрцы» — так вядучы назваў тыл клуба — «балдзела», гучна пляскала і крычала «біс!», як у горадзе. Падпітыя трактарысты, пад шумок, мацалі дзевак, садзілі іх сабе на калені, а тыя, быццам не заўважалі гэтага, слухалі «канцэрт». Потым амаль незаўважна круцілі задам, уладкоўваліся зручней. I з часам на тварах такіх пар бачылася нейкая адлучанасць ад усяго. I ад канцэрта...
Канцэрт скончыўея хутка — як пачаўся. Ужо стаяў на сцэне ля мікрафона старшыня калгаса і дзякаваў артыстам ад імя праўлення, парткома, прафкома, камсамольскай арганізацыі, ужо казалі яму і ўсім, што нідзе не сустракалі такіх «за-ме-ча-тельных зрителей», калі ў залу ўбег чырвоны, збянтэжаны хлапчук і нерашуча выкрыкнуў: «Пажар!.. Пажар!..» Нехта рагатнуў: «Га-рым!» Паднялася паніка. Хлапчука зацёрлі, забылі, так ні пра што і не распытаўшы. Бабы з віскам кінуліся да дзвярэй, і імгненна там утварыўся шчыльны людскі корак, які так нікога і не выпхнуў вонкі. У клубе стала душна і нават запахла дымам.
- Таварышы! — не крычаў, прасіў старшыня.— Без панікі! Жанчын і дзяцей спачатку выпускайце!
Ды ніхто яго не слухаў. Словы патанулі ў жаночым і дзіцячым віску. Я кінуўся да дзвярэй запозна і цяпер стаяў пасярод клуба разгублены і абыякавы да ўсяго. Побач на крэсле плакаў хлапчук, што сказаў пра пажар. У гэткім шуме і гвалце нельга было думаць, разважаць. Можна было бегаць і крычаць ці стаяць як слупу. Я стаяў і ўсім целам адчуваў, што вось-вось упадзе на галаву падгарэлая страха...
На сцэне бегалі, штурхаліся артысты. Нарэшце нехта з іх схапіў зэдлік і з усяго маху шпурлянуў у вакно. Старэнькая рама з хрустам вылецела, артыст скочыў услед. У голым праёме забіўся, затрапятаў, як пусты рукаў калекі, кавалак фіранкі. Старшыня азірнуўся і...
- Ферма гарыць, людзі!.. Спыніцеся, ферма-а гарыць, не клуб... Ферма-а!..— закрычаў ён і кінуўся да выхаду, раздзіраючы натоўп, расштурхоўваючы людзей направа і налева.
Усё гэта, ад пачатку панікі, працягвалася, можа, паўхвіліны, можа, менш. Я апамятаўся, агледзеўся, прабег па зале і выскачыў у акно. Ад удару аб зямлю ногі мае падагнуліся, з-пад іх пырснула шкло, рукі ўціснуліся ў вострую зямлю, сталі мокрымі і забалелі.
Пачуцці цалкам вярнуліся да мяне. I, як мага хутчэй, я пабег да фермы.
Гарэў бліжэйшы да вёскі хлеў. Хлеў дзядзькі Мікіты. Жоўтыя, тоўстыя языкі полымя лізалі сцены далёкага краю, падсвечвалі шыферны дах. Агню было яшчэ не шмат, але ўсё роўна ён быў страшны. Калі я падбег да хлява, старшыня ўжо біў нейкай жалезінай па замку. Дзверы торгаліся, быццам нехта дапамагаў яму з таго боку. Мыканне, як доўгі стогн, неслася адтуль.
— Цяляты там, цяляты згараць,— адплёўваю-чыся ад едкага ружовага дыму, што прасоч-ваўся скрозь шчыліны, размазваючы слёзы па брудным твары, гаварыў старшыня. I біў, біў, біў... Побач святлелі прыадчыненыя маленькія дзверы, праз якія хадзілі ў хлеў даглядчыкі, але іх зараз было б мала. I старшыня з апошніх сіл лупіў па замку. Ен яшчэ доўга ўчэпіста трымаўся, а потым нечакана і лёгка ўпаў пад ногі.
Дзверы затрашчалі, падаліся наперад, а потым рэзка расчыніліея — я ледзьве паспеў адскочыць — і выдыхнулі дым, а разам з ім кінуліся з хлява цяляты. Жудасная, мыкаючая сіла адштурхнула мяне, балюча выцяла па нагах. «Затопчуць!» — спужаўся я і на карачках, па-сабачы, папоўз абы далей ад дзвярэй, ад страху. Побач гэтаксама поўз старшыня. Абарваны і брудны, ён усміхаўся мне: вось, маўляў, якая нам з табой падзяка выйшла — ледзь не затапталі. Гальштук ягоны валачыўся па гразі.
Мы ўсталі і пайшлі да людзей. Яны збіліся ў гурт метраў за сорак ад пажару. Агонь адбіваўся-трапятаў на іх тварах, блішчэў у вачах, гуляў на нейлонавых куртках.
- Дзе вартаўнік? — спытаў старшыня.
- А хрэн яго ведае!..— адказаў адзін з мужыкоў. Да старшыні кінулася заплаканая жанчына.
— Мікіта мой там,— сказала яна, і я пазнаў цётку Сашу.— Ад яго загарэлася... Спасіце, людзі, спасіце!..
I тут з'явіўся вартаўнік.
- Няма яго там, не раві,— вартаўнік быў п'яны і заспаны,— хіба што запаліў і схаваўся дзе. А там яго няма, ведаю, разам пілі...
Цётка не верыла, хапалася за рукі старшыні, падала на калені і галасіла:
— Там ён... там ён... там ён...
Але вярнуцца да хлява было ўжо немагчыма. Шыфер напаліўся і пачаў страляць, то раз-пораз, то цэлымі чэргамі, гучна тахкаючы па блізкіх дрэвах і дахах. Заплакаў і нехта ў натоўпе. I стала зразумела, што толькі з вёдрамі ды баграмі агонь не патушыць.